Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тыдзень беларускага мысьленьня пачнецца з выставы Cogito Albarutheniae


З 19 па 25 верасьня ў розных гарадах Беларусі, ад Менску да Астраўца, пройдзе Тыдзень беларускага мысьленьня.

Першай і цэнтральнай яго падзеяй мае стаць выстава «Cogito Albarutheniae („Мысьлю Беларусь“). Панарама беларускага мысьленьня». Яна адкрыецца яшчэ да пачатку Тыдня, 16 верасьня, а 19-й гадзіне ў менскай прасторы «Корпус 8», і будзе працаваць да 25 верасьня.

Адзін з ініцыятараў выставы, кіраўнік аддзяленьня філязофіі і літаратуры Беларускага Калегіюму Валянцін Акудовіч кажа, што нідзе ў сьвеце больш ня ладзіцца сьвята ўласнага мысьленьня. Калі яшчэ 30 год таму выразы «беларускае мысьленьне» і «беларускі філёзаф» гучалі ледзь не як аксюмаран, а беларуская думка ігнаравалася ці душылася любымі ўладамі, то пасьля развагаў 1980-х, ад пачатку 1990-х беларуская думка выбухнула вялікай колькасьцю інтэлектуальных пэрыёдыкаў, часопісаў, зборнікаў, анталёгіяў ды энцыкляпэдыяў. Выстава дазволіць пабачыць і ацаніць гэты фэномэн і пераканацца, што Беларусь — краіна мысьляроў.

У адкрыцьці выставы таксама возьмуць удзел Тацяна Вадалаская, Ігар Бабкоў, Валер Булгакаў, Сяргей Дубавец, Ірына Дубянецкая, Уладзімер Мацкевіч, Уладзімер Някляеў, Сяргей Санько, Тацяна Шчытцова. Імпрэза пачнецца з выступу музычнага гурту EVAND.

У час самога Тыдня імпрэзы, прэзэнтацыі, чытанкі, лекцыі, дыскусіі, круглыя сталы і ролевыя гульні пройдуць у Менску, а таксама ў Берасьці, Віцебску, Гомелі, Горадні, Магілёве, Бабруйску і Астраўцы. Поўную праграму тыдня можна паглядзець тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG