Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледзтва ў справе Шарамета выявіла будынак, зь якога маглі падарваць ягоны аўтамабіль


Закладка бомбы пaд машыну Паўла Шарамета

Закладка бомбы пaд машыну Паўла Шарамета

Пячэрскі раённы суд Кіева задаволіў хадайніцтва сьледчага ў справе пра забойства Паўла Шарамета, дазволіўшы правесьці агляд аварыйнага будынку, які знаходзіцца паблізу месца здарэньня і зь якога маглі дыстанцыйна падарваць аўтамабіль беларускага журналіста.

Як вынікае з судовай пастановы, у часе вывучэньня тэрыторыі, прылеглай да месца стаянкі аўтамабіля пацярпелага і месца ўчыненьня злачынства, сьледчыя ўстанавілі, што з аварыйнага будынку па адрасе вуліца Івана Франка, 17 злачынцам было б зручна адначасова назіраць за прыпаркаванымі аўтамабілямі побач з домам, дзе жыў Павал Шарамет, і за скрыжаваньнем, дзе аўтамабіль быў падарваны.

«З паказанага месца зламысьніку найбольш зручна дыстанцыйна прывесьці ў дзеяньне выбуховую прыладу, застаючыся незаўважным», — адзначаецца ў рашэньні суду.

Такім чынам, Пячэрскі раённы суд Кіева прыйшоў да высновы аб наяўнасьці падставаў, каб даць сьледчым дазвол на правядзеньне агляду з мэтай фіксацыі, выяўленьня і канфіскацыі рэчаў і дакумэнтаў, якія маюць важнае значэньне для дасудовага расьсьледаваньня справы.

Рашэньне суду разьмешчанае ў Адзіным дзяржаўным рэестры судовых рашэньняў.

Павал Шарамет загінуў 20 ліпеня ў Кіеве ў выніку выбуху аўтамабіля. Паводле папярэдніх вынікаў расьсьледаваньня, дзяўчына і хлопец заклалі самаробную выбуховую прыладу пад машыну напярэдадні ўначы. Паліцыя шукае адзінага сьведку, які ў той час праходзіў побач і мог бачыць абаіх падазраваных. Сьледзтва пакуль не ўстанавіла іх асобаў.

Міністэрства ўнутраных справаў Украіны правяло службовую праверку наконт магчымай датычнасьці кіраўніка крымінальнай паліцыі Вадзіма Траяна да незаконнага сачэньня за Паўлам Шараметам напярэдадні яго забойства, але гэты факт не пацьвердзіўся.

2 жніўня Пячэрскі раённы суд Кіева дазволіў паліцыі доступ да банкаўскага сэйфа ў Ашчадбанку і да рахунку Паўла Шарамета ў Альфа-банку. Паліцыя мяркуе, што ў банкаўскіх дакумэнтах можа знаходзіцца інфармацыя, важная для раскрыцьця злачынства і ўстанаўленьня матыву забойства.

2 верасьня кіраўніца Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Хація Дэканаідзэ заявіла, што сьледзтва працягвае вывучаць відэазапісы з камэраў назіраньня і дапытваць сьведак, але ня мае вялікага прарыву. У той самы дзень стала вядома, што Пячэрскі раённы суд Кіева марудзіць з разглядам больш як 20 хадайніцтваў праваахоўнікаў пра атрыманьне санкцыі на доступ да тэлефонных размоў Паўла Шарамета, дазволу на правядзеньне ператрусу і іншае.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG