Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 12 верасьня: падвядзеньне вынікаў выбараў, акцыя Статкевіча і Някляева на Кастрычніцкім пляцы


ПАДЗЕІ ДНЯ

Менск. Прэсавая канфэрэнцыя «Папярэднія вынікі выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў». Месца правядзеньня — Палац Рэспублікі (пл. Кастрычніцкая, 1). Пачатак а 10:00

Менск. Мікола Статкевіч і Ўладзімір Някляеў апавясьцілі Менгарвыканкам аб намеры правесьці масавую акцыю з мэтай патрабаваць «сапраўдных выбараў замест выбарчых фарсаў, якія рэгулярна арганізуе кіруючы рэжым». Месца правядзеньня — Кастрычніцкі пляц. Пачатак а 18:00

Менск. Прэсавая канфэрэнцыя лідэраў правацэнтрысцкай кааліцыі (Юрася Губарэвіча, Анатоля Лябедзькі, Віталя Рымашэўскага) па выніках выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў. Месца правядзеньня — Офіс руху «За свабоду!» (Пр. Незалежнасьці, 80-73). Пачатак а 09:00

Менск. Кампанія «За справядлівыя выбары» дае прэсавую канфэрэнцыю па выніках назіраньня за парлямэнцкімі выбарамі. У мерапрыемстве бяруць удзел сустаршыні кампаніі — Сяргей Калякін і Віктар Карняенка. Месца правядзення — Гатэль «Менск», 2-гі паверх, офіс 214. Пачатак а 09:00

Менск. Прэсавая канфэрэнцыя назіральнікаў ад Місіі СНД. Месца правядзеньня — Палац Рэспублікі (пл. Кастрычніцкая, 1). Пачатак а 10:30

Менск. Прэсавая канфэрэнцыя назіральнікаў ад Місіі Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Месца правядзеньня — Палац Рэспублікі (пл. Кастрычніцкая, 1). Пачатак а 10:30

Менск. Адкрыты круглы стол, прысьвечаны вынікам выбараў у парлямэнт і электаральнай кампаніі ў цэлым. Свой удзел пацьвердзілі: Андрэй Казакевіч (Інстытут палітычных дасьледаваньняў «Палітычная сфера»), Валер Карбалевіч (Аналітычны цэнтар «Стратэгія»), Юрый Чавусаў (BISS), Юрый Шаўцоў (Цэнтар па праблемах эўрапейскай інтэграцыі). Месца правядзеньня — Прэс-клюб (вул. В.Харужай, 3-601). Пачатак а 12:00

У гісторыі:

490 да н. э. — грэцкі воін Фідзіпід прабег ад горада Маратон да Атэнаў і прынёс вестку пра перамогу грэкаў над пэрсамі — «Радуйцеся! Мы перамаглі» — і памёр. Калі ў 1896 годзе ў Атэнах праходзілі першыя сучасныя Алімпійскія гульні, у яго гонар быў уладкаваны забег паміж Маратонам і Атэнамі. З тых часоў спаборніцтвы па маратонскім бегу сталі адным з самых папулярных відаў лёгкай атлетыкі

1772 — адбылася бітва пад Сталавічамі. Войска гетмана Міхала Казіміра Агінскага, якое змагалася супраць далучэньня беларускіх земляў да Расейскае імпэрыі, зазнала паразу ад расейскіх палкоў на чале з Аляксандрам Суворавым. У жорсткім баі загінулі больш за 3 тысячы абаронцаў незалежнасьці.

1848 — Швэйцарыя, якая да таго часу была зьвязам паасобных кантонаў, ператварылася ў фэдэратыўную дзяржаву.

1933 — амэрыканскі фізык Лео Сылард прапанаваў ідэю ланцуговай ядзернай рэакцыі.

1963 — першае месца ў брытанскім гіт-парадзе заняў гурт «Бітлз» зь песьняю «She Loves You».

1990 — дамову аб аб’яднаньні Нямеччыны падпісалі міністры замежных справаў СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і абедзьвюх Нямеччын.

У гэты дзень нарадзіліся:

1712 — Сьцяпан Аскерка — эканаміст, юрыст родам з Наваградчыны. Скончыўшы Слуцкую гімназію, а пасьля Кёнігсбэрскі і Бэрлінскі ўнівэрсытэты, Аскерка быў запрошаны на пасаду дарадцы юстыцыі да прускага караля Фрыдрыха II. У сваіх эканамічных працах Сьцяпан Аскерка апісаў прускі шлях капіталізму ў сельскай гаспадарцы і ўпершыню ўвёў у навуковы ўжытак слова «плян».

1921 — Станіслаў Лем, польскі пісьменьнік, сатырык, філёзаф і фантаст.

1929 — Мікалай Матукоўскі, беларускі драматург.

1945 — Рыгор Семашкевіч, беларускі пісьменьнік і літаратуразнаўца.

1954 — Алесь Жлутка, беларускі мовазнаўца і гісторык.

У гэты дзень памерлі:

1934 — Яўген Барычэўскі, беларускі літаратуразнаўца і перакладчык.

Цытата:

«Заўтра ўсё... Заўтра сьмерць.
Мяне выведуць каты.
Сакавік на двары... Яшчэ тыдзень —
і птушкі дамоў,
О буслы, дзеці сонца!
Летучы, адшукайце вы хату,
Дзе жыве маё шчасьце, якога ў жыцьці не знайшоў.

У вясновай красе! Ясна-чыстая, нібы бяроза.
Вуснаў не цалаваў і яе не насіў на руках.
Птушкі! Людзі казалі... Прашу вас праз сьлёзы —
Ўкіньце вы ёй праз комін маленькага хлапчука.»

Рыгор Семашкевіч «Апошняя ноч Каліноўскага» (фрагмэнт)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG