Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Я настолькі моцна вагаўся, ці пісаць гэты hard core’авы тэкст пра адно сваё музычнае ўпадабаньне, што ажно тры разы перапытваў у жонкі. І яна тры разы сказала — пішы! Маўляў, гэта такая салодка-салодкая песьня, што робіцца млосна на самую думку пра яе, ну і Гілмар у ёй — непараўнаны...

Значыць, калі сёньня будзе не пад ваш густ, дык ужо ведаеце, хто насамрэч вінаваты, акрамя маёй жонкі... Як кажуць у нас на Падляшшы: vybačajte, što złoho — to ne ja.

Так, надышоў час прызнацца — я люблю опэру! І італьянскую, і францускую, і нямецкую. Калісьці я задрамаў на спэктаклі «Рыгалета» у Нью-Ёрку ў Metropolitan Opera House, але гэта было чвэрць стагодзьдзя таму, і падобнае потым ужо ніколі не паўтарылася. «Рыгалета» я паглядзеў нядрэмным вокам і напралёт у Statní opera ў Празе сёлета, такім чынам ліквідаваўшы свой музычны прабел і замаліўшы грэх маладосьці... І цяпер гляджу са спагадай і разуменьнем мэлямана-вэтэрана, як мая наццацігадовая дачка, падцягнуўшы ногі ў модных туфліках на тэатральнае сядзеньне, дрэмле паміж татам і мамай падчас трэцяга акту «Мадам Батэрфлай»...

Ну але — пра справу. Думаю, мала хто нават сярод самых заядлых опэрных аматараў глядзеў жывую пастаноўку «Шукальнікаў пэрлаў» (Les pêcheurs de perles, 1863) Жоржа Бізэ. «Кармэн» зацьміла ня толькі ўсе ягоныя іншыя опэры, але і ўвесь францускі опэрны рэпэртуар ХІХ стагодзьдзя. Гэтыя «Шукальнікі пэрлаў» таксама вельмі рэдка запісваюць на дыскі. У мяне ёсьць толькі запіс гэтай опэры зь першай паловы 1950-х гадоў — вядома ж, монафанічны і даволі паганай якасьці. Але нават у гэтым запісе выбіваецца адна арыя, якая пачынаецца ад словаў «Je crois entendre encore»... Першы раз я пачуў яе ў выкананьні... рок-музыканта, гітарыста і вакаліста гурту «Пінк Флойд» Дэйвіда Гілмара. У 2001 годзе Гілмар падрыхтаваў гэтую арыю для свайго канцэрту ў Royal Festival Hall у Лёндане. Вось тое выкананьне:

Калі каму важна ведаць, пра што гэтая опэра, той можа знайсьці апісаньне сюжэту ў Вікіпэдыі. Тут я скажу толькі, што канкрэтна ў гэтай арыі адзін з пэрсанажаў, Надзір, прыгадвае сабе, як калісьці надвячоркам ён убачыў прыгожую Лейлу, якая была сьвятаркай нейкай індускай рэлігіі (акцыя адбываецца сярод шукальнікаў пэрлаў на Цэйлёне) і ў якую ён, зразумела, закахаўся. У яе закахаўся і ягоны найлепшы сябар Зурга, ну і самі ўжо адчуваеце — далей пачынаецца тыповая салодка-цягучая хрэнь пра канфлікт паміж мужчынскім сяброўствам і мужчынскім поцягам да саміцы...

Вось Надзір (тэнар) пяе (пераклад мой, больш-менш літаральны):

Здаецца, яшчэ чую
Схаваны пад пальмамі
Яе голас звонкі, мілагучны,
Як галубіны сьпеў.

О чараўніца-ноч,
Боскае захапленьне,
Прыўкрасны успамін,
Вар’яцкі хмель, салодкі сон!

У бляску зорак,
Здаецца, яшчэ бачу,
Як з даўгой яе вуальлю
Гуляе цёплы вецер ночы.

О чараўніца-ноч,
Боскае захапленьне,
Прыўкрасны успамін,
Вар’яцкі хмель, салодкі сон!

Прыўкрасны успамін!
Прыўкрасны успамін!

Часам мне думаецца: як добра, што я ня ведаю ні францускай, ні італьянскай, ні нямецкай моваў настолькі добра, каб разьбірацца ў словах, якія сьпяваюць усе гэтыя опэрныя тэнары, барытоны, альты і сапрана...

Гэтая арыя — «Здаецца, яшчэ чую» — ці не адзіная мэлёдыя з усёй опэры «Шукальнікі пэрлаў», якую мне цікава слухаць. А таму я даю тут яшчэ тры іншыя вэрсіі, гэтым разам у выкананьні прафэсійных опэрных сьпевакоў. Файная песьня ўсё ж, нягледзячы ні на што, праўда?

Лоўрэнс Браўнлі

Рабэрта Алянья

Раланда Вільясон

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG