Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пайшоў у кандыдаты, каб пасьмяяцца з хлусьні», — Хашчавацкі на пікеце. ФОТА АПЭРАТАРА Ў ЦЫВІЛЬНЫМ


Кандыдаты ў дэпутаты ад правацэнтрысцкай кааліцыі правялі апошні перад выбарамі пікет ля гатэлю «Менск» і перадалі ў Цэнтрвыбаркам зварот, у якім прыводзяць шматлікія факты фальсыфікацый на датэрміновым галасаваньні і патрабуюць не прызнаваць выбары свабоднымі і легітымнымі.

На пікеце луналі бел-чырвона-белыя сьцягі. Было заўважана шмат міжнародных назіральнікаў. На мітынгу, які прайшоў літаральна на плошчы Незалежнасьці, выступілі кандыдаты ў дэпутаты Юрась Губарэвіч, Вольга Кавалькова, Юры Хашчавацкі, партыйныя лідэры Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі. У прыватнасьці, Юры Хашчавацкі сказаў: «Улады хлусяць, хлусяць і хлусяць. Давайце зь іх сьмяяцца ўсе разам. Я для гэтага і пайшоў у кандыдаты — каб пасьмяяцца з гэтай суцэльнай хлусьні».

Супрацоўнік ЦВК, які прыняў зварот, паведаміў, што адказу давядзецца чакаць тры дні. Акцыя прайшла пад пільным наглядам спэцслужбаў, пікетоўцаў здымалі на відэа.

Кандыдатка ў дэпутаты Вольга Кавалькова назвала фальсыфікацыі, якія робяць участковыя камісіі, крымінальным злачынствам (артыкул 192 Крымінальнага кодэксу).

Анатоль Лябедзька заўважыў, што гэтыя выбары маюць самую нізкую легітымнасьць унутры краіны. Узяўшы мэгафон, ён выйшаў на плошчу Незалежнасьці і паўтараў: «Уладу, як і падгузьнікі, трэба мяняць рэгулярна».

XS
SM
MD
LG