Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Скандальная сустрэча кандыдатаў у дэпутаты з журналістамі ў Прэс-клубе


«Вы злачынца!» — рэжысёр Аляксей Туровіч публічна абвінаваціў кандыдата ў дэпутаты Алега Гайдукевіча ў фабрыкаваньні сваёй справы і паабяцаў, што той сядзе «раней ці пазьней».

«Таня, ты мая самая вялікая памылка», — прызнаўся лідэр БНФ Аляксей Янукевіч, зьвяртаючыся да адной з лідэраў «Гавары праўду» Тацяны Караткевіч. А Юры Губарэвіч ад Руху «За Свабоду» заявіў, што ня здасьць свой мандат, калі на гэтых выбарах стане дэпутатам.

10 верасьня ў памяшканьні Прэс-клюбу 12 кандыдатаў у дэпутаты адказвалі на пытаньні журналістаў і камунікавалі паміж сабой. Калі стала вядома, што ад сустрэчы адмовіліся кандыдаты Мікалай Улаховіч і Ірына Дарафеева, журналісты ўжо не чакалі ад будучай падзеі ніякіх сюрпрызаў. Прадстаўнікі апазыцыйных партый і рухаў напоўніцу карысталіся ўвагай прэсы на працягу парлямэнцкай выбарчай кампаніі. Прысутны на сустрэчы кандыдат ад ЛДП Алег Гайдукевіч ад інтэрвію ніколі не адмаўляўся. А «самы заможны» кандыдат, дырэктар ААА «Мэталоптзбыт» Максім Крупейчанка у асяродзьдзі добра знаёмых паміж сабой іншых кандыдатаў больш маўчаў.


«Тут сабралася эліта грамадзтва», — сходу заявіў кандыдат Алег Гайдукевіч. Ягоная партыя разьлічвае займець на гэтых выбарах ад 3 да 10 месцаў у парлямэнце, да таго ж малодшы прадстаўнік палітычнага кляну Гайдукевічаў перакананы, што «перамагаць можна ў любой краіне, калі верыш у свае сілы». Гайдукевіч заяўляе, што народ ня хоча галасаваць ані за чыноўнікаў, ані за радыкальную апазыцыю. «Доктар, дырэктар пасьпяховага прадпрыемства, настаўнік», — апісвае кола «народнага» даверу малады палітык. «Добра, што ёсьць БНФ», — кажа ён. — Бабцы ў вёсцы кажаш пра БНФ. Яна перахрысьціцца і адказвае: «дзякуй, ня трэба». На фоне БНФ любая партыя глядзіцца рэспэктабэльна, цэнтрысцкі і спакойна».

«Канечне, добра, што ёсьць БНФ, — парыруе лідэр партыі Аляксей Янукевіч. Маўляў, „бабка з вёскі“ зараз так кажа, пакуль яна задаволеная ўладай. А калі яна перастане быць ёю задаволеная, то адзіны, за каго яна прагаласуе, будзе БНФ, — мяркуе Янукевіч.



Адказваючы на пытаньні журналістаў, прадстаўнікі партый і рухаў паўтаралі свае звыклыя праграмныя заклікі і не ўпусьцілі магчымасьці ўпікнуць „сяброў па апазыцыі“. Вольга Кавалькова, якая прадстаўляе партыю БХД, а на выбарах ідзе ад правацэнтрысцкай кааліцыі, наўпрост заявіла, што кандыдат ад партыі БНФ Васіль Астроўскі не працуе ў акрузе і толькі адцягвае на сябе галасы выбарцаў. „Ён толькі тыдзень таму вырабіў улёткі. У мяне пытаньне да БНФ — навошта?“ — зьвярнулася яна да Аляксея Янукевіча. — У яго два пікеты, а ў мяне 120!»

«Гэта не Астроўскі адцягвае галасы ў Кавальковай, а Кавалькова ў Астроўскага!» — адказаў на закіды Янукевіч. Апісваючы ўдзел сваёй партыі ў разнастайных кааліцыях, лідэр БНФ распавёў, што ў выпадку ўваходжаньня ў кааліцыю партыя губляла ад 300 да 500 сябраў. «А калі партыя ідзе на выбары самастойна, тыя ж 300-500 да яе далучаецца», — кажа ён.

«Я хачу аддзячыць партыю БНФ за тое, што яна падтрымала мяне на прэзыдэнцкіх выбарах», — узяла слова ўдзельніца былой прэзыдэнцкай кампаніі Тацьцяна Караткевіч. «Таня, я табе казаў і кажу яшчэ раз: ты мая самая вялікая памылка», — адрэагаваў Янукевіч, нагадаўшы падзеі гадовай даўніны, калі партыя БНФ голасна выйшла з прэзыдэнцкай кампаніі Тацьцяны Караткевіч

«Як я вас усіх люблю», — рэзюмаваў палітычны аглядальнік парталу tut.by Арцём Шрайбман, які раней прасіў прадстаўнікоў апазыцыйных рухаў патлумачыць лідэру БНФ, навошта ў беларускай апазыцыі іншыя сілы, апроч Народнага фронту.

«За мінулы год вы па дэклярацыі зарабілі суму, за якую няясна як жывяце, — безасабова апісаў сваіх сапернікаў Максім Крупейчанка. — Што вы можаце людзям прапанаваць?» Крупейчанка задэкляраваў 5 мільярдаў 316 мільёнаў недэнамінаваных рублёў прыбытку за мінулы год. «Што да навукоўцаў, — лічыць малады чалавек, верагодна рэагуючы на прысутнасьць у залі кандыдата ад „зялёных“ дацэнта БДУ Аляксандра Сыкала, — то яны мусяць быць памочнікамі дэпутатаў і займацца навукай».

Хто ж тады мусіць быць дэпутатам? — спыталі ў Крупейчанкі журналісты. «А дэпутатамі мусяць быць пісьменныя маладыя людзі», — адказаў 26-гадовы кандыдат.

Кожны кандыдат казаў пра фальсыфікацыі на выбарах і тое, што ніхто не спадзяецца на празрыстае галасаваньне. «Я абсалютна дакладна ведаю, як яны будуць рабіць, — казаў Юры Хашчавацкі ад АГП. — Татальная фальсыфікацыя відавочная. Што мы можам зрабіць? Мы можам толькі пайсьці і паказаць гэтыя парушэньні. А вось змагацца за права абіраць мусіць грамадзтва і самі людзі. Мы ня ў стане зараз 12 чалавек пайсьці і ўзяць дом ураду. Людзі самі мусяць вырашыць гэтае пытаньне. Не апазыцыя вяла ўкраінцаў на Майдан, людзі самі гэта зрабілі».

— Я з вамі дом урада браць не пайду, — тут жа заяўляе пра сваю пазыцыю Крупейчанка. Па ягоных словах, фальсыфікацыяў і перашкодаў на ягонай акрузе назіральнікі не фіксуюць.

Алег Гайдукевіч папрасіўся сысьці раней, бо ў яго на акрузе пачынаецца «пікет-канцэрт». Тут мікрафон літаральна захапіў рэжысёр Аляксей Туровіч. «Я быў асуджаны ў 2009 годзе па сфабрыкаванай Гайдукевічам крымінальнай справе. 6 гадоў мне далі, два з паловай гады трымалі ў адзіночнай камэры, катавалі мяне, забівалі! У мяне пытаньне, Алег Сяргеевіч, вы сфабрыкавалі справу, вы злачынца, ніводнага доказу няма, у мяне дакумэнты ёсьць! Якое вы маеце права ўвогуле да дэпутацкага корпуса! Я ведаю, што вы вінаватыя шмат у якіх злачынствах і вам гэта дарам ня пройдзе!»

«Пасадзілі і ганаруся гэтым», — заявіў Гайдукевіч і пакінуў залю.

«Калі не абароненая сьпіна ў чалавека, як вы можаце тут размаўляць! — крычаў Туровіч на журналістаў і кандыдатаў, — Мне сорамна за вас!»

На пытаньне, што кандыдаты ў дэпутаты будуць рабіць 11-12 верасьня, ахвотна і адназначна выказаўся толькі прадстаўнік «зялёных» Дзьмітры Кучук: «Я пайду на Кастрычніцкую плошчу».

«Вось так людзі крычаць не з-за выбарчага заканадаўства, а таму што яны не абароненыя», — рэзюмаваў Андрэй Дзьмітрыеў. — А хто гатовы здаць мандат, калі ў панядзелак высьветліцца, што ён абраны дэпутатам? — запытаўся Андрэй Дзьмітрыеў. Дзьмітры Кучук ад партыі «зялёных» назваў гэтае пытаньне «фантастычным», а Юры Губарэвіч з Руху за свабоду адказаў ўсур’ёз: «Калі я буду перакананы, што мая перамога — заслуга маёй каманды, я здаваць свой мандат ня буду».

«Калі ўлада дарасьце да таго, што чалавек ад апазыцыі будзе ў парлямэнце, нават „прызначаны“, — кажа Аляксей Янукевіч. — гэта будзе толькі на карысьць усім. Такі чалавек ня мусіць здаваць свой мандат».

Чарговыя парлямэнцкія выбары ў Беларусі сёлета пройдуць 11 верасьня. Паводле інфармацыі ЦВК за тры дні датэрміновага галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў на выбарчыя ўчасткі прыйшлі 24,31 % выбарнікаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG