Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клінтан заяўляе пра паляпшэньне стану свайго здароўя


Гілары Клінтан зьявілася на публіцы празь некалькі гадзінаў пасьля інцыдэнту, калі адпачыла ў доме сваёй дачкі ў Нью-Ёрку, 11 верасьня 2016 году

Гілары Клінтан зьявілася на публіцы празь некалькі гадзінаў пасьля інцыдэнту, калі адпачыла ў доме сваёй дачкі ў Нью-Ёрку, 11 верасьня 2016 году

Кандыдат на пасаду прэзыдэнта ЗША ад Дэмакратычнай партыі Гілары Клінтан заяўляе, што хутка акрыяла і адчувае сябе нашмат лепш пасьля «галавакружэньня» і страты раўнавагі падчас жалобных мерапрыемстваў у Нью-Ёрку па ахвярах тэрактаў 11 верасьня 2001 году.

«Я адчуваю сябе нашмат лепш, і, відавочна, я павінна была атрымаць адпачынак раней», — сказала дэмакратычны кандыдат, прызнаўшы, што ігнаравала «вельмі мудрую параду» свайго лекара зрабіць перапынак на пяць дзён пасьля ўсталяваньня 9 верасьня дыягназу «пнэўманія».

Гілары Клінтан 11 верасьня праз паўтары гадзіны пасьля пачатку цырымоніі раптоўна пакінула паніхіду па ахвярах тэрактаў у Нью-Ёрку. Гэта адбылося на фоне анамальнай для гэтай пары году сьпёкі, якая мінулымі днямі фіксавалася на поўначы Атлянтычнага ўзьбярэжжа ЗША.

Праз хваробу Клінтан адмяніла плянаваную раней на 12 і 13 верасьня перадвыбарчую паездку ў штат Каліфорнія.

Прыхільнікі суперніка Клінтан з Рэспубліканскай партыі Дональда Трампа лічаць, што стан здароўя дэмакратычнага кандыдата робіць яе фізычна непрыдатнай для працы на пасадзе прэзыдэнта. Яны паказваюць яшчэ і на страсеньне мозгу, які Клінтан перажыла ў сьнежні 2012 году пасьля таго, як страціла прытомнасьць.

Клінтан адпрэчыла абвінавачваньні па праблемах са здароўем як чуткі і праявы беспадстаўных тэорыяў змовы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG