Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральнік Леанід Кулакоў: Тое, што пра мяне паведаміла прэсавая служба міліцыі, — хлусьня


Леанід Кулакоў
Леанід Кулакоў

Актывіст Леанід Кулакоў, затрыманы міліцыяй увечары пасьля выбараў, праз 3 дні выйшаў на волю з ізалятара на Акрэсьціна.

Кулакоў ужо зьвярнуўся да праваабаронцаў па дапамогу. Актывіст мае намер абскардзіць пастанову Першамайскага суду, паводле якой яго пакаралі 3 суткамі адміністрацыйнага арышту нібыта за непадпарадкаваньне міліцыі.

«Гэта хлусьня, што нібыта мяне затрымалі за расьпіцьцё сьпіртных напояў на вуліцы, як на хлусьні грунтуецца і пастанова аб маім нібыта непадпарадкаваньні. Я буду дамагацца абвяржэньня гэтых зьвестак», — сказаў карэспандэнту Свабоды Леанід Кулакоў.

Паводле сайту менскай гарадзкой міліцыі, «11 верасьня ў 22.50 у сквэры па вуліцы Карбышава Леанід Кулакоў і яшчэ двое грамадзян (мужчына і жанчына) былі затрыманыя супрацоўнікамі Першамайскага аддзелу дэпартамэнту аховы за расьпіцьцё алькагольных напояў і дастаўленыя ў Першамайскае РУУС Менску».

Далей, як сьцьвярджаюць у міліцыі, на затрыманых склалі пратаколы за расьпіцьцё алькаголю ў грамадзкім месцы і за непадпарадкаваньне міліцыі. Затрыманыя мужчыны, паведаміў сайт ГУУС, былі дастаўленыя на мэдычнае асьведчаньне ў выцьвярэзьнік, экспэртыза паказала, што ў іх крыві было каля 1 праміле алькаголю.

У даведцы, якую я бачыў у выцьвярэзьніку, было напісана, што стану алькагольнага ап’яненьня ў мяне не было. І калі нас прывезьлі на Акрэсьціна і прымусілі зрабіць алькатэст, там таксама было нуль алькаголю.

«Гэта хлусьня. У даведцы, якую я бачыў у выцьвярэзьніку, было напісана, што стану алькагольнага ап’яненьня ў мяне не было. І калі нас прывезьлі на Акрэсьціна і прымусілі зрабіць алькатэст, там таксама было нуль алькаголю. Таму судзьдзя Хамутоўскі пакараў нас толькі за непадпарадкаваньне, хоць і гэтага не было», — кажа Леанід Кулакоў.

Вядомы грамадзкі актывіст Леанід Кулакоў быў назіральнікам на 626 выбарчым участку 108 акругі ў Менску. Спадар Кулакоў кажа, што цягам тыдня па некалькі гадзін на дзень назіраў, як на ўчастку адбывалася датэрміновае галасаваньне, а ў асноўны дзень галасаваньня, 11 верасьня, прабыў на ўчастку ад 8 раніцы да 10 вечара. Вось што Леанід Кулакоў сказаў пра падзеі непасрэдна пасьля закрыцьця выбарчага ўчастку:

«Пасьля 10 вечара мы з назіральніцай Маяй Навумавай вырашылі падсілкавацца, бо цэлы дзень былі на нагах і фактычна ня елі. Участак наш быў у школе на вуліцы Сядых. Зайшлі ў краму, набылі паесьці — катлет, смажанай бульбы. У сквэрыку на лаўцы сталі есьці, там жа да нас далучыўся Сяржук Мацкойць, мой сябра. І тут раптам вакол нас узьнікла адразу некалькі міліцыянтаў, пачалі здымаць на відэа, абвінавачваць нас у расьпіцьці сьпіртных напояў. Але напояў у нас не было, і гэта на іхнім відэа можна пабачыць. А што там шмат пустых бутэлек вакол раскідана, дык што зробіш? Мы да гэтага ня мелі дачыненьня», — кажа Леанід Кулакоў.

Адмаўляе назіральнік і абвінавачаньне адносна свайго нібыта непадпарадкаваньня міліцыі.

Сам судзьдзя на маё пытаньне, за што мяне адпраўляюць на 3 дні ў ізалятар, нічога не сказаў пра расьпіцьцё сьпіртных напояў.

«Мяне за руку схапіў міліцыянт, калі я еў з талеркі катлету з бульбай. Кажу яму, што пайду ў машыну, але спачатку дайце даесьці. Замест гэтага ён мяне тузае, хапае за рукі, а потым кажа ў судзе, што гэта я яго хапаў і не падпарадкоўваўся. Вось як было насамрэч. Але судзьдзя Юры Хамутоўскі паверыў, як звычайна, міліцыянту, а ня мне, і пакараў мяне за непадпарадкаваньне. Пры гэтым сам судзьдзя на маё пытаньне, за што мяне адпраўляюць на 3 дні ў ізалятар, нічога не сказаў пра расьпіцьцё сьпіртных напояў».

Чаму, паводле Леаніда Кулакова, праваахоўнікі гэткую увагу аддалі ягонай асобе? У актывіста наконт гэтага дзьве вэрсіі. Паводле першай, яго адмыслова ізалявалі напярэдадні мітынгу пратэсту на Кастрычніцкай плошчы, заплянаванага на 12 верасьня. Леанід зьбіраўся браць актыўны ўдзел у гэтай акцыі. Па-другое, яму маглі адпомсьціць за актыўнасьць пры назіраньні за выбарамі. У прыватнасьці, Леанід Кулакоў распавёў пра тое, як кіраўніца 626 участку, дзе ён назіраў за выбарамі, перадала стос бюлетэняў прадстаўніцы суседняга, 625 участку.

На ўчастку было 2002 выбарцы, а паводле нашых дадзеных прагаласавала толькі 540 чалавек. Астатніх проста прыпісалі, каб паказаць, што выбары адбыліся.

«Гэтыя бюлетэні яўна прызначаліся для незаконнага ўкідваньня», — мяркуе назіральнік. Паводле назіраньняў за выбарамі 11 верасьня Леанід Кулакоў сказаў, што яўка на 626 участку была «нацягнутая ўдвая». «На ўчастку было 2002 выбарцы, а паводле нашых дадзеных прагаласавала толькі 540 чалавек. Астатніх проста прыпісалі, каб паказаць, што выбары адбыліся», — кажа назіральнік.

Леанід Кулакоў плянуе падаць у Першамайскі суд скаргу на пастанову аб адміністрацыйным арышце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG