Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія памежнікі блякуюць транзытны рух на мяжы зь Беларусьсю. Найкарацейшая траса ў Маскву — праз Берасьце і Беларусь — зачыненая для легкавых аўтамабіляў.

Як інфармуе радыёстанцыя RMF FM, цяжкасьці датычаць найперш грамадзян Эўрапейскага Зьвязу, пераважна палякаў, чэхаў і літоўцаў. Замежнікі вымушаныя праехаць дадатковыя 500 кілямэтраў, каб уехаць у Расею праз Латвію.

Апошнія 20 гадоў рух замежных аўтамабіляў праз расейска-беларускую мяжу адбываўся свабодна. Цяпер Расея заяўляе, што ў сувязі са стварэньнем шэсьць гадоў таму Мытнага зьвязу, яна вымушаная ўрэгуляваць статус сваіх пераходаў, якія не зьяўляюцца міжнароднымі.

Як паведамляюць польскія дыпляматы, праблемы на беларуска-расейскіх КПП узьніклі некалькі тыдняў таму. Грамадзянам Эўразьвязу расейцы раяць ехаць у Латвію, Эстонію і Ўкраіну, а ўжо адтуль спрабаваць уехаць у Расею.

RMF FM цытуе беларускага памежніка, які выбачаўся перад ўласьнікам аднаго з аўто за праблемы і патлумачыў, што беларускі бок ніякім чынам не адказвае за гэтыя нязручнасьці. Польскія СМІ называюць паводзіны расейскіх памежнікаў помстай за спыненьне Малога памежнага руху паміж Польшчай і Калінінградзкай вобласьцю.

Тым часам РІА Навіны са спысылкай на крыніцу ў памежнай службе ФСБ паведамляе, што ніякіх дадатковых абмежаваньняў не магло быць уведзена, паколькі пераходны на мяжы зь Беларусьсю працуюць толькі для грамадзян Расеі і Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG