Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларусь ня выдала журналіста Анамурадава Туркмэністану, ён вызвалены з СІЗА ў Менску і вярнуўся ў Швэцыю


Журналіст Чары Анамурадаў, які мае швэдзкае грамадзянства, быў вызвалены з-пад варты 13 верасьня і ўжо пакінуў межы Беларусі.

13 верасьня інфармаваная крыніца паведаміла Радыё Свабода, што журналіст Чары Анамурадаў, які 18 ліпеня быў затрыманы ў Нацыянальным аэрапорце Менск і чакаў экстрадыцыі ў Туркмэністан, вызвалены і будзе тэрмінова адпраўлены ў Швэцыю. 14 верасьня гэтую інфармацыю пацьвердзіла і Генэральная пракуратура Беларусі. 14 верасьня раніцай Чары Анамурадаў пакінуў тэрыторыю Беларусі і ўжо прыляцеў у Стакгольм.

Дасьведчаная крыніца паведаміла Радыё Свабода, што вызваленьню палітуцекача паспрыяла швэдзкая амбасада ў Менску, МЗС Швэцыі. Дыпляматы здолелі пераканаць Генэральную пракуратуру Беларусі, каб былога грамадзяніна Туркмэністану, якога там перасьледавалі з палітычных прычын і патрабавалі выдаць, не экстрадавалі на радзіму.

18 ліпеня 2016 году былы туркмэнскі журналіст Чары Анамурадаў быў затрыманы беларускімі памежнікамі ў Нацыянальным аэрапорце «Менск» пры ўезьдзе ў Беларусь. Ён спрабаваў уехаць па расейскім пашпарце, хаця мае і швэдзкі. Прычына затрыманьня — Чары знаходзіцца ў міждзяржаўным вышуку, які абвешчаны ўладамі Туркмэністану ў 2006 годзе. З 2003 году Анамурадаў жыве ў Швэцыі, быў палітуцекачом, але даўно атрымаў швэдзкае грамадзянства.

У 1990-х гадах Анамурадаў быў асуджаны рэжымам Ніязава на 18 гадоў зьняволеньня. Ён праводзіў журналісцкія расьсьледаваньні наконт наркатрафіку з Аўганістану. Адбыўшы траціну тэрміну, быў амніставаны. Пасьля гэтага два гады жыў у Менску, потым пераехаў у Прагу, працаваў у туркмэнскай службе Радыё Свабода. У 2003 годзе атрымаў палітычны прытулак у Швэцыі. З таго часу ў Беларусі Чары Анамурадаў не бываў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG