Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Гайдукевіч: Я першы лідэр апазыцыйнай партыі ў «сэнаце»


Сяргей Гайдукевіч. Фота з агітацыйнай перадвыбарчай кампаніі падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году
Сяргей Гайдукевіч. Фота з агітацыйнай перадвыбарчай кампаніі падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году

У Беларусі абраныя чальцы Савету Рэспублікі — верхняй палаты Нацыянальнага Сходу, у склад якой уваходзяць 64 сэнатары.

Працэдура фармаваньня Савету Рэспублікі наступная: мясцовыя саветы (і Менскі гарадзкі) абіраюць 56 асобаў, яшчэ 8 прызначае прэзыдэнт.

У «сэнаце» спрэс кіроўная намэнклятура

Сярод новаабраных сэнатараў — міністар працы і сацыяльнай абароны Мар’яна Шчоткіна, намесьніца міністра юстыцыі Ала Бодак. Яны абедзьве былі абраныя 13 верасьня на пасяджэньні Менскага гарадзкога савету дэпутатаў і цяпер будуць абавязаныя пакінуць свае пасады, бо сэнатарства нельга сумяшчаць з пасадай прэзыдэнта, чальца ўраду, судзьдзі ці дэпутата Палаты прадстаўнікоў.

У Менску таксама абраныя сэнатарамі два загадчыкі мэдычных установаў — дырэктар РНПЦ «Мацi i дзiця» Канстанцін Вільчук і кіраўнік РНПЦ трансплянтацыі органаў і тканак Алег Румо. Сталі сэнатарамі таксама рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Кацярына Дулава, старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч, старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда, амбасадар Беларусі ў Японіі Сяргей Рахманаў. Абсалютная большасьць «сэнатараў» — кіраўнікі прадпрыемстваў і ўстановаў.

Поўны сьпіс чальцоў Савету Рэспублікі можна паглядзець тут.

Савет Рэспублікі ўхваляе прынятыя Палатай прадстаўнікоў праекты законаў аб унясеньні ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь зьмяненьняў і дапаўненьняў, аб яе тлумачэньні, а таксама праекты іншых законаў.

Таксама сэнатары даюць згоду на прызначэньне прэзыдэнтам старшыні Канстытуцыйнага суду, старшыні і судзьдзяў Вярхоўнага суду, старшыні і судзьдзяў Вышэйшага гаспадарчага суду, старшыні ЦВК, генэральнага пракурора, старшыні і сябраў праўленьня Нацыянальнага банку; выбіраюць шэсьць судзьдзяў Канстытуцыйнага суду і шэсьць сябраў ЦВК.

Да паўнамоцтваў Савету Рэспублікі адносіцца таксама разгляд указаў прэзыдэнта аб увядзеньні надзвычайнага становішча, ваеннага становішча, поўнай або частковай мабілізацыі.

Вайтовіч: Навошта нам Савет Рэспублікі?

Старшыня Савету Рэспублікі ў 2000–2003 гадах Аляксандар Вайтовіч ня ўпэўнены, што гэты орган патрэбны такой краіне, як Беларусь:

Аляксандар Вайтовіч
Аляксандар Вайтовіч

«Беларусь — кампактная і аднародная. А дзьвюхпалатны парлямэнт звычайна фармуецца ў вялікіх краінах, дзе рэгіёны моцна адрозьніваюцца. Таму я дагэтуль не разумею, навошта нам Савет Рэспублікі».

Аляксандар Вайтовіч кажа, што беларускі парлямэнт не выконвае сваю самую галоўную задачу — не выступае з прапановамі новых заканадаўчых актаў:

«Перад парлямэнцкімі выбарамі ў СМІ падымалася пытаньне безыніцыятыўнасьці Палаты прадстаўнікоў, якая за папярэднюю чатырохгадовую кадэнцыю ініцыявала толькі тры законы. Дык вось гэта тычыцца ўсяго парлямэнту Беларусі, і характэрна для яго ўжо вельмі доўгі час. Калі на пачатку 2000-х гадоў я быў старшынём Савету Рэспублікі, я некалькі разоў падымаў гэтую тэму і нават параўноўваў Беларусь зь іншымі краінамі. Нават тады атрымлівалася, што ў нас з году ў год проста сьмешная лічба. Можна сказаць, што парлямэнт амаль не працуе. Што, у сваю чаргу, гаворыць пра яго ролю ў палітычным жыцьці краіны. Парлямэнт не абмяркоўвае становішча ў Беларусі, не рэагуе на актуальныя праблемы, не прапануе заканадаўчага рашэньня гэтых праблемаў».

Аляксандар Вайтовіч лічыць, што дзьве прадстаўніцы апазыцыйнай плыні ў новым складзе Палаты прадстаўнікоў маюць магчымасьці агучыць праблемы, якія цяпер актуальныя для Беларусі, але агулам сытуацыя ў ніжняй палаце наўрад ці зьменіцца:

«Два чалавекі са 110 нічога не палепшаць. Усё застанецца так, як было. І ўлады ў гэтым зацікаўленыя. Але насамрэч ад гэтых дзьвюх жанчын будзе залежаць шмат — яна будуць мець магчымасьць агучваць праблемы, якія стаяць перад краінай, каб народ хоць чуў, што нешта адбываецца. Калі гэта ўдасца, калі народ пачуе пра праблемы, пра тое, што прапаноўваюцца шляхі іх вырашэньня, гэта будзе вялікі плюс. Я разумею, што гэтыя дзьве жанчыны ня вырашаць праблемаў, але гаварыць пра іх яны будуць мець права. Але ці выкарыстаюць яны гэтае права, будзе залежаць ад іх саміх».

«Сэнат» патрэбны Лукашэнку як засьцярога ад імпічмэнту, — Класкоўскі

Савет Рэспублікі разглядае выстаўленае Палатай прадстаўнікоў абвінавачаньне супраць прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ва ўчыненьні дзяржаўнай здрады або іншага цяжкага злачынства, прымае рашэньне аб яго расьсьледаваньні і аб адхіленьні яго ад пасады.

Палітычны аналітык Аляксандар Класкоўскі зьвяртае ўвагу на тое, што гэтае паўнамоцтва верхняй палаты — дадатковая гарантыя недатыкальнасьці пасады прэзыдэнта:

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

«Трэба зьвярнуць увагу на тое, як у Беларусі зьявіўся дзьвюхпалатны парлямэнт. Да 1996 году быў аднапалатны Вярхоўны Савет, і гэта было лягічна, бо ў нас кампактная нефэдэральная краіна. Калі Аляксандар Лукашэнка ладзіў рэфэрэндум, каб перарабіць Канстытуцыю, то, магчыма, нехта яму падказаў ідэю дзьвюхпалатнага парлямэнту — каб мінімізаваць рызыкі для пасады прэзыдэнта. У выніку атрымалася так: тэарэтычна і дэпутаты ніжняй палаты могуць абвясьціць імпічмэнт прэзыдэнту, але для гэтага трэба, каб ня толькі большасьць Палаты прадстаўнікоў прагаласавала адпаведным чынам, але і дзьве траціны верхняй палаты. Гэта яшчэ адна страхоўка. Ніякай іншай сэнсоўнай функцыі ў стварэньні Савету Рэспублікі няма, апроч таго, каб у выпадку крызіснай сытуацыі верхняя палата як магільная пліта прыдушыла любую антыпрэзыдэнцкую ініцыятыву».

Аляксандар Класкоўскі дадаў, што Савет Рэспублікі, апроч гэтага, выконвае спадарожную функцыю «ганаровай высылкі для заслужаных намэнклятурнікаў»:

«Гэта добры варыянт для пажылых дзяржаўных чыноўнікаў, якія добра сябе зарэкамэндавалі і якіх на пэнсію яшчэ рана адпраўляць. Чаму б ня даць фармальна вельмі прэстыжную, грашовую пасаду? Гэта падзяка тым людзям, іх такім чынам мякка адпраўляюць на адпачынак. Што да саміх выбараў у верхнюю палату, то, адрозна ад выбараў у ніжнюю палату, тут выбары дакладна адбыліся, бо галасавалі мясцовыя саветы. І натуральна, што ўсё было яшчэ больш прадказальна, бо самі саветы цалкам ляяльныя і паслухмяныя. Не было сумневу, што будуць ухваленыя тыя асобы, якія былі ў сьпісе».

ЛДПБ трапіла ў дзьве палаты

Адзін з новаабраных сэнатараў, старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргей Гайдукевіч кажа, што ва ўрадзе будзе «рухацца паводле зацьверджанай партыяй стратэгіі»:

Сяргей Гайдукевіч
Сяргей Гайдукевіч

«Лібэральна-дэмакратычная партыя мае свае прынцыпы, адступаць ад якіх мы ня будзем. У нас будзе паседжаньне вышэйшай рады цэнтральнага камітэту партыі. Мы правядзем глыбокі аналіз парлямэнцкай кампаніі і нашай далейшай стратэгіі».

Сяргей Гайдукевіч сказаў, што пакуль ня можа назваць ініцыятывы, зь якімі будзе выступаць у Савеце Рэспублікі:

«Ніякіх хуткіх заяваў пра тое, якія законы буду прапаноўваць. Я не зь дзіцячага садку, каб расказваць завучанымі фразамі. Так адказваюць толькі тыя, хто нічога не разумее і ня ведае. Мы распрацоўваем глябальную партыйную лінію, пра якую абвесьцім троху пазьней».

Палітык, партыя якога займела па адным месцы ў ніжняй і верхняй палатах (у Палату прадстаўнікоў трапіў намесьнік Сяргея Гайдукевіча Анатоль Хішчанка), ацаніў выбарчую кампанію як «вельмі магутную»:

«Мы паказалі, што ня мусім нічога даказваць. Хоць у колькасным вымярэньні мы не атрымалі таго, чаго хацелі, але нас пабачылі людзі. У сэнат прайшоў першы ў гісторыі парлямэнцкай Беларусі лідэр апазыцыйнай палітычнай партыі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG