Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Цяжка сказаць, хто замовіў грамадзяніну Фомачкіну зьдзейсьніць свой «геройскі ўчынак» з расейскім трыкалёрам у часе выхаду беларускай дэлегацыі на адкрыцьці Паралімпійскіх гульняў у Рыё. Але варта прызнаць, што дзея атрымалася гучнай. Скандал – маштабным.

У такіх выпадках, каб вызначыць замоўцу, старажытныя задавалі клясычнае пытаньне: каму з таго выгада?

Паспрабуем разледзець – каму.

Мне падаецца, шукаць тут расейскі сьлед дарэмная справа, бо якая можа быць стратэгічная выгада расейцам, апроч прадэманстраванага расейскага сьцяга?

Хіба толькі пацешыць расейскае дзяржаўнае эга ды пазабавіць расейскі плебс такім учынкам. Больш ніякай, адно шкода.

Хіба пасьля гэтага ўчынку праблема нядопуску расейскіх паралімпійцаў выйшла на якасна новы ўзровень?

Адказ – не.

Наадварот, раздражненьне Міжнароднай арганізацыі паралімпійскага спорту будзе толькі большым. Кантроль за спартоўцамі – больш пільным. Наступствы – горшымі.

А вось беларускай уладзе выпалі, можна сказаць, абсалютныя дывідэнды.

Сам Фомачкін ніякі не чалец беларускай каманды, але госьць прэзыдэнта Міжнароднага паралімпійскага камітэту, што аўтаматычна зьмяншала да мінімуму наступствы для нашай паралімпійскай каманды. Папярэдзілі дый годзе.

Фомачкін панёс пэрсанальную адказнасьць і быў выдвараны з імпрэзы, і пэўна госьцем ужо ніякім ня будзе. Нідзе. Ніколі. Ні на якіх спаборніцтвах.

Але беларуская адміністрацыя ў складанай, поўнай інтрыг і супярэчнасьцяў гульні са «старэйшым братам» за свой імдж на расейскім, беларускім і міжнародным палітычным полі набыла вістоў.

Для расейскага электарату гэты піяр-крок беларускай адміністрацыі мае выключна пазытыўнае значэньне. У вачох расейцаў беларусы аказаліся сапраўднымі сябрамі і на гэта Крамлю прыйдзецца зважаць, калі зноўку зойдзе размова пра крэдытныя грошы, ціск на Беларусь ва ўкраінскім пытаньні, дачыненьні з Эўразьвязам, пытаньні пабудовы Астравецкай АЭС і г.д.

Увесь расейскі ціск нівэлюецца адной гэтай дэманстрацыяй трыкалёра.

Паспрабуйце давесьці расейскаму электарату, які прывучаны рэагаваць выключна эмацыйна на такія праявы салідарнасьці, што на Беларусь трэба ціснуць у любым з гэтых пытаньняў.

Якое разьмяшчэньне вайсковых базаў, якія падвышэньні коштаў на газ-нафту, якія прэтэнзіі да беларускіх прадуктаў, калі беларусы адзіныя і непаўторныя ў сваёй братэрскай любові.

– Мы ж баранілі вашых інвалідаў! – зазначыць Лукашэнка пры першай спробе чарговых непаразуменьняў з расейцамі.

– Так! Яны ж баранілі нашых інвалідаў! – будзе раптаць расейскі электарат.

Гэтая камбінацыя з удзелам грамадзяніна Фомачкіна на Маракане затыкае на пэўны час усю працу розных расейскіх рэгнумаў, спутнікаў і іншых пагромаў.

Беларуская адміністрацыя выйграла час, якасьць пазыцыі і немалыя грошы ў складаных і няпростых дачыненьнях з Крамлём. Выйграла малой крывёй і мінімумам намаганьняў.

А тым часам на Магілёўшчыне блізу расейскай мяжы прыняла прысягу першая асобная рота толькі што створанай тэрытарыяльнай абароны Беларусі. У дадатак да таксама нядаўна паўсталых перасоўных памежных вартаў.

Калі прыняць гэткую вэрсію піяр-акцыі з расейскім сьцягам, то для беларускага боку яна аказалася выключна якаснай.

Дык каму быў выгадны ўчынак грамадзяніна Фомачкіна?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG