Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 13 верасьня: Вечарына памяці Бураўкіна, сустрэча з Хадановічам


Бліц-агляд падзеяў і датаў гэтага дня.

Афіша:

У Менск прыяжджае міністар замежных справаў Люксэмбургу Жан Асэльборн.

У літаратурным музэі Максіма Багдановіча (Менск, вул. М.Багдановіча, 7а) адбудзецца вечар памяці Генадзя Бураўкіна «Я ўдзячны і бацькам, і Богу за мне падараваны кут...», прымеркаваны да 80-годзьдзя з дня нараджэньня паэта. Пачатак імпрэзы а 17-й гадзіне. На вечарыне адбудзецца прэзэнтацыя кнігі «Перадусім Беларусь: згадваючы Генадзя Бураўкіна: гутаркі, успаміны, эсэ, дзёньнікі, прысьвячэньні», укладальнікам якой зьяўляецца Сяргей Шапран. Выданьне падрыхтавана да юбілею паэта. Сярод удзельнікаў імпрэзы — аўтары гэтай кнігі: Міхась Скобла, Барыс Пятровіч, Васіль Зуёнак, Сяргей Законьнікаў, Анатоль Вярцінскі, Уладзімер Арлоў і інш. Падчас мерапрыемства будуць прадстаўлены цікавыя матэрыялы з архіва паэта, якія ўдава паэта, Юлія Якаўлеўна Бураўкіна, перадала ў фонды музэю.

У менскай кнігарні «Кніжная шафа» (праспэкт Дзяржынскага 9) адбудзецца творчая сустрэча з паэтам і перакладчыкам Андрэем Хадановічам. Пачатак а 19-й гадзіне.

Дзень у гісторыі:

1501 — Мікелянджэлё пачаў працаваць над скульптурай Давіда.

1562 — Князі і баяры ВКЛ на палявым (абозным) сойме каля Віцебску ўхвалілі прапанову аб новай дзяржаўнай уніі з Польшчай і накіравалі яе вялікаму князю.

1769 — Расейскія войскі пад камандаваньнем Аляксандра Суворава перамаглі атрады Барскіх канфэдэратаў на чале з Казiмiрам i Францам Пуласкiмі ля вёскі Арэхава (паблізу Маларыты).

1953 — Мікіта Хрушчоў абраны першым сакратаром ЦК КПСС.

1974 — Беларуская студыя тэлебачаньня пачала трансьляваць каляровыя перадачы.

1994 — Дзяржаўная камісія па артаграфіі, створаная ў Беларусі, апублікавала выніковыя рэкамэндацыі, у якіх прызнавалася пажаданасьць вяртаньня некаторых дарэформенных нормаў беларускай мовы.

2013 — Аляксандр Лукашэнка стаў ляўрэатам «Шнобелеўскай прэміі міру» за забарону воплескаў у 2011-м. Парадыйная прэмія ўручаецца ў Гарвардзкім унівэрсытэце ЗША.

У гэты дзень нарадзіліся:

1893 — Андрэй Мрый, беларускі празаік, журналіст. Напісаў кнігу «Запіскі Самсона Самасуя», у якой у сатырычным тоне паказаў усталяваньне новага ладу у 20-я гады мінулага стагодзьдзя, у тым ліку пачаткі савецкай беларусізацыі. Твор быў абвешчаны пасквілем на савецкую рэчаіснасьць, а аўтара саслалі ў ГУЛАГ.

1958 — Аляксандр Краўцэвіч, беларускі гісторык, аўтар працаў па гісторыі ВКЛ.

У гэты дзень памерлі:

1592 — Мішэль Мантэнь, францускі філёзаф, пісьменьнік, палітычны дзяяч, юрыст.

1859 — Фадзей Булгарын, расейскі пісьменьнік беларускага паходжаньня, журналіст, выдавец газэты.

1983 — Мар’ян Пецюкевіч, беларускі этнограф і грамадзкі дзяяч. У перадваенны час —дырэктар музэя імя Івана Луцкевіча. Быў асуджаны на 25 гадоў і сасланы ў лягер у Варкуту.

2003 — Анатоль Багатыроў, беларускі кампазытар, пэдагог і грамадзкі дзяяч.

Цытата:

Ты ўдачлівы,

Калі табе ня трэба

Шторанку думаць пра кавалак хлеба,

I над табою цэлы дзень ня вісьне

Начальнік,

Як наглядчык ненавісны.

Ты ўдачлівы,

Калі цябе хвароба

Ня джаліць,

Як бязьлітасная кобра,

I абмінае тваю хату злодзей,

І ўся сям’я жыве ў вясёлай згодзе.

Ты ўдачлівы,

Калі ў дурным тубыльлі

Твае сябры твой адрас не згубілі,

I груз бясьсільля не ссутуліў плечы,

I страх табе душу не пакалечыў...

Хто скажа мне,

Калі такая ўдача,

Урэшце рэшт і да мяне прыскача?..

Генадзь Бураўкін

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG