Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БМЗ: Галоўнага сталявара — у дэпутаты, начальніцу лябараторыі — далоў з працы


Вытворчыя падразьдзяленьні БМЗ бачныя здалёку

Вытворчыя падразьдзяленьні БМЗ бачныя здалёку

На пачатку гэтага тыдня начальніцу цэнтральнай заводзкай лябараторыі ААТ «Беларускі мэталюргічны завод» у Жлобіне Алену Барадынцаву звольнілі з пасады.

Наколькі вядома, кіраўніцтва не задавальняла якасьць сталі, якую выплаўляе прадпрыемства. У чым выявілася хібнасьць працы лябараторыі, не паведамляецца. Гэта тым больш дзіўна, бо ня так даўно цэнтральная заводзкая лябараторыя, якую ачольвала Алена Барадынцава, адзначаная ўзнагародай на конкурсе Беларускага дзяржаўнага цэнтру акрэдытацыі — «За высокі ўзровень кампэтэнцыі». Апрача таго, заводзкая лябараторыя стала пераможцай конкурсу ў намінацыі «Найлепшая лябараторная практыка ў галіне выпрабаваньняў прадукцыі машынабудаваньня, транспартных сродкаў». І нямецкі інстытут акрэдытаваў лябараторыю на права правядзеньня праверак кваліфікацыі іншых лябараторыяў і ацэнкі выпрабаваньняў паводле міжнародных стандартаў DIN EN ISO/IEC 17042:2010, ISO Guide 34:2009.

Тым часам галоўнага спэцыяліста сталеплавільнай вытворчасьці Вячаслава Дзьячэнку, кандыдата ад улады, абралі дэпутатам Палаты прадстаўнікоў па Жлобінскай выбарчай акрузе № 40.

Экс-кандыдат у дэпутаты па той жа акрузе ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, былы супрацоўнік БМЗ Марат Афанасьеў дзіву даецца такой «кадравай палітыцы»:

«Першы, хто адказны за якасьць сталі, канечне ж, галоўны спэцыяліст і ўсе тыя, хто рыхтуе шыхту — сумесь і прапорцыі матэрыялаў для выплаўкі сталі. Выглядае, што галоўнага сталявара Дзьячэнку праз выбары выправілі ў „ганаровую ссылку“, а за якасьць сталеліцейнай прадукцыі аддуваецца начальніца лябараторыі».

XS
SM
MD
LG