Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Мой канцэрт — замест выбараў» — Лявон Вольскі выступіў у Гомелі


Лявон Вольскі ў Гомелі

Лявон Вольскі ў Гомелі

Пропускам на канцэрт Лявона Вольскага ў летнім амфітэатры грамадзка-палітычнага цэнтру на вуліцы Палескай стаў пароль паўстанцаў 1863 году: «Каго любіш?» — «Люблю Беларусь!» — «То ўзаемна!»

У вузкім дворыку сабраліся каля трохсот чалавек. Палова зь іх сядзелі на лаўках амфітэатру, некаторыя разьмясьціліся побач, а значная частка гледачоў стаяла за сьпінаю выбітнага беларускага музыкі, барда і літаратара.

Адкрываючы імпрэзу, грамадзкі актывіст і экс-кандыдат у дэпутаты Ўладзімер Кацора, які зьняўся з выбараў на знак пратэсту і запрасіў Вольскага ў Гомель, патлумачыў:

«Цяперашнія ўлады заганяюць і апазыцыю, і беларускіх творцаў, як вобразна выказаўся сам Лявон Вольскі, „у лес, у зямлянкі, у партызаны“. Сёньня на нашу просьбу, наш заклік Вольскі выйшаў зь бюракратычнага лесу. Толькі што мы адзначалі Дзень беларускай вайсковай славы. Гэта найвялікшае наша сьвята. Да таго ж, для многіх адказных дэмакратычных актывістаў скончыліся і парлямэнцкія выбары — яны зьняліся, бо насамрэч выбараў у Беларусі няма, нягледзячы на пэўныя захады беларускіх уладаў у бок паляпшэньня сытуацыі зь перадвыбарчай агітацыяй».

Дуэт Вальжыны і Лявона

Дуэт Вальжыны і Лявона

На пачатку «разагрэць» грамаду выйшла гомельская сьпявачка Вальжына Цярэшчанка зь песьняй на верш Андрэя Хадановіча «Прагнеш свабоды — то бяры!», дзе ёсьць такі прыпеў:

Разбуры турмы муры! Прагнеш свабоды — то бяры! Мур хутка рухне, рухне, рухне — І пахавае сьвет стары!

Лявон Вольскі, анансуючы свой выступ, нагадаў, што апошні раз сьпяваў у Гомелі восем гадоў таму.

Ніхто ў Гомелі большай аўдыторыі не зьбіраў

Ніхто ў Гомелі большай аўдыторыі не зьбіраў

«Прыехаў паглядзець, ці ёсьць тут у мяне публіка», — пажартаваў музыка і атрымаў шквал аплядысмэнтаў.

«Сонца нам дапаможа» — першая песьня музыкі з супольнага праекту «Я нарадзіўся тут», зь якой Лявон Вольскі распачаў свой вечаровы канцэрт у летнім амфітэатры.

За песьняй — песьня

За песьняй — песьня

За дзьве гадзіны канцэрту Вольскі выканаў каля двух дзясяткаў сваіх песень. Ён дасьціпна жартаваў, сьпяваў супольна з прысутнымі, адказваў на пытаньні.

«Як бы вы трыма словамі ахарактарызавалі сваю сустрэчу ў Гомелі?»

І музыка адказваў: «Сож. Цеплыня...». Пакуль думаў над трэцім азначэньнем, хтосьці з грамады спрабаваў падказваць: «Чарнобыль. Выбары». Але трэцяе азначэньне ў Лявона гучала інакш: «Палесьсе».

Пыталіся ў музыкі, ці ведае ён кандыдатаў у дэпутаты ў сваёй выбарчай акрузе.

«Ды ёсьць там нейкі лекар-начальнік, — адказваў, сьмеючыся, госьць, — міліцыянт-начальнік, настаўнік — і таксама начальнік».

Слухаюць і старыя, і малыя

Слухаюць і старыя, і малыя

Цікавіліся гамельчукі і творчымі задумамі музыкі, у прыватнасьці, ці хутка выйдзе ягоны альбом «Грамадазнаўства-2»? Вольскі пажартаваў, даводзячы прысутным, што ён толькі выказаўся за працяг «Грамадазнаўства» як творчай задумы, а «двойку» дадалі беларускія журналісты самі. Ні польскія, ні нямецкія гэтага не рабілі.

Прасілі музыку таксама выказаць сваё стаўленьне да зьмены назвы краіны на «Літва-Беларусь».

«Ой, ня ведаю. Трэба думаць, — шчыра адказаў Вольскі. — Але я за аб’яднаньне Беларусі зь Літвою і Ўкраінай. І добра было б, каб і Латвія далучылася».

Канцэрт Лявона Вольскага — гэта, несумненна, дзьве гадзіны настрою, беларускага пазытыву.

«Дык ваш канцэрт для выбараў, за выбары ці замест выбараў?» — цікаўлюся напрыканцы ў музыкі.

«Канцэрт хутчэй замест выбараў», — тлумачыць Вольскі.

Па дарозе з Гомеля машыну Лявона Вольскага спынялі супрацоўнікі ДАІ і нават зрабілі заўвагу за два бел-чырвона-белыя сьцягі на аўтамашыне музыкі.

Яблыку няма дзе ўпасьці

Яблыку няма дзе ўпасьці

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG