Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Туркмэністан зьмяніў Канстытуцыю на карысьць прэзыдэнта


Прэзыдэнт Туркмэністану Гурбангулы Бэрдымухамэдаў

Прэзыдэнт Туркмэністану Гурбангулы Бэрдымухамэдаў

Дэпутаты Мэджлісу, парлямэнту Туркмэністану, 14 верасьня аднагалосна прынялі праект паправак у Канстытуцыю, затым папраўкі падпісаў прэзыдэнт Гурбангулы Бэрдымухамэдаў. Цяпер Канстытуцыя дазваляе прэзыдэнту абірацца пасьля 70 год, а таксама павялічвае тэрмін прэзыдэнцтва з 5 да 7 год.

Бэрдымухамэдаву 59 год, цяпер ён зможа выставіць сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах 2017 году, пайсьці на трэці і далейшыя тэрміны.

Сярод зьменаў у Канстытуцыю ёсьць і папраўкі, якія павінны падвысіць міжнародны імідж Туркмэністану: апісаны падзел галінаў улады, замацаваная шматпартыйнасьць, дэкляраванае ўтварэньне інстытуту ўпаўнаважанага па правах чалавека, а таксама стварэньне ўмоваў для разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці і грамадзкіх аб’яднаньняў, апісаныя роля і правы моладзі.

Туркмэністан кажа, што праект канстытуцыйнай рэформы рыхтаваўся з улікам прапановаў экспэртаў ААН, АБСЭ і іншых міжнародных арганізацыяў.

Канстытуцыйныя рэформы праводзіліся ў Туркмэністане ў 1995, 1999, 2003 і 2006 гадах ранейшым прэзыдэнтам Сапармуратам Ніязавым (Туркмэнбашы). Спачатку падаўжаўся прэзыдэнцкі тэрмін Ніязава, потым ён стаў пажыцьцёвым прэзыдэнтам.

Па сьмерці Ніязава ў 2006 годзе Бэрдымухамэдаў прыйшоў да ўлады ў абыход Канстытуцыі (выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта павінен быў стаць старшыня Мэджлісу, але яго арыштавалі). Пазьней Бэрдымухамэдаў скасаваў пажыцьцёвае прэзыдэнцтва, вярнуў у школы 10-гадовую адукацыю (пазьней — 12-гадовую) і скараціў вывучэньне кнігі Ніязава «Рухнама», змагаўся з праявамі культу асобы Ніязава і ўкараніў больш мяккі культ сваёй асобы. У 2014 годзе Бэрдымухамэдаву паставілі ў сталіцы 6-мэтровы пазалочаны помнік.

Туркмэністан застаецца адной з самых рэпрэсіўных краінаў сьвету, з катастрафічнай сытуацыяй у сфэры правоў чалавека, пісаў Human Rights Watch незадоўга да канстытуцыйнай рэформы:

«Прапанаваная „рэформа“ Канстытуцыі ня абяцае ніякага фактычнага пашырэньня асноўных правоў і свабодаў. Поўная адсутнасьць свабоды СМІ ў Туркмэністане застаецца нязьменнай, — гаворыцца на сайце арганізацыі. — Прэзыдэнт Бэрдымухамэдаў, яго сваякі, а таксама іх партнэры маюць неабмежаваны кантроль над усімі аспэктамі грамадзкага жыцьця. Урад цалкам адмаўляе свабоду асацыяцыяў, выказваньня сваёй думкі і рэлігіі, а краіна закрытая для незалежнай праверкі. Сваякі дзясяткаў людзей, пазбаўленых свабоды падчас хвалі масавых арыштаў у канцы 1990-х і пачатку 2000-х, ня маюць ніякай афіцыйнай інфармацыі пра іх лёс».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG