Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дэпутатам не даюць асабліва казаць. Як што, дык высьпятка і пойдуць». Жыхары Ялізава робяць свой выбар


«Людзі адсюль выяжджаюць, бо няма працы. Завод стаіць», — гэтак кажуць пра сваё жыцьцё жыхары пасёлку Ялізава, што на Магілёўшчыне. У тое, што сытуацыю выправяць абраныя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, пасялкоўцы ня вераць, але ўсё адно ідуць галасаваць.

Налева збанкрутаваная гута

Налева збанкрутаваная гута



Шклозавод, адзінае буйнае прадпрыемства Ялізава, збанкрутавала. З колішняга паўтарытысячнага калектыву працуе блізу трохсот чалавек. Пасялкоўцы наракаюць: з тых, хто працуе, бальшыня — прыежджыя. Тутэйшыя ж зарабляюць у прылеглых сельгаспрадпрыемствах альбо едуць у Бабруйск, Асіповічы ды Менск. Многія падаліся ў Расею.

«На гэтыя выбары няма чаго спадзявацца. Нічога добрага ня будзе ў нашай краіне», — гэтак пэсымістычна адрэагаваў на цікавасьць журналіста адзін зь першых ялізаўскіх суразмоўцаў. Мужчына сярэдняга веку тым ня менш прызнаўся, што ўжо прагаласаваў.

«Што тут добрага? Працы няма. А тая, што ёсьць, дык з заробкам два мільёны. Гэта па цяперашніх цэнах хіба грошы. Людзі едуць адсюль у Расею на заробкі. Праз гэта распадаюцца сем’і», — даводзіў суразмоўца.

Заводзкія коміны без прыкметаў жыцьця

Заводзкія коміны без прыкметаў жыцьця



Наступны жыхар Ялізава галасаваць зьбіраецца 11 верасьня.

«Завод абяцалі запусьціць напоўніцу, але, як і раней, працуе толькі адна лінія. Людзі хто дзе працуюць. Не адзін год тут нічога не мяняецца», — абураўся мужчына.

«Дарогу ад станцыі бачылі?, — запытаўся ён і, не дачакаўшыся адказу, працягнуў. — Па калдобінах ходзіш, а як узімку завеі, дык да цягніка не падысьці. Дэпутаты мяняюцца, а што толку. На машынах разьяжджаюць, а людзі пешшу прайсьці ня могуць».

У акупацыю за немцамі завод працаваў


«На выбары пайду, але за каго буду галасаваць, нават і ня ведаю. На ўчастку разьбяруся», — адказаў наступны суразмоўца.

Вайсковая тэхніка на шашы ў Ялізаве

Вайсковая тэхніка на шашы ў Ялізаве



«Я ведаю, што ніякіх пераменаў ня будзе, але яны патрэбныя. На шклозаводзе адпрацаваў трыццаць гадоў, а пэнсія тры мільёны. Здароўе на заводзе пакінуў. Цяпер сьлепаваты і глухаваты».

Ялізавец ня змог патлумачыць, якіх пераменаў чакае і што дзеля іх трэба зрабіць.

«Цяпер працуе адзін цэх — дзеля начальства, відаць. Цяпер многа абяцаюць. Лукашэнка два разы прыяжджаў, а што толку, — роспачна працягнуў суразмоўца. — Тут неаднойчы ўжо было казана: у вайну, як немцы прыйшлі, дык завод працаваў. А цяпер стаіць. Мужчыны сем’і кідаюць і выпраўляюцца ў заробкі. На чужыне сабе жонак іншых знаходзяць, дык хіба гэта жыцьцё».


Ніхто нічога ня робіць


Гутарку перарваў рокат калёны з вайсковай тэхнікай. Па шашы ехалі парожнія цягачы ды цягачы з ракетнымі ўстаноўкамі. «Адкуль толькі грошы бяруцца на гэтыя манэўры», — на разьвітаньне зазначыў мужчына.

На стэндзе ў пасялковым доме культуры шасьцёра прэтэндэнтаў на дэпутацтва. Паводле біяграфічных зьвестак, сярод ахвотных стаць дэпутатамі прызёр Aлімпійскіх гульняў Аляксандар Багдановіч, актывіст партыі БНФ Альберт Яўменаў, вылучэнка ад Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Аляксандра Сьянава, беспартыйны Мікалай Рахманаў. Спрабуе абрацца ў Палату прадстаўнікоў і дзейны яе дэпутат Мікалай Калтуноў.

Жыцьцё працягваецца, нават калі завод стаіць

Жыцьцё працягваецца, нават калі завод стаіць


«А, які дэпутат нам, што для пасёлку зрабіў? Ніхто нічога ня робіць», — раздражнёна адрэагаваў на цікаўнасьць журналіста яшчэ адзін ялізавец.

«Людзі адсюль выяжджаюць, бо працы няма. Завод стаіць. Відаць, нічога і ня вырашылі з гэтым заводам. Едуць хто куды. Нехта ў Менск, нехта ў Расею. Нямала і тых, хто сьпіваецца. Яблыкі здаюць ці бутэлькі. Быў час, калі Лукашэнка прыяжджаў, дык завод троху папрацаваў. Спадзяваліся, што так будзе і надалей, але... Цяпер жа крыху парадак падтрымліваюць на заводзе, каб ён зусім ня згас».

За земляка са спадзевам


«Бальшыня ялізаўскіх галасуюць за земляка — Багдановіча», — выказала меркаваньне сябра ўчастковай камісіі.

Паводле пратаколаў за прамінулыя дні датэрміновага галасаваньня ўчастак наведалі пад дзесяць працэнтаў выбарцаў.

«Тое, што ў нас завод працуе не на поўную магутнасьць і такая актыўнасьць — гэта цудоўна. У нас галасаваньне праходзіць заўжды добра», — адзначыла сябра камісіі.

Ахвотнікі па дэпутацтва

Ахвотнікі па дэпутацтва



Суразмоўніца не прамінула прыгадаць, што Аляксандар Багдановіч падтрымлівае мясцовую моладзь, якая займаецца веславаньнем. Спартовец двойчы сустракаўся зь землякамі.

«Я прагаласаваў за Багдановіча. Ён і ягоны брат непадалёк ад мяне жывуць, дык, падумаў, харошыя людзі, і прагаласаваў за іх», — з задавальненьнем казаў пра свой выбар жыхар пасёлку, адразу як выйшаў з участка.

На доме Багдановічаў плякат з заклікам за здаровы лад жыцьця. Пад домам правакацыйна стаіць машына з расейскімі сьцяжкамі ў салёне

На доме Багдановічаў плякат з заклікам за здаровы лад жыцьця. Пад домам правакацыйна стаіць машына з расейскімі сьцяжкамі ў салёне



На доме, дзе жывуць Багдановічы, вывешаны вялізны плякат, якім заклікаюць трымацца здаровага ладу жыцьця. Пагутарыць з прэтэндэнтам на дэпутацтва не ўдалося. У двары яго не было.

Хто галасаваў супраць падатку на дармаедзтва


Дзейны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Мікалай Калтуноў ля шашы выставіў білборд: «Я выступаў супраць падатку на дармаедаў і дарожнага падатку».

«Я пацікавіўся, як ён быў супраць, — пракамэнтаваў агітацыю прэтэндэнта адзін з ялізаўскіх выбарцаў. — Ён казаў, што трэба шукаць матэрыяльных стымулаў для паслугаў у школах, садах, а таксама для тых, хто атрымлівае дапамогу па беспрацоўі. Як па мне, то ён гэтым выступаў ня супраць падатку на дармаедзтва, а за тое, каб закон быў больш жорсткім. Такім чынам, ягоны плякат разыходзіцца зь ягонай справаю».

Плякат дзейнага дэпутата Палаты прадстаўнікоў

Плякат дзейнага дэпутата Палаты прадстаўнікоў



Суразмоўца прагаласаваў. Трымаючы ў руках пашпарт, заўважыў: «Я прагаласаваў за таго, хто хоць нешта можа зьмяніць».

«Ён ня з тых, хто засядзеўся ў дэпутатах. Пакуль у нас дэпутаты прымаюць бюджэт за 50 хвілінаў, то спадзеву на паляпшэньне жыцьця няшмат», — заключыў суразмоўца.

Беспрацоўе. Канцэрт бясплатны

Пра тое, што ў Беларусі праходзяць выбары прадстаўнікоў заканадаўчай улады, у Ялізаве мала што нагадвала. Згаданы білборд ды маленькія плякаты, разьвешаныя ў вітрынах крамаў, — гэта тое, што стварала атмасфэру набліжэньня палітычнай падзеі. На афішы пасялковага дому культуры ў асноўны дзень галасаваньня выбарцам абяцаюць забаўляльную праграму з канцэртам «Зрабі правільны выбар». Пазначана, што ўваход свабодны.

Афіша пра забаўляльную праграму ў асноўны дзень галасаваньня

Афіша пра забаўляльную праграму ў асноўны дзень галасаваньня



«А нас за гутарку з вамі не пасадзяць?», — запытаўся жыхар Ялізава ля ўчастку для галасаваньня.

«Ад тых дэпутатаў, якіх выберуць, нічога не чакаем. Як ім будуць казаць зьверху, гэтак яны і будуць рабіць, — казаў ялізавец пасьля жарту пра „пасадзяць“. — Я беспрацоўны амаль год. Сытуацыя агідная. Жонка два гады бяз працы. На завод прыходзіць — ім яна не патрэбная. А куды яна ўладкуецца? Куды нам ехаць, дзіця малое? Палова пасёлку ў Расеі».

На выбары на роварах і абмеркаваць выбар

На выбары на роварах і абмеркаваць выбар



«Так, гэты Багдановіч — добры хлопец. Але што ён зможа супраць гэтай машыны, — заўважыў прыяцель суразмоўцы. — Можа там наверсе таксама нешта хочуць зрабіць, але ў іх не атрымліваецца, альбо ня ведаюць як. Я прагаласаваў за Багдановіча, бо гэта свой, і хоць маленькі спадзеў будзе ў нас. А так, як шчыра, то гэтым дэпутатам і не даюць асабліва нешта казаць. Як што, дык высьпятка і пойдзеш. На вызваленае месца ахвотных многа».

У Ялізаве ёсьць і аптымісты. Яны ў топе.

У Ялізаве ёсьць і аптымісты. Яны ў топе.

XS
SM
MD
LG