Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Янукевіч: Тыя, хто не ідзе на выбары, падыгрываюць уладам


Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

Старшыня Партыі БНФ, кандыдат у дэпутаты па 92-й Аўтазаводскай акрузе ў сталіцы Аляксей Янукевіч 11 верасьня прагаласаваў за самога сябе.

«Я лічу, вельмі важна, каб беларускае грамадзтва сьвядома рабіла свой выбар. І так, мы шчыра кажам людзям, што недастаткова проста прагаласаваць. Але менавіта сьвядомы голас, выражаны менавіта такім чынам, на карысьць пераменаў, на карысьць абароны незалежнасьці — ён усё роўна вельмі важны. Таму што калі людзі застаюцца дома, гэта на руку сёньняшнім уладам, на руку тым, хто хоча проста закансэрваваць сытуацыю», — цытуе кандыдата БелаПАН.

Паводле слоў Янукевіча, «ужо цяпер, на жаль, ёсьць шмат фактаў, якія сьведчаць пра тое, што цяперашнія выбары не зьяўляюцца свабоднымі, справядлівымі, сумленнымі».

«Не на кожным участку, але на многіх вельмі вялікае накручваньне яўкі. Нашы назіральнікі, якія прысутнічаюць на ўчастках, лічаць людзей, якія прыйшлі галасаваць, у выніку атрымліваюцца разыходжаньні ў разы з тымі зьвесткамі, якія абвяшчае камісія. Гэта значыць, што за ўсіх гэтых дамаляваных людзей будуць укінутыя ці ўжо ўкінутыя бюлетэні», — дадаў палітык.

Партыя БНФ назірае за парлямэнцкімі выбарамі ў складзе кампаніі «Права выбару», у якую таксама ўваходзяць прадстаўнікі аргкамітэтаў па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» і Партыі свабоды і прагрэсу, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), рух «За свабоду», Беларуская партыя «Зялёныя», прафсаюз РЭП і Аб’яднаная грамадзянская партыя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG