Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўмільёна каталёнцаў на вуліцах падтрымалі незалежнасьць


Сотні тысяч людзей выйшлі ў нядзелю, 11 верасьня, на вуліцы ў Каталёніі ў падтрымку незалежнасьці ад Гішпаніі. Мясцовыя лідэры абяцаюць незалежнасьць у наступным годзе, нягледзячы на юрыдычныя перашкоды з боку гішпанскага ўраду.

Паводле паліцыі, у адной толькі Барсэлёне на вуліцы выйшлі каля 540 тысяч чалавек. Яны махалі каталёнскімі сьцягамі ў рытм музыцы, якая мела сымбалізаваць рытм сэрца незалежнай краіны.

Летась у лістападзе парлямэнт Каталёніі прагаласаваў за рэзалюцыю аб выхадзе гэтага рэгіёну са складу Гішпаніі.
Рэзалюцыя мела пакласьці пачатак ажыцьцяўленьню гэтак званай «дарожнай мапы для незалежнасьці». У апошніх парлямэнцкіх выбарах, якія адбыліся напрыканцы верасьня 2015 году, перамаглі сілы, якія выступаюць за незалежнасьць Каталёніі.

Гішпанская канстытуцыя не дае рэгіёнам краіны права на адлучэньне. Прэм’ер-міністар Гішпаніі Мар’яна Рахой адразу пасьля галасаваньня ў Барсэлёне заявіў, што дэклярацыя незалежнасьці, прынятая рэгіянальным парлямэнтам Каталёніі, ня мае «ніякіх наступстваў». Пазьней Канстытуцыйны суд Гішпаніі прызнаў рэзалюцыю аб незалежнасьці неканстытуцыйнай.

Каталёнія

Тэрыторыя — 32 тыс. км2

Сталіца — Барсэлёна

Насельніцтва — 7,6 мільёна чалавек

Каталёнія лічыцца спадкаемцам сярэднявечнага каралеўства Арагон на ўсходнім узьбярэжжы Пірэнэйскага паўвострава. У 1516 годзе Арагон быў аб’яднаны з Кастыліяй у каралеўства Гішпанія. Цалкам палітычную і юрыдычную незалежнасьць Каталёнія страціла ў 1714 годзе.

Каталёнія спрабавала аднавіць сваю незалежнасьць у 1871 годзе, потым — у 1930-я. Аднак, пасьля таго як Франка перамог у грамадзянскай вайне, Каталёнія засталася ў складзе Гішпаніі. У дыктатарскай Гішпаніі супраць каталёнцаў праводзіліся чынілі рэпрэсіі, што спрыяла папулярызацыі каталёнскага сэпаратызму.

У 1979 годзе, праз год пасьля сьмерці Франка, Каталёнія атрымала ў складзе Гішпаніі аўтаномію. З таго часу аўтаномны рэгіён мае свой урад, каталёнская мова прызнаная і мае статус афіцыйнай.

У 2006 годзе ў Каталёніі прынялі новы аўтаномны статус, пашырыўшы фінансавую самастойнасьць.

У 2009–2010 гадах тут праходзілі неафіцыйныя апытаньні-рэфэрэндумы наконт незалежнасьці Каталёніі. Звыш 90% жыхароў рэгіёну падтрымліваюць гэтую ідэю.

У 2012 годзе ў масавай маніфэстацыі пад лёзунгам «Каталёнія — новая дзяржава Эўропы» ўзялі ўдзел больш за 1 мільён чалавек.

9 лістапада 2015 году парлямэнт Каталёніі зацьвердзіў рэзалюцыю аб стварэньні незалежнай рэспублікі. Але Канстытуцыйны суд Гішпаніі прызнаў рэзалюцыю аб незалежнасьці неканстытуцыйнай.

XS
SM
MD
LG