Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шкодны дарадчык» і «шклоўскі жаўранак»


Віктар Жыбуль

Віктар Жыбуль

Віктар Жыбуль

Напэўна, многія з нас ведаюць і любяць памятныя яшчэ з савецкіх часоў мульцікі «Кацяня Гаў», «38 папугаяў», «Вушасьцік і яго сябры», «Малпачкі». Сцэнары да іх напісаў Рыгор Остэр — расейскі пісьменьнік, здольны глыбока адчуць дзіцячую псыхалёгію, забавіць юную аўдыторыю дасьціпнай гульнёю словаў і рознымі парадаксальнымі ідэямі, якія падрослы ўжо чытач-глядач будзе часам узгадваць і ў сталым веку. Напрыклад: «І куды ж падзелася мая сантымэтровая стужка? Хоць ты бяры і вымярай гэтую сьценку ў папугаях!»

Рыгор Остэр. Здымак Дзьмітрыя Ражкова

Рыгор Остэр. Здымак Дзьмітрыя Ражкова

Пазьней Остэр набыў вядомасьць як аўтар «Шкодных парадаў», якія таксама хутка зрабіліся клясыкай і разыходзяцца вялізнымі накладамі. Магчыма, многім дзецям сапраўды прасьцей і весялей засвойваць жыцьцёвыя правілы не праз традыцыйныя, часта напоўненыя маралізатарствам і дагматызмам парады, а праз такую вось «пэдагогіку ад супрацьлеглага».

У сеціве пачытаць некаторыя з гэтых вершаў можна ня толькі ў арыгінале, але і ў беларускім перастварэньні Тацяны Паповай. Бачачы відавочную сувязь з традыцыяй літаратуры нонсэнсу, перакладчыца перадала іх назву як «Бязглуздыя парады». Вось адна зь іх, такіх парадаў:

Калі вырашыў сястрычку

Толькі жартам напужаць,

А гаротная па сьценцы

Уцякае басанож,

Значыць, жартачкі такія

Не даходзяць да яе,

І таму ня варта класьці

Ў тапці ёй жывых мышэй.

Але часам Тацяна Папова відавочна пасваволіла, паспрабаваўшы аздобіць вершы Остэра сучаснымі беларускімі тэмамі:

Ты гісторыю краіны

Сваёй роднай не вучы.

Ну каму, скажы, цікава,

Што даўным-даўно было?

Бо гісторыю самому

Можна лёгка прыдумляць

І расказваць потым байкі

Невукам такім, як сам:

«Жыў-быў у Піцеры Скарына

І газэты друкаваў».

Піша Р. Остэр і бязглуздыя парады для дарослых:

Если ты весь мир насилья

Собираешься разрушить,

И при этом стать мечтаешь

Всем, не будучи ничем,

Смело двигайся за нами

По проложенной дороге,

Мы тебе дорогу эту

Можем даже уступить.

Карацей, вядомы, аўтарытэтны і запатрабаваны аўтар, які ў галіне сучаснай расейскай дзіцячай літаратуры можа спаборнічаць па папулярнасьці хіба што са стваральнікам славутага «Чабурашкі» Эдуардам Усьпенскім. І, напэўна, не было б нічога дзіўнага ў тым, што машынапісы некаторых твораў Рыгора Остэра патрапілі і ў Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва. Не дзівіла б гэта, калі б не адна акалічнасьць: захоўваюцца тыя тэксты ў фондзе нашага таленавітага паэта Анатоля Сербантовіча, які, як вядома, заўчасна памёр яшчэ ў 1970-м, маючы няпоўных 29 гадоў. Остэр на той момант быў яшчэ маладзейшы: усяго 22. Юны і мала каму вядомы. Ні «Кацяняці Гава», ні «38 папугаяў» (прынамсі, выдадзеных і экранізаваных), ні, пагатоў, «Бязглуздых парадаў». І ўвогуле — яшчэ ніводнай кніжкі. Але нешта ў творчым багажы ўжо і было:

Веселися, Василиса,

Аль не этого хотела?

Холодеет среди леса

Твоего Кощея тело.

Он лежит среди тумана,

Не вздохнуть ему, не встать,

И булатный меч Ивана

Загнан в грудь по рукоять...

Гэта — адтуль, з фонду А. Сербантовіча (Ф. 248, воп. 1, адз. зах. 151, арк. 21). Атрымліваецца, свой цыкл «Сказки России» Остэр напісаў яшчэ тады, на пачатку творчага шляху.

Анатоль Сербантовіч. 1966 г. (БДАМЛМ. Ф. 248, воп. 1, адз. зах. 148, арк. 2).

Анатоль Сербантовіч. 1966 г. (БДАМЛМ. Ф. 248, воп. 1, адз. зах. 148, арк. 2).

Але ня менш уражвае тое, што малады Остэр перакладаў творы нашага земляка на расейскую мову. Рукапісы гэтых перакладаў таксама захаваліся ў БДАМЛМ. «Музыка», «Рыбак», «Нямыя размаўляюць пальцамі...», «Упаду, упаду...», «Стэпавая дарога», «Калі праменьнямі азалацілася», «Ты мне верыш. І нашто мне болей...», «Мэтэарыты — быццам людзі...», «Помніш, як з табой шукалі выйсьця...», «Палегла стража з крыкам хрыплым...». Усё гэта — вершы зь першай кнігі А. Сербантовіча «Азбука» (1966).

Вокладка першай кнігі А. Сербантовіча «Азбука» (Менск, 1966). Мастак Пятро Драчоў.

Вокладка першай кнігі А. Сербантовіча «Азбука» (Менск, 1966). Мастак Пятро Драчоў.

У цэлым Остэр падышоў да справы творча і адказна, выбраўшы ня тыя тэксты, якія найлягчэй перакласьці, а тыя, якія спадабаліся яму паводле сэнсу, ідэі — філязофскую лірыку. Ён перакладаў, зусім не намагаючыся трымацца даслоўнасьці і эквірытмічнасьці, і часам у яго атрымлівалася нават афарыстычней і ляканічней, чым у Сербантовіча. Вось арыгінал аднаго зь вершаў:

* * *

Калі праменьнямі азалацілася,

У сонца маладога на вачах

Зямля ганчарным кругам закруцілася,

І час над ёй схіліўся, як ганчар.

Ляпіў людзей. Над формаю стараўся.

І раптам гучны крык пачуў і шум.

Прыслухаўся ганчар і здагадаўся,

Што не зьляпіў прыгожую душу.

І зноўку над зямлёю ён схіліўся,

Нядоўга думаў, як яму тут быць.

Так уцягнуўся ў працу, што забыўся

Ён форму прыгажэйшую зрабіць.

І так заўсёды, колькі ні стараецца,

Усё ў яго заканчваецца тым:

То ён зусім на форму забываецца,

То забывае на душу зусім.

У перакладзе:

* * *

Земля в гончарной мастерской

Вращалась кругом.

Мастер — Время —

Лепил из глины голубой

Людское взбалмошное племя.

Работал мастер.

Струи жил

Текли вдоль рук.

Но все напрасно:

Он форму вылепил прекрасно,

А душу в глину не вложил.

В сердцах он глину смял,

И вот

Опять работа зазвенела.

И — снова плохо:

дух цветет,

Но угловатым вышло тело.

Нет, мастер рук не опускает,

Но длится так с начала дней:

То форма —

не сыскать страшней,

То дух сквозь пальцы протекает.

(Ф. 248, воп. 1, адз. зах. 123, арк. 3 — 3 адв.)

З канцоўкай Сербантовіч не пагадзіўся — мабыць, занадта гучнай і экспрэсіўнай яна яму падалася. Апошнія радкі ён перакрэсьліў, паправіўшы на больш памяркоўна-стрыманае «То он на сердце забывает, / То форма — не сыскать трудней», а зь першай страфы прыбраў эпітэт «взбалмошное» — мабыць, паэт пабачыў у ім непажаданае адценьне грэблівасьці. Такая вось працоўная спрэчка аўтара зь перакладчыкам адлюстравалася і на іншых аркушах з рукапісамі, а таксама ў тэкстах перакладаў, асобна перапісаных ад рукі ўжо самім Сербантовічам.

Анатоль Сербантовіч. «Метеориты – словно люди...», «Год войны. Измученные лица...». Пераклад на расейскую мову Рыгора Остэра. Аўтограф перакладчыка з праўкамі аўтара (БДАМЛМ. Ф. 248, воп. 1, адз. зах. 123, арк. 8 адв.).

Анатоль Сербантовіч. «Метеориты – словно люди...», «Год войны. Измученные лица...». Пераклад на расейскую мову Рыгора Остэра. Аўтограф перакладчыка з праўкамі аўтара (БДАМЛМ. Ф. 248, воп. 1, адз. зах. 123, арк. 8 адв.).

Вядома ж, беларускага дасьледчыка і чытача цікавіць пытаньне: што ж яднала іх, «шкоднага дарадчыка» Рыгора Остэра і нашага «шклоўскага жаўранка» Анатоля Сербантовіча — двух такіх, здавалася б, розных паэтаў? Дзе іх шляхі маглі перакрыжавацца? Зірнем біяграфіі і аднаго, і другога.

Анатоль Сербантовіч з восені 1966 г. знаходзіўся ў творчых камандзіроўках у Запаляр’і, Казахстане, на Ўрале і Далёкім Усходзе, пакуль не вярнуўся ў 1969 г. зноў у Менск. А Рыгор Остэр акурат тады ж, у 1966-1969 гг., праходзіў службу на Паўночным флёце на Кольскім паўвостраве, працаваў у флёцкім тэатры, у газэце «На страже Заполярья» (г. Севераморск), займаўся ў Мурманскім літаратурным аб’яднаньні. Усё сьведчыць пра тое, што там, за Палярным колам, маладыя паэты і пазнаёміліся. Але найлепей пра гэта сказаў бы сам Рыгор Остэр. Можа, яшчэ і скажа.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG