Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сноўдэн заявіў, што Расея прыціскае грамадзянскія свабоды


Былы супрацоўнік Агенцтва нацыянальнай бясьпекі ЗША Эдвард Сноўдэн, які хаваецца ў Расеі, заявіў, што расейскія ўлады прыціскаюць грамадзянскія свабоды жыхароў краіны.

У інтэрвію Financial Times ён назваў унутраную палітыку Крамля разбуральнай і затратнай. Раней ён ужо крытыкаваў так званы «пакет антытэрарыстычных законаў Яравой», прыняты ў чэрвені 2016 году.

Сноўдэн таксама дапусьціў датычнасьць расейскіх хакераў да хакерскіх нападаў на паштовыя сэрвэры Дэмакратычнай партыі ЗША ў чэрвені. У ходзе гутаркі з Financial Times былы агент нацыянальнай бясьпекі заявіў, што «працягвае служыць ЗША» і плянуе «рана ці позна пакінуць» Расею.

Сноўдэн атрымаў часовы прытулак у Расеі ў 2013 годзе, пасьля таго, як ён перадаў сродкам масавай інфармацыі сакрэтныя дадзеныя аб сачэньні амэрыканскіх спэцслужбаў за грамадзянамі розных краінаў. Праз год расейскія ўлады выдалі яму трохгадовы від на жыхарства. У ЗША Сноўдэну пагражае да 10 гадоў турмы.

XS
SM
MD
LG