Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сяргей Законьнікаў: Прыняць ад такой дзяржавы ўзнагароду — як плюнуць сабе ў душу


Сяргей Законьнікаў

Сяргей Законьнікаў

Зорны час часопісу «Полымя» — 1986-2002 гады, калі ягоным рэдактарам быў Сяргей Законьнікаў. А як пачуваюцца літаратурныя часопісы пад кантролем прыўладнага Саюзу пісьменьнікаў? І чаму традыцыйны Дзень беларускага пісьменства нагадвае баль падчас чумы? Пра гэта — у гутарцы з паэтам, якому 16 верасьня спаўняецца 70 гадоў.

— Сяргей Іванавіч, яшчэ сто дваццаць гадоў Оскар Уайльд канстатаваў: «Раней вершы пісалі паэты, а чыталі іх чытачы. А цяпер чытачы пішуць вершы, якія ніхто не чытае». У Беларусі сёньня падобная сытуацыя?

— Калі браць сытуацыю, якая склалася зь літаратурай, то яна нейкім чынам парадаксальная. У савецкі час, помніцца, быў бум на тоўстыя часопісы. Літаратура даходзіла да чытача празь іх, вершы паэты чыталі нават на стадыёнах. А былі і паэты, якія не маглі друкавацца, фактычна, знаходзіліся ў падпольлі. Цяпер жа паэты выйшлі з падпольля — поўная свабода, а ў падпольле пайшлі чытачы. Попыт на кнігу ўпаў. Але трэба не забываць, што ня кожны сёньня можа купіць кнігу. Раней яна каштавала 40 капеек, а пляшка гарэлкі — 2 рублі 87 капеек. А цяпер якія суадносіны? Тры пляшкі можна купіць за адну кнігу! А што тычыцца паэзіі як такой, то мне здаецца, што чалавецтва толькі тым і можа апраўдацца, што прыдумала паэзію. Лепшай формы мовы, чым паэзія, няма.

— На пачатку верасьня ў Рагачове прайшоў традыцыйны Дзень беларускага пісьменства, нават былі ўручаныя ад дзяржавы прэміі за лепшыя кнігі. У інтэрнэце дасьціпнікі жартавалі: «І я быў на Дне пісьменства». А як вам бачыцца сытуацыя — гэта ўсё ж сьвята літаратуры, ці насамрэч — дно (з улікам таго, каму тыя прэміі дасталіся)?

— Сярод прэміяваных у Рагачове быў і мой сябра-аднакурсьнік Мар’ян Дукса. Гэта добры паэт, і я рады, што яму ўручылі прэмію. Іншая справа, што сьвята пісьменства было б дарэчы, калі б кожны дзень мы купаліся ў роднай мове, калі б мова гучала ў школе, ВНУ і на вуліцы. Вось тады, як кульмінацыя ўсяго, было б да месца і сьвята. А калі ў нашай незалежнай краіне мова гучыць толькі зрэдку, калі яна загнаная ў гета, а ўлады адзін раз на год ладзяць дзень пісьменства, дзе ўручаюць прэміі і гавораць, якая ў нас слаўная мова... Якая ж яна слаўная, калі не гучыць у дзяржаўных установах?

— Купалаўскі гусьляр гаварыў: «Гусьлям, княжа, ня пішуць законаў». У нас жа дзяржава па-ранейшаму спрабуе кіраваць літаратурай. Якія вам тут бачацца плюсы і мінусы?

Мяне з пасады галоўнага рэдактара «Полымя» ў 2002 годзе прыйшоў здымаць цэлы ўзвод на чале з генэралам КДБ.

— Практыка, калі дзяржава пэўным чынам уплывае на літаратуру, ёсьць паўсюль. Скажам, пісьменьнік заяўляе, што будзе пісаць раман і дае гарантыю, што напіша. Яму выдаецца, прыкладам, на два гады дзяржаўная стыпэндыя — невялікая, але на хлеб з маслам хапае. У нас падобнай практыкі няма. У нас дзяржава дзейнічае па-другому. Мяне з пасады галоўнага рэдактара «Полымя» ў 2002 годзе прыйшоў здымаць цэлы ўзвод на чале з генэралам КДБ. І я тады ім проста ў вочы сказаў: «Вы банда, якая хоча зьнішчыць часопіс!». Калі мяне і маіх калегаў звальнялі, з таго боку чулася: «Законьнікаў друкуе толькі Быкава, Гілевіча ды іншых няўгодных дзяржаве пісьменьнікаў, а маладых заціскае». Дарэчы, гэта была абсалютная лухта, друкавалі мы ўсё таленавітае, у тым ліку і маладых не забывалі. Прайшло прыкладна два гады пасьля нашага звальненьня, я пагартаў тое ж «Полымя» — дык там адны і тыя ж аўтары — Чаргінец, Скобелеў, Мятліцкі і Гніламёдаў. Гэта клан, які стварыў свой саюз, мае ў сваіх руках часопісы. Я нічога супраць ня маю. Захацелі саюз — стварайце, але ж не ваюйце вы з другім саюзам. А мне неаднойчы гаварылася: «Сяргей Іванавіч, мы па розныя бакі барыкадаў, мы з табой будзем ваяваць не на жыцьцё, а на сьмерць». Замест таго, каб яднаць грамадзтва, прыўладны саюз настроены на вайну. А адзін з чыньнікаў, які яднае грамадзтва, гэта мова. Якая бяз мовы можа быць культура? Тая культура, якая ствараецца сёньня ў Беларусі, гэта невядома што, гэта нейкая эклектыка, нейкае псэўда. Немагчыма ствараць беларускую літаратуру на другой мове. Пішыце па-расейску, на здароўе, але вы ствараеце літаратуру, якая служыць расейскай культуры. Можа, мой падыход трошкі радыкальны, але ён правільны.

Пішыце па-расейску, на здароўе, але вы ствараеце літаратуру, якая служыць расейскай культуры.

— Нядаўна ў інтэрнэце я натрапіў на старонку «Камуністычныя вершы», і там апублікаваныя вашы творы пра партыю і Леніна. Як вы сёньня да іх ставіцеся?

— Тыя вершы былі напісаныя вельмі даўно, калі мы былі пад такім ідэалягічным уціскам, што немагчыма было надрукаваць кнігу без падобных вершаў. Можа, маладым сёньня гэта здаецца неверагодным, але так было. Да такіх сваіх вершаў (дарэчы, іх няшмат) я стаўлюся, як да пустога месца. Што да партыйнасьці, то мне няма чаго саромецца, я подласьці нікому не зрабіў. У партыю ўступіў у 1972 годзе і выйшаў у студзені 1991-га. Калі танкі атакавалі вільнюскую тэлестудыю, і я ўбачыў — пад танкам ляжыць маладая жанчына, а яе чаравічак зьвісае з гусеніцы... А вакол на асфальце плямы крыві... Тою ж ноччу я напісаў заяву аб выхадзе з партыі.

— З партыі раней-пазьней шмат хто выйшаў. Але ніхто зь пісьменьнікаў не адмовіўся ад узнагародаў, што давала тая самая партыя.

— А што вяртаць? Скажам, я атрымаў Дзяржаўную прэмію імя Янкі Купалы ў 1992 годзе — пад бел-чырвона-белым сьцягам і Пагоняй. Атрымаў за кнігу, дзе была надрукавана паэма «Чорная быль», перакладзеная на 8 эўрапейскіх моваў. Раней я атрымаў ордэн «Знак пашаны» — чаму я павінен яго вяртаць? Ёсьць у мяне і замежныя ўзнагароды. Вярхоўны Савет БССР узнагародзіў мяне ганаровай граматай за супрацоўніцтва з кінастудыяй «Беларусьфільм». Між іншым, я свае ардэны так ні разу на пінжак і не начапіў. Адзінае, што насіў, — мэдаль «За выратаваньне тапельцаў». Яшчэ школьнікам я выратаваў чатырох дзяцей і пастановай Вярхоўнага Савету СССР быў узнагароджаны. І калі старшыня райвыканкаму прышпіліў мне той мэдаль на грудзі, я прыехаў у школу і зь ім хадзіў. А пад пахай у мяне быў футбольны мяч, які мне таксама ўручылі. Дык для мяне той мяч быў большай узнагародай, чым мэдаль.

— І цяпер да дзяржаўных узнагародаў дадаюцца «мячы» — прэмія гэтак званай «саюзнай дзяржавы» складае пяць мільёнаў расейскіх рублёў (на сёньня гэта прыкладна 76 тысячаў даляраў).

— Мая Дзяржаўная прэмія была такая, што я на яе змог купіць толькі чаравічкі дзьвюм дочкам і сабе касьцюм. 1992 год — галата была несусьветная.

— А калі б сёньня вам сказалі, што «за вялікія заслугі ў галіне літаратуры і ў сувязі з 70-годзьдзем дзяржавай прынята рашэньне...». Вы прынялі б узнагароду?

Прыняць ад такой дзяржавы ўзнагароду — проста напляваць сабе ў душу. Я такога ніколі не зраблю. Я хачу жыць з чыстай душой.

— Ні ў якім разе! Прыняць ад такой дзяржавы ўзнагароду — проста напляваць сабе ў душу. Я такога ніколі не зраблю. Я хачу жыць з чыстай душой. Паўтаруся, я ў жыцьці нікому нічога кепскага не зрабіў і магу спакойна глядзець людзям у вочы. Я рады, што так мне ўдалося пражыць.

— У № 83 «Дзеяслова» апублікаваны ўрывак з вашай будучай кнігі «Рабскі дзень, вольная ноч». Там апісана гісторыя, як вас яшчэ ў студэнцкую пару моцна падставіў паэт-зямляк (прозьвішча не называецца). Вас тады ледзь не адлічылі з унівэрсытэту. Столькі гадоў прайшло, а такое адчуваньне, што вы таму паэту да гэтай пары не даравалі.

— Я магу назваць імя паэта. Гэта мой сябар Рыгор Барадулін. Ён тады ў газэце «Знамя юности» напісаў пра мяне артыкул, які не адпавядаў праўдзе. Але я яму даўно дараваў, мы ж сябравалі. І сваё сяброўства я шматкроць пацьвердзіў добрымі адносінамі да яго. Рыгор некалькі разоў вяртаўся да тае тэмы: «Сярожка, мяне тады ўвялі ў зман, я ня ведаў». Але за любую рэч, якую ты зрабіў у маладосьці, у сталасьці ці ў старасьці, ты павінен адказваць. Але і дароўваць трэба. Адзінае, чаго я не магу дараваць, гэта подласьць. Я з чалавекам, які ўчыніў подласьць, не хачу мець ніякіх стасункаў.

— Адзін грузін пераплыў пратоку Дарданелы са зьвязанымі рукамі. І мне падумалася — «вось сымбаль твой, забыты краю родны». Ці доўга яшчэ беларусам плыць па рацэ гісторыі са зьвязанымі рукамі?

Сваім жыцьцём і творчасьцю Васіль Быкаў — адзін! — апраўдаў нашу нацыянальную годнасьць.

— Думаю, рукі нам даўно пара разьвязаць. Самім — не чакаць на ласку чужога дзядзькі. Калі ты ўспомніў таго сьмелага грузіна, я прыгадаў Васіля Быкава. Сваім жыцьцём і творчасьцю Васіль Быкаў — адзін! — апраўдаў нашу нацыянальную годнасьць. І ён якраз плыў па рацэ жыцьця са зьвязанымі рукамі. Але нават са зьвязанымі рукамі ён зрабіў тое, чаго не зрабіў бы чалавек з рукамі свабоднымі. А беларусы абавязкова выплывуць, нават калі ім прывяжуць на шыю гіру. Мы неаднойчы выплывалі з самых вірлівых плыняў. Наш стыль не падобны ні на брас, ні на батэрфляй, але мы выплывем.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопісу «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Вядзе аўтарскую праграму «Вольная студыя» на Радыё Свабода.  Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG