Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У часе электаральных кампаніяў, калі абвастраюцца спрэчкі пра народ і праблемы Беларусі, мне прыходзяць на памяць словы Кастуся Каліноўскага: «Толькі тады, народзе, зажывеш шчасьліва, калі над табою маскаля ўжо ня будзе!»

Некаторыя крыўдуюць на слова «маскаль». Насамрэч крыўдаваць трэба на слова «над». «Над» – гэта значыць, што мы «пад».

У адрозьненьне ад радыкальных змагароў з усімі на сьвеце, я не магу сказаць, што «маскалі» (расейская нацыя) – заганныя ў сваёй сутнасьці. На маю думку, такой ці інакшай нацыю робяць абставіны. Таму ў словах Каліноўскага няма абразы расейцаў. Але чаму мы павінны быць пад імі, а ня самі па сабе?

Між тым, гэтае «пад» выяўляецца на кожным кроку нашага беларускага існаваньня.

Яно – у безумоўным вяршэнстве расейскай мовы – пасьля рэфэрэндуму 1995 году. Нічога ня маю супраць расейскай, як і іншай якой мовы. Але ўсё нутро пратэстуе супраць гэтага «пад», якое ўелася ў наша жыцьцё так глыбока, што нават у польскім кансуляце ў Менску беларусу кажуць: «Кто вам разрешіл заполнять анкету на белорусском языке?»

Яно – у вяршэнстве расейскіх прапагандысцкіх тэлеканалаў над беларускімі, якія і самі, прыгнуўшы галаву, у кожных навінах паведамляюць пра надвор’е на Калыме. Для дзяцей гэта пусты гук, а для тых, хто трохі ведае не такую даўнюю гісторыю, гэта гучыць як «И о погоде в ГУЛАГе».

Яно – у шматстайных маскоўскіх модах, у «моднай» рэдукцыі беларускамоўных, у называньні дзяцей на маскоўскі манер – Стас, Яна, Влад замест сваіх беларускіх – Стась, Яня, Уладзя, у нічым не вытлумачальнай прысутнасьці больш якасных расейскіх прадуктаў у краме – цукру, масла, піва…

«Масква ў галаве», як пяе Кася Камоцкая, сустракаецца паўсюдна і заўсёды, нязьменна прыводзячы да нонсэнсаў і непісьменнасьці. Вось толькі што ў радыё прарэклямавалі: «Новое на Куфаре». Ну ўзялі беларускі куфар за назву папулярнага партала, дык скланяйце яго правільна, у тым ліку па-расейску. Вы ж ня кажаце «на ковёре». І гэта прыклад, выхаплены з плыні тысяч падобных.

У беларусаў у дачыненьні да сябе, свайго жыцьця, народа, краіны быццам прапала астатняя крытычнасьць. Начальства кажа нешта – хай будзе так, тэлевізар сказаў – хай будзе так, людзі гавораць – хай будзе так. Але гэткая атрафія ніколі не бывае бясконцай і бяскрыўдна не сканчаецца.

Сёньняшняя палітыка Масквы вераломная, ідзе міма правіл, міма дамоўленасьцяў. Галоўнае – памеціць тэрыторыю, увязацца ў бойку, падмяшаць табе чаго-небудзь ува што-небудзь, а там разьбярэмся.

«Маскаль над табой» ня толькі звонку. Найбольш цяжкая форма, калі ён унутры. Гэта форма звыклага за шмат гадоў, а таму «нармальнага» і адзіна прымальнага рабства, якое агрэсіўна адмаўляе правы чалавека, гэта значыць, здаровы розум. Жыць «пад» па-свойму ўтульна, адмовіўшыся ад богам дадзенага шчасьця свабоды, якое ведаюць нават птушкі. Адмовіўшыся ад шчасьця роўнасьці ўсіх з усімі і ва ўсім. (Якая ж роўнасьць, калі ты «пад»?) Адмовіўшыся ад шчасьця братэрства, якое даецца праз адчуваньне сябе адзіным народам, адзінай нацыяй.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG