Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Наш адказ «Актобэрфэсту»: тры беларускія піўныя фэсты-2016


Сёлета ў Беларусі прайшлі тры піўныя фэсты, арганізатарамі якіх выступілі брэнды «Баброў», «Аліварыя» і «Лідзкае піва». Пасьля заняпаду піўных сьвятаў «Смага» і «Кубак піва» ў Беларусі аднаўляюцца традыцыі правядзеньня піўных фэстываляў. Ці ёсьць у нас альтэрнатыва мюнхэнскаму «Актобэрфэсту», мяркуйце самі.

«Рок за „Баброў“ »-2016

Дата: 30 ліпеня

Месца: аэрадром «Баравая», г. Менск

Уваход: 25 рублёў

Колькасьць наведнікаў: 15 тысяч

Намётавы гарадок: не

Гісторыя

Фэст «Рок за „Баброў“» сёлета аднавіўся пасьля двухгадовага перапынку. Спачатку ён праводзіўся на радзіме піва «Баброў» у Бабруйску (2005–2007), праз год маўчаньня пераехаў у Сілічы, а з 2011 году — на аэрадром «Баравая». Уваход на рок-фэстываль сёлета быў платны і каштаваў 25 рублёў.

Хэдлайнэрам першага фэсту ў Бабруйску выступіў гурт «БІ-2». Потым у розныя гады ў ім бралі ўдзел музыкі з рок-гуртоў «Акіян Эльзы» «Начныя снайпэры», «Горад 312», «Парк Горкага», «J:морс», «The Toobes» і шмат хто яшчэ.

Музыка

Фэст «Рок за „Баброў“» адрасаваны тым, хто любіць піва гэтак жа, як рок-музыку. Сёлета лайн-ап фэсту абяцаў 10 гадзін музыкі ад 10 гуртоў. З трэцяй гадзіны дня і да гадзіны ночы на сцэне выступалі спачатку беларускія гурты «Akute», «Безь білета», «Мутнаевока», «Nizkiz» і «Super Boys», а потым госьці фэстывалю «Noize MC», «Пятніца», «Воплі Відаплясава», «Брава» і «Мумій Троль». Лайн-ап 5+5 стаў сёлета адметнасьцю, бо раней сьпіс выступоўцаў складаўся пераважна зь беларускіх музыкаў, разбаўленых двума-трыма гасьцямі з СНД.

Беларускія гурты цудоўна разагрэлі публіку, а вось канал ОНТ пачаў здымаць канцэрт толькі з выступу замежных музыкаў. Прычым вядоўца шматкроць нагадваў пра гэта, заклікаючы натоўп галёкаць на камэру: маўляў, пакажыце, як вам крута, вас потым па тэлеку пакажуць. Ці трэба казаць, што з натоўпу чуліся незадаволеныя выкрыкі з парадай вядоўцу сысьці са сцэны і вызваліць месца музыкам. Каб ня гэты момант, прэтэнзіяў да канцэрту не было б, хоць музыкі і скардзіліся на гук, а аднойчы ён зусім прапаў.

Рэчытатывы ад «Noize MC», улюбёныя песьні «Пятніцы», скокі пад «Воплі Відаплясава» і сапраўдны рок-н-рол пад «Брава» — так адрывалася публіка на канцэрце. Завяршылася ўсё выступам «Мумій Троля» — хэдлайнэра сёлетняга фэсту.

Інтэрактыўнасьці

Сёлета арганізатары паспрабавалі зладзіць фэст эўрапейскага ўзроўню. Яны ня толькі запрасілі слынных рок-музыкаў і паставілі пункты разьліву піва. Ідэя фэстывалю была ў аб’яднаньні двух пакаленьняў рокераў «Old School» і «New Wave» — аматараў року 80-90-х і сучасных мэляманаў. Тут рабілі рокерскія прычоскі і татухі, а таксама фатаграфаваліся з размаляванымі дзяўчаткамі ў адных майтках. Тут можна было адправіць паштоўку сябру ў любы куток сьвету. Мабільная сувязь часам зьнікала, але гаджэты можна было падзарадзіць ад сонечнай батарэі.

Піва ды ежа

І хаця «Рок за «Баброў» — больш музычны фэст, чым піўны, але піва тут лілося ракой: хмельны «Баброў» і безалькагольны «Бажант». Есьці і піць дазвалялася толькі ў двух загончыках пад назвай «фуд-корт», дзе разьмясьцілася некалькі пунктаў фаст-фуду. Дастаяцца ў чэргах па ежу можна было яшчэ напачатку фэсту, але выбар быў невялікі: шашлыкі, бургеры, піты зь мясам і без. А яшчэ міні-кальяны. Бліжэй да хэдлайнэраў чэргі сталі кілямэтровыя, а ежа зусім скончылася. Ня дзіва, калі порцыяў было падрыхтавана толькі 5 тысяч, а квіткоў прададзена ўтрая болей. Добра, што на ўваходнай браме прапускалі са сваёй ежай і пітвом, інакш 10 гадзін было б проста ня вытрымаць.

Арганізацыя

Ладна яшчэ, калі арганізатары ня могуць прадугледзець колькасьць наведнікаў бясплатнага фэсту і абсталяваць дастаткова пунктаў харчаваньня і прыбіральняў. Але на платным мерапрыемстве, квіткі на якое прадаюцца загадзя, гэта недапушчальна. Таму амаль у кожным водгуку пра фэст вы знойдзеце захапленьне канцэртам і абурэньне чэргамі па ежу і ў прыбіральню. Бо навошта тады ісьці на фэст, калі ўсю першую палову канцэрту прастаяць у чарзе па піва ды ежу, а потым другую палову — у туалет, зь півам і ежай у руках. Глядзіш, пакуль тое дойдзе да страўніка і мачавога пухіра, то і чарга падыдзе. Апоўначы прыбіральні наагул зачыніліся, і ўся чарга пайшла да ветру абы-куды.

Арганізатары не прадугледзелі нават бранзалецікаў. З загародкі, адведзенай пад канцэрт, не было магчымасьці выйсьці і зайсьці наноў — толькі зноў заплаціўшы за квіток.

Канцэрт зацягнуўся, і людзі, якія дабылі да канца, потым пешшу ішлі да гораду па шашы, бо грамадзкі транспарт ужо не хадзіў, а трансфэру да гораду не арганізавалі.

Трэба адзначыць і плюсы ў працы арганізатараў. Па-першае, на канцэрце была абсталяваная зона для калясачнікаў, дзе людзям з абмежаванымі магчымасьцямі было досыць камфортна, калі не лічыць, што ім таксама неяк трэба было дабрацца да фуд-корту і ў прыбіральню. Па-другое, хоць узроставыя абмежаваньні фэсту былі заяўленыя як 18+, арганізатары паклапаціліся пра бацькоў зь дзецьмі: паставілі надзіманую горку. Па-трэцяе, госьці фэсту маглі разьмясьціцца ня толькі на траўцы і ўласных кілімах, але і за столікамі, на бескаркасных фатэлях і паддонах.

«А-фэст»

Дата: 13 жніўня

Месца: Лошыцкі парк, г. Менск

Уваход: вольны

Колькасьць наведнікаў: 80 тысяч

Намётавы гарадок: не

Гісторыя

Кампанія «Аліварыя» сёлета правяла першы фэст, прысьвечаны дню народзінаў гарадзкога галавы Менску — графа Чапскага, які за тры тэрміны свайго кіраваньня (1890–1901) пабудаваў ня толькі бровар (цяпер піўзавод «Аліварыя»), але і гарадзкі тэатар, публічную бібліятэку, тэлефонную і электрастанцыю, адкрыў прытулак для бяздомных, ясьлі для дзетак працоўных і шпіталь для прасталытак, узьвёў некалькі мастоў празь Сьвіслач і заснаваў таварыства аматараў спорту. За 11 гадоў кіраваньня графа Чапскага Менск прайшоў шлях ад занядбанага губэрнскага гораду да сапраўднага эўрапейскага места. «Аліварыя» выпусьціла піва пад назвай «Граф Чапскі» ў гонар свайго заснавальніка і правяла самы маштабны гарадзкі фэст гэтага лета. Ён адбыўся ў Лошыцкім парку — сядзібе, дзе, згодна зь легендай, жыла каханая Чапскага.

Музыка

Выступаць на «А-фэст» былі запрошаныя самыя розныя музычныя гурты — «Ё-гурт» і Ганна Шалюціна, «Dominо», «Discowоx», «Navi», «J:Морс». Хэдлайнэрам канцэрту выступіў латвійскі бэнд «Brainstorm».

Пляцоўку для сцэны абралі вельмі ўдала: слухаць і назіраць за музыкамі можна было з пагорку, які служыў натуральнай трыбунай. Натоўп паступова зьбіраўся, каб паслухаць беларускіх музыкаў, а на «Brainstorm» ён дасягнуў некалькіх дзясяткаў тысяч.

Інтэрактыўнасьці

Акцэнт у фэсьце, на адрозьненьне ад «Року за „Баброў“», быў зроблены не на музыцы, а на інтэрактыўных зонах, прысьвечаных забавам ХІХ і ХХІ стагодзьдзя. У гістарычнай зоне можна было пагуляць у гарадкі, пэтанк, кракет і піўны цір, а ў сучаснай — у «Мазгабойню», А-тэтрыс і футбільярд. Цягам дня госьці спаборнічалі ў хуткасьці, трапнасьці, сіле і спрыце: каталі бочкі, прысядалі з кегамі, ганяліся на самакатах, лявіравалі паміж перашкодаў з падносам «піўных» келіхаў або траплялі ў дзірку талеркай фрызьбі — і за ўдзел атрымлівалі стылёвыя кардонныя капелюшы.

На прасторы парку арганізавалі кавярню 1864 году, а таксама музэй пад адкрытым небам, прысьвечаны піваварству, дзе піўны самэлье распавядаў пра культуру піцьця і ладзіў дэгустацыю.

Мода на вусы ды бароды паяднала дэндзі ХІХ стагодзьдзя і хіпстэраў ХХІ-га. Падчас фэсту гледачы маглі паназіраць, як стрыгуць вусы і бароды і як іх укладваюць пры дапамозе піва, а судзьдзі зь ліку знаных стылістаў і цырульнікаў ацэньвалі тое, што атрымалася. Пакуль барбэры наводзілі прыгажосьць, вядоўца запрашаў на сцэну арганізатараў і сам забаўляў публіку пытаньнямі пра піва, Чапскага і тагачасны Менск. Усе ахвотныя ўладальнікі вусоў і бародаў атрымалі бясплатную стрыжку і ўкладку, а вусачы паўдзельнічалі ў конкурсе двайнікоў графа Чапскага. Завяршылася барбэр-шоў парадам вусачоў і барадачоў на чале з абраным двайніком Чапскага (апошні ў шэрагу) і хадулістамі.

Піва ды ежа

Напаўненьне фуд-корту адпавядала канцэпцыі паяднаньня стагодзьдзяў. Дранікі суседнічалі з бургерамі, сэндвічы — з пловам. Пунктаў зь ежай было даволі шмат, але не дастаткова, каб задаволіць патрэбы вялікай колькасьці наведнікаў. Паводле ацэнак экспэртаў, прыйшло каля 80 тысяч. Піва прадавалася толькі да 20:00, і тое пад канец нешта сталася з кранікамі — адзін келіх на паўлітра цадзілі каля сямі хвілін. «Аліварыя» прадугледзела кардонныя торбачкі, у якія можна было ўставіць тры келіхі, каб не разьліць і двойчы не стаяць у чарзе.

Арганізацыя

Найперш трэба адзначыць, што арганізатары паставілі сабе за мэту зладзіць сапраўдны гарадзкі фэст эўрапейскага ўзроўню. І далі рады. Зоны актывацыі былі ўнікальныя. Гэта вам ня «горад майстроў» і не гульня ў настолкі. Інвэнтар стварылі адмыслова дзеля фэсту. Забавы былі тэматычныя з ухілам у спорт і інтэлект, што вельмі адпавядае вобразу прагрэсіўнага гарадзкога галавы Чапскага. Сама наяўнасьць у цэнтры сьвята культавай асобы з шырокім колам асацыяцыяў (піва, вусы, спорт, прагрэс) зьнітоўвае ўсе элемэнты фэсту ў адзінае цэлае.

Нельга не падзякаваць за беларускую мову ў афармленьні сьвята. За гэта можна прабачыць доўгія чэргі па ежу і ў прыбіральню. Гэта касяк усіх фэстаў. Здаецца, праблемы з чэргамі няма толькі на тым фэсьце, на які ніхто не прыйшоў.

«LidBeer»

Дата: 3 верасьня

Месца: г. Ліда

Уваход: вольны

Колькасьць наведнікаў: 100 тысяч

Намётавы гарадок: так

Гісторыя

Першы LidBeer-2015 наведала каля 65 тысяч чалавек. Праходзіў ён у сталіцы беларускага піваварства Лідзе, дзе было арганізавана больш за 40 культурных пляцовак і мноства пунктаў фуд-корту. Тады было выпіта каля 50 тысяч келіхаў піва ды іншых напояў.

Ліда яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі славілася сваім півам, таму невыпадкова лідзкі бровар летась заснаваў новы піўны фэст менавіта ў Лідзе, а сёлета працягнуў гэтую традыцыю, адзначыўшы 140 гадоў Лідзкага піўзаводу. На фэст прыехалі госьці з усяе Беларусі і блізкага замежжа. Такое адчуваньне, што менчукі паўцякалі са сталіцы, каб не адзначаць дзень гораду Менску, а трапілі на дзень гораду Ліды, які ўлады прымеркавалі да раскручанага за год у прэсе LidBeer.

Музыка

На фэсьце былі дзьве сцэны. На малой сцэне выступалі гурты «Мутнаевока», «Чып і Дэйл», «ЧуVство палёту», «Nizkiz», «Muzkultura», «Skynet» і «Skarlet». Пляцоўку абралі ня вельмі ўдала — на пляцы Леніна, дзе акустыка вельмі біла па вушах. Але сцэна ляжала на шляху квэсту, таму ўсе ахвотныя маглі знайсьці яе на мапе альбо ў мабільным дастасаваньні і паслухаць выступы беларускіх гуртоў.

Найлепшае ўражаньне з усёй вулічнай музыкі пакінуў духавы аркестар «SevenFold». Гурту толькі тры месяцы, але завялі хлопцы натоўп нават лепш, чым выступоўцы малой сцэны.

Прастора каля вялікай сцэны была агароджаная. Распачаў гала-канцэрт гурт «Trubetskoy» з улюбёнымі гітамі «Когда яблони цветут», «В платье белом» і «Харэ». Безь Міхалка гурту дазваляюць выступаць на радзіме нават на такіх маштабных мерапрыемствах, як LidBeer.

Потым на сцэну выйшаў Аляксандар Кулінковіч з гуртом «Neuro Dubel» і засьпяваў гіты з такімі простымі, але запамінальнымі прыпевамі пра біфідакефір і манту. Пакуль рыхтаваліся малдаване з «Zdob și Zdub», вядомыя нам кавэрам «Видели ночь» і цыганскімі матывамі, вядоўца выконваў разам з публікай «Купалінку», «Ау, ау» і, вы не паверыце, «3 сентября» Шуфуцінскага!

А пад канец, калі ў загончык ужо перасталі пускаць, бо туды набілася столькі, што на людзей ля турнікетаў перад сцэнай сталі напіраць дзясяткі тысяч гледачоў, а на пад’езьдзе да Ліды, паводле словаў вядоўцы, утварыўся 15-кілямэтровы затор, на сцэну выйшлі «БІ-2». Скакаць ужо не было магчымасьці, дыхаць таксама, але адыгралі музыкі як мае быць і скончылі свой выступ пад фаервэрк.

Інтэрактыўнасьці

Вакол Лідзкага замка ўвесь дзень працавалі пляцоўкі з інтэрактыўнасьцямі. Можна было пастраляць з лука, пагуляць у настолкі, набыць сабе сувэнір ад народных майстроў. Пры жаданьні можна было трапіць на экскурсію па Лідзкім піўзаводзе і замку, але чэргі былі вялікія, і шмат хто выбіраў гэта зьдзейсьніць іншым разам.

Была асобная зона для дзяцей, дзе разьмясьціліся атракцыёны, майстар-клясы і палігоны для лазэртагу.

Усе госьці маглі паўдзельнічаць у квэсьце па піўных мясьцінах Ліды, адказаць на 7 тэматычных пытаньняў і атрымаць сувэнір — печыва ў форме келіха з надпісам LidBeer.

Піва ды ежа

Шапікаў зь півам ды ежай было незраўнана больш, як на папярэдніх фэстах, але галодныя госьці ўсё адно мусілі доўга стаяць у чэргах. Зрэшты, хто не хацеў чакаць шашлыка, а выбіраў кукурузу, чабурэк, марозіва, каву ці чыпсы на палачцы, то мог атрымаць падмацунак за 5–10 хвілін.

Арганізацыя

Цэнтар Ліды быў перакрыты супрацоўнікамі ДАІ, што дало магчымасьць гасьцям сьвята спакойна гуляць сабе па горадзе, ня ціснучыся на ходніку. У першыя гадзіны яшчэ было магчыма прыпаркавацца непадалёк ад перакрытай зоны, а вось пазьней гэта быў той яшчэ квэст.

Чэргі па ежу і ў прыбіральню, натуральна, былі, але не такія безнадзейныя, як на «Баброве».

У адрозьненьне ад папярэдніх фэстаў, на LidBeer быў намётавы гарадок, бо жыльля ў Лідзе на 3–4 верасьня было не знайсьці ўжо за месяц да фэсту, а калі што і было, то ад 100 даляраў за ноч у аднапакаёўцы. Нягледзячы на намёты, пасьля фэсту на дарозе і бліжэйшай запраўцы ўтварыўся шматгадзінны затор, а на вакзале людзі заслалі сабой усю падлогу і так прачакалі цэлую ноч пасьля фэсту.

Пабываўшы на ўсіх трох беларускіх піўных фэстах гэтага лета, можна сказаць, што акцэнт у іх быў не на піве. Гэта, мабыць, галоўная адметнасьць, якая адрозьнівае нашы імпрэзы ад «Актобэрфэсту», дзе зазвычай прадстаўленыя шматлікія гатункі піва мясцовых бровараў, а мужчыны зь піўнымі жыватамі сядзяць і дэгустуюць яго ў прыемнай кампаніі. На беларускіх фэстах была манаполія продажу піва брэнда-арганізатара. Піўзаводы выступілі спонсарамі сьвятаў, якія вылучаюцца сярод афіцыйных сьвяткаваньняў «Дня гораду» і «Дажынак».

Паліна Масьлянкова для Радыё Свабода

XS
SM
MD
LG