Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Беларуская мова — не сувэнір. На ёй трэба гаварыць». У Магілёве аднавіліся курсы «Мова Нанова»


Спраўдзіць веданьне беларускай мовы, засвоіць новыя словы да пагутарыць па-беларуску ў грамадзкі цэнтар «Кола» прыйшлі больш за тры дзясяткі чалавек. У адной аўдыторыі за «партамі» сядзелі вучні ад дзятвы да людзей сталага веку.

Трэці год моўных курсаў пасьля вакацыяў адкрылі Тацяна і Галіна Турандзіны. Сёлета Тацяна пайшла ў першую клясу зь беларускай мовай навучаньня. Першаклясьніца і яе мама былі гасьцямі моўных заняткаў.

Для мовы патрэбнае асяродзьдзе

Па словах Галіны, дачка была ўражаная, пабачыўшы колькі людзей гаворыць на беларускай мове.

«Тацяна запытала, ці гэтыя людзі ўсе гавораць па-беларуску. Пачуўшы станоўчы адказ, была дужа зьдзіўленая. Яна ніколі ня бачыла ў адным месцы столькіх беларускамоўных людзей. Для Тацяны гэта дужа важна, бо яна ўвачавідкі пабачыла беларускае жыцьцё і асяродзьдзе», — казала маці першаклясьніцы.

Сама Тацяна моўчкі назірала за працаю аўдыторыі.

Госьця курсаў Галіна Турандзіна

Госьця курсаў Галіна Турандзіна

Для таго, каб авалодаць мовай, патрэбнае асяродзьдзе, даводзіла, нібы падслухаўшы гутарку з Галінай, выкладчыца курсаў Марыя Лук’янава. Паводле яе, толькі адзінкі здольныя вывучаць мову, седзячы над падручнікамі ў самоце.

«Большасьць жа людзей шукаюць асяродак, — казала яна. — Курсы „Мова Нанова“ і фармуюць гэты асяродак. Людзі прыходзяць, з большым ці меншым посьпехам убіраюць у сябе пэўны пласт ведаў, камунікуюць між сабой, і ў іх зьнікае адчуваньне моўнага вакуўму. Людзі рознага веку, розных прафэсіяў, розных інтарэсаў — разам ствараюць атмасфэру моўнай натуральнасьці, і гэта дужа важна».

Ня ведаць беларусу мову — сорамна

На працягу дзьвюх гадзінаў наведнікі курсаў шукалі беларускія адпаведнікі расейскамоўным словам, фармулявалі нескладаныя фразы, засвойвалі веды дыктоўкай. У аўдыторыі панавала разьняволенасьць, вучні жартавалі, падказвалі адзін аднаму.

Першаклясьніца Тацяна Турандзіна

Першаклясьніца Тацяна Турандзіна

«Я імкнуся больш даведацца беларускіх словаў ды палепшыць сваё маўленьне», — гэтак выказаў свой інтарэс да моўных курсаў адзін з наведнікаў. Хлопцу даспадобы нестандартнае навучаньне мове на курсах. «У каледжы, дзе я вучуся, атмасфэры разьняволенасьці няма. А тут усё па-простаму», — кажа ён.

«Калі разумееш, што мала ведаеш пра сваю краіну, то становіцца сорамна», — працягнула гутарку сяброўка суразмоўніка. Дзяўчына наведалася на курсы ўпершыню. Пра іх існаваньне даведалася ад сябра. «Вырашыла, што трэба схадзіць на іх, — сказала яна. — У маім асяродзьдзі няшмат людзей, якія гавораць па-беларуску. Мая сям’я наагул расейскамоўная. Няма з кім пагаварыць на беларускай мове».

Вучым гаварыць па-беларуску

На курсы прыходзяць людзі ад дзесяці да шасьцідзесяці гадоў, заўважыў адзін з выкладчыкаў, настаўнік беларускай мовы Юрась Каласоўскі. Гэта спэцыфіка нашай працы, кажа ён.

І малады, і стары спасьцігаюць глыбіню беларушчыны

І малады, і стары спасьцігаюць глыбіню беларушчыны

«Кожныя заняткі мы працуем па розных тэмах. Мы паглыбляем слоўнікавы запас сваіх вучняў, падахвочваем іх гаварыць між сабой, з настаўнікамі, у сваім асяродзьдзі на жывой беларускай мове. Каб яны разумелі, што беларуская мова — гэта не сувэнір, які ёсьць у кожнага, але мы ім не карыстаемся. Мы знаёмім вучняў з сучаснымі беларускімі тэкстамі, працуем зь перакладамі. Заахвочваем гаварыць», — даводзіў асноўную задачу моўных курсаў Юрась Каласоўскі.

Разам з моладзьдзю вучыцца гаварыць па-беларуску і старэйшае пакаленьне. Гэта катэгорыя наведнікаў курсаў спакайнейшая. Не адказаўшы на пытаньне настаўнікаў, сарамліва апускае вочы ці шукае падтрымкі ад аднагодкаў.

Як за мову, дык нацыяналістка

«Я цікаўлюся беларускай мовай, таму і прыйшла на курсы», — кажа наступная суразмоўніца. Пра курсы яна даведалася ў сацыяльнай сетцы. На думку жанчыны, да беларушчыны больш прыхільна ставіцца моладзь.

Выкладчыкі на курсах: Марыя Лук’янава і Юрась Каласоўскі

Выкладчыкі на курсах: Марыя Лук’янава і Юрась Каласоўскі

«Людзі майго пакаленьня лічаць, што расейская мова ім бліжэй, — кажа суразмоўніца. — А моладзь цягнецца да беларускай мовы. Гэта заўважна. Мне ня хочацца адставаць ад моладзі, таму і прыйшла падвучыцца».

Яшчэ адна наведніца курсаў, жанчына сталага веку, прыгадала, як напрыканцы перабудовачных савецкіх часоў, яе называлі нацыяналісткай. На заводзе, дзе яна працавала, шмат было прыежджых спэцыялістаў, якія варожа ставіліся да ўсяго беларускага.

«Тады пачалі ўздымаць пытаньне, каб уся дакумэнтацыя была на беларускай мове, і гэтыя спэцыялісты як адзін былі супраць. Я ім спрабавала давесьці, што яны жывуць у Беларусі, і іхняе патрабаваньне, каб усё было расейскамоўным, недарэчнае. За гэта яны мяне называлі нацыяналісткай. Я разумела, што цяжка вывучыць тэрміналёгію, але ўсё роўна лічу: калі ты жывеш у Беларусі, то мусіш і гаварыць па-беларуску», — казала, хвалюючыся, пэнсіянэрка.

Вучні моўных курсаў

Вучні моўных курсаў

Сплаў маладосьці і мудрасьці дапамагае авалодаць мовай

Юрась Каласоўскі пагаджаецца, што ня проста весьці заняткі з вучнямі рознага веку.

«Трэба знаходзіць заданьні, каб яны былі цікавымі старым і маладым. Вось напрыклад, як сёньня. Заданьне з цукеркамі для дзяцей і звычайныя раздаткі зь перакладамі для дарослых. Але разам з тым такая рознаўзроставая аўдыторыя дужа добра між сабой супрацоўнічае. Дзеці ўносяць у працу жвавасьць, актыўнасьць, пазытыў, а дарослыя ўзбагачаюць дзяцей сваімі ведамі, сваёй мудрасьцю. Гэты сплаў ідзе толькі на карысьць курсаў», — адзначае выкладчык.

Вучні за працаю

Вучні за працаю

«Мая мара — навучыцца прыгожа гаварыць на беларускай мове. У маёй цяперашняй гаворцы дужа шмат русізмаў», — прызналася яшчэ адна наведніца курсаў.

«Я жыву ў Беларусі, я беларуска і люблю беларускую мову, — дадала дзяўчына. — У мяне ёсьць сябры, якія гавораць па-беларуску, таму і я не адзіная, хто жыве беларускасьцю».

У школе ня вучаць гаварыць па-беларуску

«Мне таксама падабаецца беларуская мова», — далучылася да гутаркі сяброўка суразмоўніцы.

«У школе вучаць беларускай мове па правілах, і ўсе гавораць на расейскай мове. Для таго, каб загаварыць па-беларуску, патрэбнае атачэньне і жаданьне. Цяжка яшчэ пераадолець закамплексаванасьць. Для многіх нязвыкла чуць у жыцьці беларускую мову, таму цяжка наважыцца загаварыць па-беларуску», — выказалася дзяўчына.

«У школе ёсьць практыкаваньні, як у нас на курсах, але там практыка скіраваная ўсё ж на вывучэньне моўных правілаў, спражэньняў, скланеньняў, — кажа Юрась Каласоўскі. — Ёсьць у школах і заняткі на маўленьне, але ім не надаецца столькі ўвагі, колькі ў нас».

Заняткі «Мова Нанова» завяршыліся аповедам Галіны Турандзінай пра клясу, у якой разам з Тацянай вучыцца Эвеліна Самойленка. Паводле госьці курсаў, праблемаў з навучаньнем у дзяўчатак няма.

Абвестка пра моўныя заняткі

Абвестка пра моўныя заняткі

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG