Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя «пракаціла» давераную асобу кандыдата з Кобрына ў Баранавічы


Аляксандар Мех

Аляксандар Мех

Сам кандыдат у дэпутаты Аляксандар Мех мяркуе, што яго і Рыгора Грыка затрымлівалі, каб ня даць паехаць на Плошчу ў Менск.

Кобрынская міліцыя затрымала 12 верасьня кандыдата ў дэпутаты на парлямэнцкіх выбарах, сябра аргкамітэту «Руху за незалежнасьць» Аляксандра Меха і яго давераную асобу Рыгора Грыка.

Як распавядае Мех Свабодзе, ён з Грыкам ехаў у банк закрываць выбарчы рахунак. Да машыны, дзе сядзеў Грык, падышоў начальнік кобрынскай крымінальнай міліцыі Генадзь Кулік і «запрасіў» у аддзяленьне. Грыка пачалі апытваць пра пікет у Кобрыне, выпісалі позву. Іх зь Мехам адпусьцілі на паўгадзіны, каб закрыць рахунак, затым кандыдат з памочнікам вярнуліся ў міліцыю.

Рыгор Грык

Рыгор Грык

Міліцыянты затым выдалі позву і Меху — на апытаньне сьведкам па пікетах. Калі Грыка павінны былі па законе адпусьціць, за ім прыехалі міліцыянты з Баранавічаў — Ігар Місюра і Андрэй Хоміч. Нягледзячы на нязгоду Меха, Грыка вывезьлі ў Баранавічы, каб апытаць і там. Па дарозе міліцыянты абяцалі накарміць Грыка, які мае праблемы са здароўем, але не зрабілі гэтага і не аказалі мэдычную дапамогу. Грык апынуўся ў Баранавічах без усіх рэчаў, без акуляраў і вопраткі.

Ніякіх абвінавачаньняў кандыдату і даверанай асобе ня выставілі. Мех кажа, што перад выбарамі міліцыя «не чаплялася» да ягоных з Грыкам пікетаў, якіх яны ладзілі па 2–3 на дзень.

«Пэўна, яны маглі затрымаць Рыгора толькі на тры гадзіны, затрымалі ў Кобрыне з 12 гадзіны, а мяне з 15 гадзіны, а каб падоўжыць тэрмін затрыманьня, забралі Рыгора ў Баранавічы, — кажа Мех Свабодзе. — Мэтай гэтага прэвэнтыўнага затрыманьня было тое, каб мы з Рыгорам не паехалі ў Менск на акцыю пратэсту па гэтых выбарах».

* * *

На Кобрынскай акрузе перамогу залічылі кандыдату Васілю Дземідовічу, дырэктару Кобрынскага палітэхнічнага каледжу. ЦВК піша, што за Меха прагаласавалі 17,2% выбарнікаў (чацьвёрты вынік сярод апазыцыянэраў пасьля Канапацкай, Анісім і Дабратвора). Разам зь ім і Мехам таксама балятавалася кандыдатка ад БСДП(Г) Натальля Галаніна. Мех таксама спрабаваў балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах-2015, але зьняўся на карысьць Някляева.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG