Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня трэба са мной па-беларуску размаўляць»


Анатоль Санаценка, «Вяртаньне на Радзіму»; вершы, пераклады, зацемкі.

«Як можна вярнуцца туды, адкуль не зьяжджаў? — піша ў першых радках сваёй прадмовы аўтар. — Можна. Яшчэ як можна. Але трэба растлумачыць. Я, рускамоўны, нарэшце вярнуўся на Радзіму сваіх продкаў зь іх 700-гадовым родавым гербам „Касьцеша“. На Радзіму мовы. У Айчыну. У Беларусь. У Вялікае Княства Літоўскае. Доказам — гэтыя вершы».

З Анатолем я пазнаёмілася ў пачатку 2000 году, падчас супрацы ў газэце «Рабочы Бабруйска». Тады ён не пісаў па-беларуску, нават на дзьвюх мовах не спрабаваў пісаць, а ў беларускамоўным асяродку выглядаў на расейскага інтэлігента дэмакратычных поглядаў, які беларушчыны ня ганіць, але й не сказаць, што надта да яе цягнецца, прынамсі, зьнешне. Ці мы тады яго проста недастаткова ведалі? А мо пазьней здарылася нешта надзвычайнае, што радыкальна паўплывала на сьветапогляд?

Між тым сам аўтар у сваіх зацемках сьцьвярджае, што любоў да роднага прыйшла да яго яшчэ ў школьныя гады, пры канцы 1980-х, празь беларускую літаратуру. Але з часоў Адраджэньня мінула амаль два дзесяцігодзьдзі, цяперашнім часам у сталым узросьце прыходзяць да роднай мовы альбо дзьвюхмоўныя, зьвязаныя з культурай, пісьменствам, што сумняваліся, не адважваліся раней, або зусім далёкія ад гуманітарнае сфэры людзі, затурканыя працай і побытам, якія ў мінулым ніколі не сустракалі беларускамоўных аднадумцаў, пра існаваньне беларускай культурніцкай прасторы наўпрост ня ведалі, а, здаралася, і мовы ў школе не вывучалі.

Аўтар «Вяртаньня на Радзіму» да такіх не належаў, таму гэтая мэтамарфоза надта зьдзівіла і ўразіла ня толькі мяне. Аднак мушу падтрымаць свайго земляка, абараніць ад папрокаў, кшталту: «Дзе ён быў дваццаць гадоў? Чаму толькі цяпер прачнуўся?»

Магчыма, Бог бачыў, што тады і без Анатоля апантаных хапала.

Ня ўсё можна растлумачыць рацыянальна. Магчыма, Бог бачыў, што тады і без Анатоля апантаных хапала. Дарэчы, багата тых, хто ўспароўшыся зьнянацку, ізноўку заснуў, ужо без надзеі на абуджэньне. Калі жыцьцё ня склалася, яны цяпер наогул ня кажуць уголас пра свае беларускія гады праз расчараваньне ў ідэі або сорам за сябе сёньняшніх. Каму пашчасьціла трохі болей, прыгадвае, нібы падлеткавыя выбрыкі: так маўляў, было дзела, і па-беларуску размаўляў, і на мітынгі хадзіў, а яшчэ прагульваў фізыку і да кацінага хваста бляшанку чапляў. Дзякуй богу, за розум узяўся. Цяпер усё, як у людзей: машына, пасада, кватэра...

Так адразу і ня сьцяміш: насамрэч у юнацтве адны прыгоды шукаў? У сталасьці надта абачлівым зрабіўся? Проста плыве па жыцьці, як трэска ў балеі — паўсюль выпадковы госьць?

Анатоль Санаценка абудзіўся, калі іншыя паснулі. Зрэшты, як сьведчыць сам аўтар, тут не абышлося без містыкі. Зьвернемся да вытрымак зь ягоных эсэ:

Анатоль Санаценка абудзіўся, калі іншыя паснулі.

«У восьмай клясе на ўроках белліту мы праходзілі творчасьць Багдановіча... Прачытанага ў падручніку мне не хапіла. Я стаў шукаць ягоныя вершы, яго кнігі... Але ў продажы іх не было. Толькі ў перакладзе на рускую мову. А пра інтэрнэт тады ніхто і ня чуў...

Але я так тады закахаўся ў творчасьць Максіма, што мне не хацелася зь імі расставацца. Быў месяц травень, я сыходзіў са школы — паступаў у мастацкае вучылішча, трэба было здаваць кнігі назад — савецкай дзяржаве. І вось перад іх здачай я вырваў з падручніка беларускай літаратуры дзьве старонкі зь вершамі Максіма...» (эсэ «Мой Багдановіч»)

«Шмат гадоў быўшы кніжнікам, беспасьпяхова чакаў, калі ж у мясцовыя кнігарні прывязуць „Вянок“ Багдановіча. Не дачакаўся...

Купіў — ужо яго збор твораў — у музэі імя яго праз 25 гадоў пасьля гэтага.

І вось, калі кнігі Багдановіча зьявіліся ў маёй бібліятэцы, я сам стаў пісаць па-беларуску...

Значыць, усе гэтыя гады мяне вяла зорка Максіма Багдановіча.
І я нарадзіўся.» (эсэ «Я нарадзіўся»)

Нарадзіўся для сваёй бацькаўшчыны. Даведаўся пра сваіх продкаў, усьвядоміў сябе іх нашчадкам, беларусам:

«Калі я размаўляю па-беларуску
У мае жылы ўваходзіць сама Гісторыя
Я раблюся шляхетным — у шляхетным
адзеньні —
Як таму і трэба быць,
Як і наканавана лёсам...»
(Калі я размаўляю па-беларуску)

Некаторыя вершы, створаныя пад уражаньнем асабістага адраджэньня, літаральна дыхаюць рамантыкай і апантанай узрушанасьцю, нібыта напісаныя паэтам-юнаком у 90-я гады:

Любая гаворыць мне: «Не трэба
Са мной па-беларуску размаўляць».
А нада мною бацькаўшчыны неба —
Па-беларуску зоркі зіхацяць...

Захапляюся шчырасьцю пачуцьцяў аўтара і паэтычнымі вобразамі, аднак зь ягоным стаўленьнем да герояў не магу пагадзіцца. Яна не выклікае сымпатыі. Ён — спачуваньня. У адказ хочацца выгукнуць: «Хіба табе, хлопча, сваіх дзевак няма? На халеру такая здалася. Няхай ідзе туды, дзе па-свойму не гамоняць. Мо тамака і падбярэ хто!»

Дарэчы, на старонках «Вяртаньня» ёсьць месца не толькі лірыцы, а й роздуму:

Невядома нам, што з намі будзе,
Што было — мы ведаем дакладна...
Гэта тое, што заўсёды людзям
Як сьвяточны ўспамін калядны...
Праплыве ізноў перад вачыма
Летуценьнем, мрояю з далечы,
Той духмяны кветнік, што, магчыма.
Зноў душу як у дзяцінстве лечыць...

У разьдзеле «Жартачкі пра сябе і іншых» сустракаем самаіронію, якая шмат каму не пашкодзіла б:

Самаэпіграма

Няма мяне ў літаратуры,
Няма дзе-небудзь у жыцьці.
Што гэта? Сьмерць усёй культуры?
Не, цяжкасьці ў разьвіцьці.

Вядома ж, пісьменьнік зрабіў свой выбар на карысьць роднай мовы і культуры ня так даўно: у тэкстах трапляюцца русізмы, спасылкі на клясыкаў расейскай літаратуры суседнічаюць з матывамі беларускага песеннага фальклёру. Але гэта можна прабачыць за тую натхнёнасьць, зь якой ён імкнецца давесьці сьвядомасьць ды непарушнасьць свайго выбару: проста і даходліва, без залішняга патасу і блытаніны, распавядае пра ўласны радавод, прысьвячае верш земляку-палітвязьню Яўгену Васьковічу.

Для перакладаў абірае вершы Гіёма Апалінэра, маці якога паходзіла з беларускага шляхецкага роду Кастравіцкіх, а родавы маёнтак Дарожкавічы на Наваградчыне быў канфіскаваны расейскім урадам пасьля паўстаньня Каліноўскага.

Разьвітаньне

І сарваў я галінку верасу
Бачыш мёртвая восень вакол.
На зямлі мы ўжо не сустрэнемся
Вось пах часу, пах верасьня верасу
Я чакаю ў суквецьці вякоў.

Чытаю ўпадабаны пераклад, і перад вачыма зусім ня Францыя, а жоўты пясочак узьлескаў Бабруйшчыны, колішнія стаптаныя людныя бальшакі, цяперака травою і верасам пазарослыя.

«Вяртаньне на Радзіму» запрашае чытачоў захлынуцца ў віры разнастайнасьці чалавечых пачуцьцяў, адчуць подых незабыўных 90-х, а таксама пераконвае — покуль не скончыўся твой жыцьцёвы шлях, вярнуцца дадому ніколі не позна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG