Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі б партыя загадала, я б здала свой дэпутацкі мандат»


Ганна Канапацкая

Ганна Канапацкая

У перадачы «Інтэрвію тыдня» — новаабраны дэпутат Палаты прадстаўнікоў, сябра АГП Ганна Канапацкая. Яна адказвае на пытаньне, як будзе шукаць агульную мову з дэпутацкай большасьцю, тлумачыць, ці ёсьць гарантыя, што яна ня стане праўладнай, і разважае пра тое, ці гатовая маральна да таго, каб апынуцца ў цэнтры ўвагі крытыкі. Зь ёй гутарыў Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Наколькі я ведаю, вы 15 верасьня едзеце ў загадзя заплянаваны адпачынак. У якую краіну, калі не сакрэт?

Канапацкая: Гэта не сакрэт. Я еду ў Нямеччыну.

Цыганкоў: Я вось чаму зьвяртаю на гэта ўвагу. Тое, што вы едзеце ў даўно заплянаваны адпачынак, кажа, што вы наўрад ці цьвёрда разьлічвалі, што ў вашым жыцьці наступіць такая важная перамена, якая адбылася на выбарах. Скажыце, калі вы адчулі, што перамога ў акрузе можа адбыцца?

Канапацкая: Усе гэтыя два месяцы я з камандай працавала на тое, каб гэтая перамога была. Мы адпрацавалі ад першага да апошняга дня кампаніі. Але канчаткова пра перамогу я даведалася, вядома, толькі 11-га ці нават 12-га верасьня.

Цыганкоў: Сярод аналітыкаў, камэнтатараў гучаць меркаваньні, што вам удалося прайсьці ў Палату менавіта дзякуючы таму, што вы былі ў акрузе разам з Тацянай Караткевіч. Маўляў, улады вырашылі пакараць яе з асаблівым цынізмам, адпомсьціць за тое, што не павіншавала Лукашэнку зь перамогай на прэзыдэнцкіх выбарах. І таму дапусьцілі, каб на яе акрузе выйграла іншая апазыцыйная кандыдатка. Ці вы згодныя з гэтай вэрсіяй?

І калі б былі сумленныя і адкрытыя выбары, ні ў кога б не было сумневаў у нашай перамозе.

Канапацкая: Я ня буду адказваць за дзеяньні трэціх асобаў. Пытаньне помсты трэба адрасаваць ня мне. Я ж чарговы раз хачу падкрэсьліць, што мы разам з камандай адпрацавалі гэтую кампанію «на знос». Мы правялі шмат сустрэчаў, разнастайных камунікацыяў зь людзьмі.

І калі б былі сумленныя і адкрытыя выбары, ні ў кога б не было сумневаў у нашай перамозе. Тады, магчыма, і гэтых пытаньняў не было б.

Цыганкоў: Нейкі час ваша партыя АГП вырашала, ці варта вам прымаць гэты дэпутацкі мандат. І ў выніку пастанавілі, што можна. Але б калі партыя вырашыла, што вы не павінны прымаць мандат з дыктатарскіх рук — ці адмовіліся б вы ад дэпутацтва?

Канапацкая: Я партыйны чалавек, я ў партыі ад 1995 году. Мяркую, што ў такім выпадку я, безумоўна, адмовілася б ад мандату.

Цыганкоў: Але ж у нас мажарытарная выбарчая сыстэма, за вас галасавалі як за асобу выбарцы канкрэтнай акругі. У нас няма выбараў па партыйных сьпісах. І вы адказныя найперш перад выбарцамі, а ня перад партыяй. Складанае пытаньне, ці ня праўда?

Падчас прэсавай канфэрэнцыі пасьля выбараў

Падчас прэсавай канфэрэнцыі пасьля выбараў

Канапацкая: Так, вельмі складанае. І я вельмі ўдзячная ўсім тым калегам, аднапартыйцам, якія мяне падтрымалі. За тое, што яны прынялі разумнае рашэньне — з майго пункту гледжаньня. Падчас дыскусіяў яны паклалі на шалі тыя плюсы, якія дае дэпутацкі мандат. І гэтая шаля пераважыла.

Людзі за мяне галасавалі. Яны галасавалі і за нашу партыйную праграму, за тыя перамены, якія яны хочуць бачыць у краіне. Вядома, было б вельмі няёмка перад выбарцамі, якія прыйшлі на ўчасткі і аддалі за мяне свае галасы.

Цыганкоў: Але ваша абраньне ўжо выклікала пэўную нязгоду ў вашай партыі. Кіраўнік Менскай абласной арганізацыі АГП Віктар Малочка заявіў Свабодзе, што на знак пратэсту пакіне сваю пасаду. Адна з кандыдатаў у дэпутаты Вольга Маёрава таксама выказала сваю нязгоду. Што вы думаеце з гэтым рабіць, як мяркуеце пераканаць вашых нязгодных аднапартыйцаў?

Ёсьць адказнасьць перад выбарцамі, якім мы далі спадзяваньне на тое, што ў краіне нешта можа зьмяніцца. Большасьць сяброў партыі, Палітрады, дый уся правацэнтрысцкая кааліцыя прынялі гэтае рашэньне наконт майго мандату калегіяльна.

Канапацкая: Я паважаю думку любога чалавека, тым больш сяброў па партыі. Калі яны прынялі такое рашэньне — то гэта іхняе рашэньне і адказнасьць перад сабой і партыяй. Але ёсьць і адказнасьць перад выбарцамі, якім мы далі спадзяваньне на тое, што ў краіне нешта можа зьмяніцца. Паўтаруся, што большасьць сяброў партыі, Палітрады, дый уся правацэнтрысцкая кааліцыя прынялі гэтае рашэньне наконт майго мандату калегіяльна.

Цыганкоў: Вы былі старшынёй менскай гарадзкой арганізацыі АГП. Чаму вас пераабралі, і старшынём стаў Мікалай Казлоў, а вы засталіся проста актывісткай партыі?

Канапацкая: Я не засталася проста актывісткай партыі. Я пайшла на падвышэньне — я цяпер сябра Нацыянальнага камітэту партыі. Мікалай Казлоў — вельмі годны чалавек, ён здолее працягнуць працу зь менскай гарадзкой арганізацыяй.

Цыганкоў: На пачатку 2000-х гадоў у склад Палаты прадстаўнікоў уваходзілі Ўладзімер Навасяд і Юры Марозаў, сябры АГП. Праўда, на момант выбараў яны на патрабаваньне партыі, якая праводзіла байкот, сяброўства прыпынілі. У Палаце нічым асабліва сябе не праявілі, Марозаў увогуле стаў праўладным дэпутатам. У чым гарантыя, што вы не паўторыце такі шлях?

Падчас прэсавай канфэрэнцыі пасьля выбараў

Падчас прэсавай канфэрэнцыі пасьля выбараў

Канапацкая: Перш за ўсё гарантыя — гэта сумленныя выбары і адкрыты сумленны твар партыі. Мы ішлі на выбары з нашай праграмай. Я правяла вельмі плённую працу і магу сказаць, што я перамагла. Я пазыцыянавала сябе як сябра апазыцыйнай партыі, якая прапануе праграму рэформаў. Я пакінула ўсе свае кантакты на ўсіх агітацыйных матэрыялах. І калі мой выбарнік мне патэлефануе або напіша на электронную пошту — «Ганна, вы ідзяце кудысьці не туды», — то гэта будзе гарантыяй таго, што мы задумаемся, што і як рабіць далей.

Цыганкоў: Магчыма, вы ўжо задумваліся пра тое, які стыль зносінаў вам варта выбраць са сваімі калегамі, дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, большасьць якіх праўладныя. З аднаго боку, трэба наладжваць нейкія кантакты з калегамі, не лічыць іх сваімі ворагамі, зь іншага — трэба адстойваць інтарэсы дэмакратычнай супольнасьці. Як вы думаеце вырашаць гэтую дылему?

Мы з камандай зробім дастаткова для таго, каб наш голас у парлямэнце быў пачуты.

Канапацкая: Многія з новых дэпутатаў у парлямэнце — «гаспадарнікі». І для іх не сакрэт, што ў краіне глыбокі эканамічны крызіс, які спараджае шэраг праблемаў. Тут мы можам знайсьці агульную мову. Мы заўсёды адкрытыя як для паплечнікаў, гэтак і для апанэнтаў. Мы спадзяёмся, што мы з камандай зробім дастаткова для таго, каб наш голас у парлямэнце быў пачуты.

Цыганкоў: Звычайна ані самі бізнэсоўцы, ані іхнія дзеці не ідуць у палітыку — і таму, што гэта небясьпечна, і таму, што часам асаблівага стымулу няма. Вы ж з 1995 году ў апазыцыйнай палітыцы, нягледзячы на тое, што ваш тата — даволі вядомы бізнэсовец. Што вас туды штурхае, які ў вас стымул, і як далёка вы гатовыя пасьці ў адстойваньні сваіх прынцыпаў у палітыцы?

Канапацкая: Я вельмі ўдзячная свайму бацьку за тое, што ён выхаваў ува мне такія прынцыпы, якіх ён прытрымліваецца і сам — сумленнасьць, адкрытасьць, прыстойнасьць. Напэўна, тата ў гэтай сытуацыі больш за ўсіх мяне падтрымліваў, верыў у мяне і хацеў, каб у мяне ўсё атрымалася.

Як далёка я магла б пайсьці ў палітыцы? Калі будуць нейкія ганеньні, уціск — я буду прасіць і вас, журналістаў, стаць на нашу абарону. Бо ад усяго гэтага можа быць толькі адна зброя — адкрытасьць. Мы заўсёды будзем распавядаць усё як ёсьць — ад пачатку і да канца.

Цыганкоў: Вы ўвогуле разумееце, што зараз усе погляды на вас, асаблівая ўвага, крытычныя стрэлы (якіх далей будзе толькі больш, я ўпэўнены)? Вы гатовыя да гэтага? Як вы ўспрымаеце такую ўвагу? Адны ў такіх сытуацыях бянтэжацца, іншых — хлебам не кармі. Вы да якой катэгорыі належыце?

Гатовая выслухаць усіх, але раблю свае ўласныя высновы.

Канапацкая: «Тое, што нас не забівае — робіць нас мацнейшымі». Кожны мае сваю думку, я таксама яе маю, гатовая выслухаць усіх, але раблю свае ўласныя высновы. Удзячная свайму бацьку за тое, што навучыў мяне прытрымлівацца сваіх прынцыпаў і быць гатовым да таго,

«...что слово
Твое в ловушку превращает плут,
И, потерпев крушенье, сможешь снова —
Без прежних сил — возобновить свой труд».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG