Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дэпутаткаскептыкі» і ўгодкі канстытуцыйнага перавароту


Севярын Квяткоўскі

Севярын Квяткоўскі

Я б вельмі зьдзівіўся, калі б не пачуў заклікаў да спадарынь Анісім і Канапацкай – адмовіцца ад дэпутацкіх мандатаў. Рэзон просты – выбары нячэсныя, перамогі няма, ёсьць прызначэньне.

Безумоўна, такі падыход маральны.

Толькі вось чалавек на пасадзе «прэзыдэнт» – нелегітымны ад 24 лістапада 1996 году. Неўзабаве дваццацігодзьдзе. Лукашэнка насуперак Канстытуцыі правёў рэфэрэндум, які даў яму неабмежаваныя паўнамоцтвы.

Калі сыходзіць з дадзенасьці канстытуцыйнага перавароту, то належаць да палітычных партый ці грамадзкіх арганізацый таксама амаральна, бо ты гуляеш па нелегітымных правілах.

І тут быў выбар: ці на ўсе дваццаць гадоў сысьці ў адмаўленьне сытуацыі, якая склалася, і жыць паралельным жыцьцём, ці ўсё-ткі прыняць дадзенасьць і спрабаваць штосьці рабіць. У розных умовах і кірунках. Большасьць абрала апошні варыянт.

Алена Анісім і Ганна Канапацкая ведалі, на што ішлі. Можна казаць пра нечаканасьць абраньня Лукашэнкам менавіта іх, але верагоднасьць таго, што кагосьці абяруць, вісела ў паветры.

Ад пачатку ўсе незалежныя гульцы-кандыдаты ведалі, што ўдзельнічаюць у таталізатары. Гэта як бы пайсьці на кастынг у тэлевізійнае шоў.

Гледачам падаецца, што ўсё адбываецца само сабой – рэплікі, заявы, дыскусіі. Насамрэч, за кадрам вялікая праца сцэнарыстаў, рэжысёраў і тэхнічных работнікаў.

Тым ня менш, удзельнікі – не марыянэткі і сваё «я» могуць выявіць, хай сабе маюць для гэтага зусім невялікую магчымасьць.

Другі тып рэакцыі на «апазыцыйных дэпутатак» – «яны нічога ня змогуць зрабіць з сыстэмай».

Як мінімум, яны змогуць агучваць пэўныя рэчы, якія перад тым не трансьляваліся на шырокую аўдыторыю. Вядома, сыстэма ня зьменіцца тут і цяпер, але многія грамадзяне ў Беларусі змогуць пачуць новыя для сябе рэчы.

Таму няма нявыкруткі – заставацца ў Палатцы ці заставацца дысыдэнтам. Нявыкрутка была б, калі б паўстала пытаньне: падманваць ці не? А тут няма падману. Людзі прынялі правілы гульні. Але гэта ня значыць, што далей яны абавязкова будуць статыстамі ў чужой гульні.

Напярэдадні круглых угодкаў канстытуцыйнага перавароту ў Беларусі хачу нагадаць усім «дэпутаткаскептыкам», што трэба быць пасьлядоўнымі ва ўсім.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG