Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швэдзкі ілюстратар змагаецца за аўтарскія правы супраць «Адзінай Расеі»


Ілюстрацыі Нільса-Пэтэра Экваля ў газэце «Адзінай Расеі» і у дадатку да The Financial Times

Ілюстрацыі Нільса-Пэтэра Экваля ў газэце «Адзінай Расеі» і у дадатку да The Financial Times

На мінулым тыдні швэдзкі ілюстратар Нільс-Пэтэр Экваль адкрыў электронную пошту, каб прачытаць сьвежы допіс ад незнаёмага адрасата. «Добры дзень! Скажыце, вы прадавалі правы на вашу ілюстрацыю расейскай палітычнай партыі?».

Да ліста быў прымацаваны фотаздымак газэты пад назвай «Створым будучыню разам!». На першай паласе Нільс-Пэтер ўбачыў сваю ілюстрацыю, зробленую тры гады таму для брытанскага выданьня The Financial Times. Мастак зьвязаўся са сваімі знаёмымі ў Расеі і высьветліў, што карцінку зь ягонага сайта (і не адну, а больш за дзесяць) скрала для сваёй перадвыбарнай агітацыі партыя «Адзіная Расея». Прадстаўнік партыі прызнаў крадзеж, але газэта па-ранейшаму распаўсюджваецца.

Аказалася, што газэта «Адзінай Расеі» з малюнкам аўтарства Экваля на вокладцы была надрукаваная і распаўсюджваецца ў Ноўгарадзе. Упершыню гэтая ілюстрацыя была апублікаваная на вокладцы дадатку да The Financial Times ў 2013 годзе. Жыхары Ноўгарада, якiя знайшлі газэту ў сваіх паштовых скрынях і атрымалі яе ў якасьці агітацыйнага матэрыялу на адной з канфэрэнцый «Адзінай Расеі», адразу зьвярнулі ўвагу на дзіўныя для Расеі дэталі малюнка: напрыклад, двухпавярховы аўтобус і левабаковы рух.

Журналісты швэдзкага тэлеканалу SVT датэлефанаваліся да кіраўніка наўгародскага выбарчага штабу «Адзінай Расеі» Рамана Золіна. Ён распавёў, што ілюстрацыя выдадзеная «маленькім накладам» у «маленькім горадзе» ў выглядзе «паштовак», і прапанаваў аўтару малюнкаў зьвязацца зь ім, каб «высьветліць пытаньне». Аднак вельмі хутка аказалася, што гаворка ідзе не пра адну скрадзеную ілюстрацыю, а пра дзясятак, пры гэтым «маленькі наклад» — гэта амаль 150 тысяч асобнікаў, друк якіх аплачаны з перадвыбарнага фонду партыі.

Пасьля гэтай гісторыі Нільс-Пэтэр Экваль усур’ёз зацікавіўся расейскай палітыкай, пачаў чытаць кнігі Ганны Паліткоўскай і цяпер спрабуе прыцягнуць увагу заходніх СМІ да факту крадзяжу сваіх працаў расейскай «партыяй улады». Ён даў інтэрвію Свабодзе, у якім, сярод іншага, сказаў:

Яны фактычна разрабавалі ўвесь каталёг на маім сайце.

Экваль: Спачатку я думаў, што гаворка толькі пра адну ілюстрацыю. Але аказалася, што яны выкарысталі велізарную колькасьць малюнкаў. Яны фактычна разрабавалі ўвесь каталёг на маім сайце. Мала таго, яны абрэзалі ілюстрацыі, ўнесьлі ў іх свае зьмены. Гэта сапраўды грубае парушэньне аўтарскіх правоў, мяне такія рэчы вельмі моцна закранаюць.

РС: Раней з вамі здаралася нешта падобнае? Усе вашы малюнкі выкладзеныя на вашым сайце. Раней іх нехта краў?

Экваль: Так, такое бывала. Але гэта былі або нейкія маленькія кампаніі, або проста прыватныя асобы. Вялікія фірмы або арганізацыі добра ведаюць, што за выкарыстаньне чужых ілюстрацый лепш заплаціць. Так, крадзяжы здараліся, але ў такіх велізарных маштабах гэта здарылася ўпершыню. Мае знаёмыя юрысты зьвярнуліся ў Швэдзкую асацыяцыю ілюстратараў і графічных дызайнэраў, якая дапамагае мастакам абараняць свае аўтарскія правы. Там таксама сказалі, што раней з такім не сутыкаліся.

РС: Вы зьбіраецеся прымусіць «Адзіную Расею» заплаціць за выкарыстаньне вашых твораў? Падаць на іх у суд?

Экваль: Я б не хацеў цяпер пра гэта шмат гаварыць. Я — сябра Рады Швэдзкага цэнтру ілюстратараў, гэта даччыная арганізацыя Асацыяцыі ілюстратараў і графічных дызайнэраў. Яны спэцыялізуюцца на абароне аўтарскіх правоў і складалі мноства такіх пазоваў. У іх, у сваю чаргу, ёсьць цесныя сувязі з міжнароднымі асацыяцыямі ў гэтай галіне, юрыдычнымі фірмамі, якія займаюцца міжнароднай абаронай аўтарскіх правоў.

РС: Яны дапамогуць вам скласьці і падаць пазоў?

Экваль: Думаю, так.

Экваль таксама сказаў, што асоба, якая паведаміла яму аб крадзяжы ягоных ілюстрацый «Адзінай Расеяй», выдаліла сваю паштовую скрыню:

Мне здалося, што ўсе расейцы, зь якімі я меў зносіны пасьля гэтай гісторыі, былі трохі напалоханыя.

«Гэта быў ён або яна — ня ведаю. У лісьце размова была ад жаночай асобы. Яна напісала, што дала мне ўсю інфармацыю, якая ў яе была, што на гэтым яе місія выканана, што калі-небудзь, можа, мы яшчэ сьпішамся, але цяпер яна выдаляе сваю скрыню. Можа быць, гэта хтосьці блізкі да кіраўніцтва партыі. Некалькі журналістаў, зь якімі я меў зносіны, казалі: „Цяпер мы ня можам напісаць пра гэтую гісторыю. Можа быць, пазьней. Але не цяпер“. Мне наогул здалося, што ўсе расейцы, зь якімі я меў зносіны пасьля гэтай гісторыі, былі трохі напалоханыя».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG