Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі экспэрт: Лукашэнка абірае павольны эвалюцыйны працэс зьменаў


Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Беларусі ня сталі тэмай пільнай увагі ва Ўкраіне. Сродкі масавай інфармацыі перадавалі пераважна афіцыйныя навіны пра выбарчую кампанію. Выключэньнем стала толькі абраньне ў новы дэпутацкі корпус двух незалежных кандыдатак.

Чыя гэта перамога — апазыцыі ці Аляксандра Лукашэнкі, Свабода запытала ва ўкраінскага палітычнага экспэрта Алесі Яхно-Бялкоўскай.

— У беларускі парлямэнт па выніках выбараў прайшлі два незалежныя дэпутаты. Ці дастаткова такога прадстаўніцтва альтэрнатыўных сіл, каб зьмяніць сыстэму ўлады ў краіне?

— Вядома ж не. Два дэпутаты — гэта занадта мала, каб істотна ўплываць або зьмяніць палітычныя падыходы і расстаноўку палітычных сілаў.

А зь іншага боку, гэта і ўсё тое, што адбываецца цяпер ва ўнутранай і вонкавай палітыцы Беларусі — гэта, у пэўным сэнсе, пераходны пэрыяд. І да такой пераходнасьці, я мяркую, падштурхнула сытуацыя, зьвязаная з Расеяй і Ўкраінай.

Дзеяньні Расейскай Фэдэрацыі за апошнія два гады напалохалі нават бліжэйшых партнэраў Расеі па Мытным Зьвязе. І справа не толькі ў рызыцы ваеннай агрэсіі. У тых умовах, калі ёсьць эканамічны крызыс, падзеньне коштаў на нафту, і калі Мытны Зьвяз, як выявілася, ствараўся не пад эканоміку і разьвіцьцё, а пад сумесную адказнасьць ад ваенных дзеяньняў, то гэта ўжо выглядае непрывабна.

Як вядома, ініцыятывы Расеі адносна сумеснага санкцыйнага сьпіса прадуктаў, як і яе пошліны, уведзеныя пасьля набыцьця моцы пагадненьня пра зону свабоднага гандлю паміж Украінай і Эўразьвязам, партнэры па Мытным Зьвязе не падтрымалі. Дэ-факта мы пабачылі, што эканамічныя саюзы, якія будаваліся ў межах Мытнага Зьвязу і СНД, не працуюць, таму краіны, бліжэйшыя партнэры і саюзьнікі, вымушаныя пачынаць думаць пра дывэрсыфікацыю эканамічных кантактаў і залежнасьці ад Расеі, дэманструючы мяккае падтрыманьне Ўкраіны.

Да таго ж варта адзначыць, што і Эўразьвяз часткова і часова скасаваў санкцыі ў дачыненьні да Беларусі. Такая вонкавая пераходнасьць можа адбіцца і на пераходнасьці ўнутранай, бо тыя лідэры, якія доўга знаходзяцца ва ўладзе — той жа Назарбаеў, Лукашэнка, разумеюць, што іх эпоха сыходзіць і яны ня могуць не задавацца пытаньнем, што так ці інакш трэба думаць пра пераемнасьць улады і як гэта адабʼецца на палітычнай сыстэме. Бо ў рэшце разьвіцьцё сытуацыі можа быць непрадказальным.

Мне здаецца, што Лукашэнка, разумее такія рызыкі. Таму, калі мы кажам пра вынікі парлямэнцкіх выбараў і тое, што ў склад парлямэнту ўвайшлі два незалежныя дэпутаты, няхай пакуль столькі, але гэта такі павольны эвалюцыйны працэс. Лукашэнка разумее, што цяпер цалкам пакідаць усё, як ёсьць, немагчыма ні ў вонкавай палітыцы, і, як сьледзтва, ні ва ўнутранай палітыцы, бо калі той жа Эўразьвяз не пабачыць падстаў для поўнага зьняцьця санкцый, то яны будуць дзейнічаць далей. Мяркую, што Лукашэнка зойме пазыцыю паступовых эвалюцыйных зьмен, вельмі павольных, але ўсё роўна яны будуць рухацца ў бок ад той сыстэмы адзінаасобнай улады, якую ён выбудоўваў, да большай адкрытасьці і, магчыма, да пошуку ў будучыні фармату зьмены ўлады. Думаю, што Лукашэнка разумее, што гэта рана ці позна непазьбежна.

— Ці былі ў гісторыі парлямэнтарызму Ўкраіны такія прыклады, калі апазыцыя не магла трапіць у парлямэнт?

— Ва Ўкраіне не было такіх прэцэдэнтаў, хоць былі факты непраходжаньня ў парлямэнт. Скажам, той жа «Правы сэктар» і «Свабода», якія, як партыі, не прайшлі, але прайшлі асобныя дэпутаты па мажарытарных акругах. Але ва Ўкраіне гэта несувымерна, бо тут ёсьць рэальная палітычная канкурэнцыя і пытаньне непраходжаньня партыі і дэпутата — гэта не пытаньне адміністрацыйнага рашэньня або дзеяньняў. Адміністратыўны фактар ёсьць у кожнай постсавецкай краіне, але ў цэлым — гэта вынік канкурэнцыі, таму ў нас так пытаньне не стаяла.

— Цяпер у Беларусі пачаліся дыскусіі наконт магчымай адмовы гэтых дэпутатаў ад мандату, каб такім чынам не спрыяць легітымізацыі фальсыфікацыі вынікаў выбараў. Ці будзе мэтазгодным такі крок новаабраных дэпутатаў?

— Зразумела, што гэтыя два дэпутаты не будуць мець ніякага істотнага ўплыву на палітычны працэс і палітычнае жыцьцё, калі казаць глябальна. Але, мне здаецца, і дзіўна было чакаць, што два, тры або чатыры дэпутата змогуць кардынальна нешта зьмяніць у Беларусі.

Зразумела, што ўсе працэсы ў асноўным асацыююцца з Лукашэнкам. Пытаньне ў іншым, у тым, як ва ўмовах вонкавай сытуацыі на прасторы СНД, дзе Расея будзе губляць свой уплыў усё больш, краіны будуць вымушаныя пераарыентоўвацца нават не палітычна, а эканамічна. Бо нездарма ўзьнікаюць праекты, напрыклад, «Новы шаўковы шлях», у якім Украіна зьвязаная з Казахстанам, ці рэгіянальны абаронны саюз Грузіі, Азэрбайджану і Турцыі. Працэс пераарыентацыі з Расеі будзе працягвацца і далей на тле яе эканамічнага паслабленьня і палітычнага ізаляцыянізму. Справа яшчэ ў тым, што гэты працэс стварае і ўнутраныя выклікі. Шмат хто мяркуе, і справядліва мяркуе, што палітычная сыстэма Беларусі не адпавядае 21 стагодзьдзю і яе трэба мяняць. Пытаньне ў тым, хто і як хутка можа гэта зрабіць. І тут трэба сумясьціць вонкавы і ўнутраны складнік, бо любое паслабленьне ўнутры дзяржавы і любы працэс зьмены ўлады, можа актывізаваць ролю вашага суседа.

Напрыклад, калі Беларусь будзе арыентавацца выключна на захад, то Расея ў любым выпадку ўмяшаецца ў гэты працэс, а потым яшчэ можа сказаць, што з тэрыторыі Беларусі на Расею хоча напасьці НАТО або ЗША — гэта ж ужо прагназаваны тып паводзінаў Расеі. Таму перш за ўсё трэба разумець, якая альтэрнатыва магчымая той палітыцы, якую праводзіць Лукашэнка, а тады ўжо будзе зразумела, наколькі хутка і хто гэта можа зрабіць. Але ў цэлым, мяркую, што гэта павольны паступовы эвалюцыйны шлях у бок дэмакратычных свабодаў, вялікіх дэмакратычных правілаў і працэдур. Хаця сам працэс, хутчэй за ўсё, будзе вельмі і вельмі павольным.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG