Лінкі ўнівэрсальнага доступу

12 фактаў пра акупаваны Луганск


Руіны Луганскага аэрапорту, Луганская вобласьць, 23 ліпеня 2015 году

Руіны Луганскага аэрапорту, Луганская вобласьць, 23 ліпеня 2015 году

Украінская служба Радыё Свабода ў рубрыцы «Лісты з акупаванага Данбасу» публікуе ліст выкладчыка з Луганску Яны Віктаравай.

«Можна доўга і эмацыйна распавядаць, што зьмянілася за апошнія два гады жыцьця ў Луганску. Можна паспрабаваць зьвесьці ўсе да фактаў, што я і спрабавала зрабіць, абапіраючыся толькі на аб’ектыўныя паказьнікі зьмяненьняў і прыкметы новага жыцьця.

1. На дарогах «рэспублікі» — вялікая колькасьць машын з расейскімі нумарамі. Некаторыя купляюць сабе машыны ў Расеі, але часьцей за ўсё гэта машыны тых расейцаў, хто імкнецца пабудаваць у горадзе свой бізнэс, прывёз тавар ці купіў у Луганску нерухомасьць, карыстаючыся момантам.

2. А вось памер пэнсіяў «абсалютна такі ж», як і да вайны. Калі чалавек у пачатку 2014-га атрымліваў 1100 грыўняў, то цяпер на рукі ён атрымлівае 2200 расейскіх рублёў — праўда, «афіцыйны курс» пералічэньняў грыўні да рубля 1:2. Менавіта па такім курсе разьлічаць жадаючых у супермаркетах. Усім, хто выйшаў на пэнсію пасьля лета 2014 году, у «рэспубліцы» «прызначаюць» мінімальную пэнсію. Кажуць, няма «пэнсійнага фонду» для вялікіх выплат.

Касірка падлічвае банкноты ў прадуктовай краме ва ўсходняй частцы Луганску

Касірка падлічвае банкноты ў прадуктовай краме ва ўсходняй частцы Луганску

3. Як гэта ні дзіўна, бізнэс пры безграшоўі ў большасьці разьвіваецца — у асноўным за кошт грошай знаходлівых расейцаў. Гандаль расейскімі прадуктамі харчаваньня, будаўнічымі матэрыяламі замест звыклых марак усюды. Але ёсьць і мікрабізнэс, калі да зьдзіўленьня саміх прадпрымальнікаў яны пасьля вайны зьмянілі статус найміта ў рынкавым модулі на ўладальніка і прыватнага прадпрымальніка, скарыстаўшыся тым, што многія не вярнуліся, а хтосьці занадта доўга прыглядаўся да сытуацыі. Так адчыняюцца цырульні, калі каапэруюцца некалькі сябровак, арандуюць памяшканьні і праходзяць усе этапы «рэгiстрацыi» ўласнага бізнэсу. Да вайны яны пра такія магчымасьці маглі толькі марыць. Хтосьці, скарыстаўшыся сытуацыяй, пашырыў свой бізнэс за кошт абсталяваньня канкурэнтаў, якое не было магчымасьці вывезьці і яго прадалі за бесцань.

Наогул цяпер нядрэнны час для тых, хто мае бізнэс-ідэю, кемлівасьць і грошы на яе рэалізацыю. А вось уладальнікі буйных гандлёвых сетак апынуліся гульцамі ва ўласныя вароты. Плаціць арэнду памяшканьняў супэрмаркетаў стала немагчымым. Электрычнасьць і ацяпленьне для такой плошчы каштуюць як золата. Усю зіму эканомілі электрычнасьць, не працавалі з менавіта гэтых прычынаў стужкі на касах, не было ацяпленьня ў гандлёвай залі і тэхнічных памяшканьнях. Прадаўцы камэнтавалі якасьць тавару: «Ён сьвежы, але замерз, дома ён адтае і вы адчуеце, што набылі сьвежае». Цяпер сеткі супэрмаркетаў з-за недахопу тавараў і кошту электраэнэргіі і ацяпленьня для камэрцыйных структур перажываюць вельмі складаныя часы. Ідуць з горада тыя вядомыя гандлёвыя сеткі, якія адкрываліся калісьці ў Луганску першымі.

4. У «рэспубліцы» ёсьць адзіны «банк» — «дзяржаўны», які працуе ў памяшканьні сеткі «Ощадбанка». У ім усе «бюджэтнікі» атрымліваюць заробак, плацяць камунальныя плацяжы (іх яшчэ можна аплаціць на «пошце») і атрымліваюць «сацыяльныя выплаты». У гэтым «банку» можна абмяняць валюту.

Банкаматаў у «рэспубліцы» няма. Дакладней яны ёсьць, як атавізм — засталіся ў памяшканьнях банкаў і супэрмаркетаў. Зьняць грошы можна праз «віртуальныя кішэні» і «электронны банкінг» у камэрцыйных «цэнтрах», дзе ахвотна выдадуць грошы з карткі за 5% камісіі ад сумы ў рублях і 6% камісіі ад сумы ў грыўнях. У сэрвісным «цэнтры» можна ўбачыць смутныя абʼявы: «У нас можна пералічыць аплату за рамонт бытавой тэхнікі на карту». Нідзе больш аплату карткай не прымаюць.

5. Наогул, у параўнаньні з ранейшым жыцьцём, шмат чаго няма — інтэрнэт-крамаў, перавозчыкаў, сэрвісаў. Рамонту абсталяваньня можна чакаць паўгода з-за адсутнасьці запчастак, некаторыя рэчы сталі немагчымымі наогул — пераслаць дакумэнты, атрымаць ліст і пасылкі з-за мяжы або гарадоў, якія кантралююцца Ўкраінай.

6. У горадзе ня езьдзяць трамваі. Вядома, на фоне ўсяго гэта дробязі. Але драты патроху раскрадаюцца, на рэйках пасуць коз і звальваюць сьмецьце, а ў трамвайным парку захоўваюць цэглу.

7. Адной з вострых праблемаў у «рэспубліцы» зьяўляецца беспрацоўе. Працаваць за капейкі людзі ня хочуць, а адзінай альтэрнатывай для многіх зьяўляецца «армія». Таму выхад з сытуацыі для многіх адзін — ехаць туды, дзе можна зарабіць. Грантаў, прыватных міжнародных праектаў у «рэспубліцы» не існуе.

8. З мэдыцынай сытуацыя неадназначная. Ёсьць «гуманітарка», якой лечаць «вайсковых», але ўсе астатнія купляюць лекі, як і раней. Лекі замаўляюць усім, хто прыяжджае з украінскіх гарадоў, лекі замаўляюць у мясцовых аптэках. Лекі — дэфіцыт. Наогул усе, хто едзе з Украіны сюды, вязе грыўню з картак, сала і лекі. Калі яшчэ ёсьць месца, вязуць вопратку, прадукты, мяса, запчасткі, мыйныя сродкі, таму што літаральна ўсё таньней «на вялікай зямлі», чым у Луганску.

9. Мабільную сувязь можна апісаць адзіным словам — дрэнная. Варыянтаў выбару два — «МТС» і мясцовы «Лугаком». Ні «Кіеўстар», ні «Лайф» у «рэспубліцы» не працуюць. Сувязь часта нізкай якасьці, на «дзяржаўныя» сьвяты яе блякуюць. Папаўняюць тэлефонныя рахункі на рынках з рук або ў камэрцыйных цэнтрах.

10. Дабрачынныя арганізацыі і валянтэрскія рухі ў «рэспубліцы» дзейнічаюць, але ад большасьці шараговых жыхароў часта можна пачуць, што ніхто ніколі ніякай дапамогі ні ад каго не атрымліваў. Ёсьць грамадзкая арганізацыя «Мір Луганшчыне», але часьцей за ўсё яе акцыі абмяжоўваюцца паказальнымі мітынгамі, конкурсамі малюнкаў, усяго таго, што дзівіць масавасьцю і мае эфэктны выгляд з тэлеэкрана.

Сьцяг самаабвешчанай Луганскай Народнай Рэспублікі на даху будынка, у якім раней разьмяшчаўся рэстаран Макдональдс у Луганску

Сьцяг самаабвешчанай Луганскай Народнай Рэспублікі на даху будынка, у якім раней разьмяшчаўся рэстаран Макдональдс у Луганску

11. Вялікая колькасьць вядучых лекараў, навукоўцаў, інжынэраў пакінула горад. Хтосьці імкнецца вярнуцца на свае ж працоўныя месцы, хтосьці знайшоў сябе ў іншых гарадах. Але недахоп спэцыялістаў адчувальны.

12. Чалавек можа прывыкнуць да ўсяго. Але ёсьць і тыя, хто не прывыкае да ўражлівых зьмяненьняў якасьці жыцьця і стрэсаў з-за ўзросту і хранічнай хваробы. Апошнім пунктам выносіць павелічэньне колькасьці анкалягічных захворваньняў, захворваньняў сэрца, цукровага дыябэту і сьмерцяў вельмі ня хочацца, хоць гэтыя факты з жыцьця жыхароў «рэспублікі» не зьяўляюцца таямніцай.

Тое, што не забівае нас, робіць мацней. Вельмі хочацца ў гэта верыць.

Яна Віктарава, выкладчыца, г. Луганск".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG