Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Ого, бээнэфавец, я думала, што такія толькі ў Менску засталіся», — апошнія агітацыйныя дні на Берасьцейшчыне 


Рыгор Грык: «У канцлягеры ня можа быць выбараў»

Рыгор Грык: «У канцлягеры ня можа быць выбараў»

Пікеты пад бел-чырвона-белымі сьцягамі адбыліся ў розных рэгіёнах Берасьцейшчыны ў апошнія агітацыйныя дні. Апазыцыйныя кандыдаты кажуць пра нявер’е ў справядлівы падлік галасоў, але і здымацца з выбараў пакуль не зьбіраюцца.

Карэспандэнт Свабоды наведаў акцыі апазыцыянэраў у апошнія дні агітацыі.

На сустрэчы з кандыдатамі прыходзяць чыноўнікі

Кандыдат Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Валянцін Лазарэнкаў балятуецца па Івацэвіцкай выбарчай акрузе. Карэспандэнт Свабоды завітаў на сустрэчу з кандыдатам у вёсцы Спорава Бярозаўскага раёну.

Летась у Спораве вяскоўцы бунтавалі з нагоды таго, што возера аддалі ў арэнду прадпрымальніку, не параіўшыся зь людзьмі. Тады сацыял-дэмакрат Валянцін Лазарэнкаў дапамагаў вяскоўцам арганізоўваць пратэст. У выніку, арэнду з прыежджым прадпрымальнікам скасавалі.

На сустрэчы з кандыдатам Валянцінам Лазарэнкавым у Спораве

На сустрэчы з кандыдатам Валянцінам Лазарэнкавым у Спораве

Нягледзячы на вядомасьць спадара Лазарэнкава ў гэтай вёсцы, на сустрэчу зь ім у сельскі дом культуры прыйшлі толькі каля 20 чалавек.

«Людзі баяцца за сваю працу, сказалі не хадзіць,» — патлумачыў журналісту адзін з тых, хто прыйшоў на сустрэчу.

Валянцін Лазарэнкаў выступіў з палажэньнямі сваёй праграмы, адказаў на пытаньні. Размова ішла спакойна, пакуль прадстаўнікі мясцовых уладаў не пачалі задаваць пытаньні.

«Чаму вы 8 год не працавалі?» — у прыватнасьці папытаўся адзін зь вясковых чыноўнікаў.

«8 год я не працаваў таму, што мяне звольнілі з унівэрсытэту паводле палітычных перакананьняў...»

Валянцін Лазарэнкаў

Валянцін Лазарэнкаў

«Але навошта вы ідзяце па Івацэвіцкай выбарчай акрузе, калі вы маглі ісьці па Берасьцейскай?» — папытаўся спораўскі чыноўнік у Лазарэнкава, намякаючы на тое, што ён жыве ў Берасьці.

Кандыдат растлумачыў, што паходзіць родам зь Бярозаўшчыны, таму заўсёды тут балятуецца.

Вастрыні сустрэчы надала дыскусыя адной з удзельніц сходу з дырэктаркай спораўскага дому культуры пра фальсыфікацыі на выбарах. Спадарыня наўпрост заявіла, што, маўляў, такія «дырэктары займаюцца фальсыфікацыямі выбараў.» У выніку гарачай спрэчкі дэлегацыя чыноўнікаў сышла са сходу.

Пікет сябра партыі БНФ Зьмітра Вараб’я: «Вярнуць зямлю ўласьнікам»

Па Івацэвіцкай выбарчай акрузе апроч Лазарэнкава балятуецца кандыдат ад партыі БНФ Зьміцер Варабей. Спадар сьцьвярджае, што ён адзін з трох сябраў БНФ, якія ідуць кандыдатамі пад лёзунгам вяртаньня адабранай да 1939 году зямлі.

Карэспандэнт Свабоды завітаў на пікет Зьмітра Вараб’я ў Івацэвічах.
«Ого, бээнэфавец, я думала, што такія толькі ў Менску засталіся,» — першая рэакцыя мінакоў на пікет.

Пікет у Івацэвічах з удзелам кандыдата ў дэпутаты Зьмітра Вараб’я

Пікет у Івацэвічах з удзелам кандыдата ў дэпутаты Зьмітра Вараб’я

Людзі зьдзіўляюцца пікету пад бел-чырвона-белым сьцягам насупраць Івацэвіцкага райвыканкаму. Відавочна, што гэтая зьява тут нячастая. Адна спадарыня, якая пагутарыла крыху з кандыдатам, потым павярнулася ды кажа:

«Мне ўжо з райвыканкаму нават патэлефанавалі, чаго ты там стаіш. Я ж раней у райвыканкаме працавала, але цяпер на пэнсіі, таму і не баюся.»
Спадар Варабей патлумачыў журналісту, што ў малым горадзе як Івацэвічы, ціск на іншадумцаў адчуваецца:

«Працаваў сакратаром у судзе, у іншых арганізацыях, усюды папракалі за тое, што запаўняю дакумэнты па-беларуску.»

У выніку, кажа Зьміцер, ад дзяржаўнай працы давялося адмовіцца, цяпер ён індывідуальны прадпрымальнік.

Літвін Зьміцер Варабей абяцае вярнуць зямлю ўласьнікам

Літвін Зьміцер Варабей абяцае вярнуць зямлю ўласьнікам

Зьміцер Варабей кажа, што быў зьдзіўлены шырокай палеміцы, якая разгарнулася ў інтэрнэце вакол лёзунгу «Вярнуць зямлю яе ўласьнікам да 1939 году.»

Спадар кажа, што з гэтай ідэяй ён ішоў яшчэ на мясцовых выбарах у 2014 годзе:

«А першым гэтую ідэю ўздымаў намесьнік старшыні партыі БНФ Алесь Стральцоў на выбарах у парлямэнт у 2012 годзе. Палеміка, якая зараз разгарнулася ў інтэрнэце, пра тое, што маўляў, зьбіраемся вяртаць зямлю палякам — гэта проста глупства. Сытуацыя ў чым? У нас на сёньняшні дзень яшчэ няма закону аб прыватнай уласнасьці на зямлю ў прынцыпе. Таму трэба спачатку распрацаваць гэты закон. Як у любой цывілізаванай краіне зямлю ва ўласнасьці могуць трымаць толькі грамадзяне Рэспублікі Беларусь, няважна якой яны нацыянальнасьці, хоць ён габрэй, хоць немец, хоць кітаец. Галоўнае даказаць свае правы на зямлю.»

Сам Зьміцер Варабей нават на сваёй улётцы падпісаны літвінам.

Пікет Грыка ў Баранавічах: «Якія выбары ў канцлягеры?»

Пікет Рыгора Грыка супраць фальсыфікацыі выбараў

Пікет Рыгора Грыка супраць фальсыфікацыі выбараў

У суседніх з Івацэвічамі Баранавічах пікеты кандыдатаў пад бел-чырвона-белымі сьцягамі адбываліся нашмат часьцей.
Апроч уласна кандыдацкіх пікетаў, вядомы баранавіцкі грамадзкі «актывіст у канцлягернай робе» Рыгор Грык падаваў у гарвыканкам заяўку на правядзеньне мітынгу «супраць фальсыфікацыяў выбараў». Аднак мітынгаваць забаранілі, спаслаўшыся на закон аб масавых мерапрыемствах.

Таму Рыгор Грык зладзіў пікет пад лёзунгам супраць фальсыфікацыі выбараў скарыстаўшыся правам на пікет як давераная асоба кандыдата ў дэпутаты Мікалая Чарнавуса старэйшага.

Традыцыйна, спадар Грык выйшаў на пікет зладзіўшы пэрфоманс у канлягернай вопратцы.

«У канцлягеры ня можа быць выбараў. Хіба могуць зьняволеныя абіраць сабе наглядчыкаў?» — кажа Рыгор Грык.

Апазыцыянэры кажуць, што выбарчую кампанію карыстаюць як легальную магчымасьць «пагутарыць зь людзьмі на вуліцы пад бел-чырвона-белымі сьцягамі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG