Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Расеі зьбілі валянтэраў: «Валіце ў сваю Піндосію!»


У Расеі на Кубані напалі на валянтэраў «Грынпіс» і Экалягічнай Вахты па Паўночным Каўказе, якія дапамагалі мясцовым супрацоўнікам МНС у тушэньні пажараў.

У ноч з 8 на 9 верасьня ў экалягічны лягер праніклі восем моцных маладых людзей у масках з дубінкамі, нажамі і пісталетамі. Яны парэзалі палаткі, пашкодзілі аўтамабілі, скралі тэхніку. У супрацоўніка «Грынпіс» Міхаіла Крэйндліна зламаны нос, у яго дыягнаставалі сатрасеньне мозгу. У добраахвотніка з Забайкальля Андрэя Паламошнава зламаныя рэбры.

Тыя, хто нападаў, крычалі, каб добраахвотнікі ўбіраліся «у сваю Амэрыку, у сваю Піндосію». На варотах базы напісалі: «Тут піндосы».

Напярэдадні нападу эколягаў перасьледавалі мясцовыя казакі, называлі «здраднікамі радзімы», спрабавалі пераканаць зьехаць у Маскву.

Добраахвотнікі «Грынпіс» дапамагаюць мясцовым уладам у тушэньні шматлікіх і даволі сурʼёзных прыродных пажараў. Менавіта дзеля гэтага яны і прыехалі на Кубань 5 верасьня. Мэта экспэдыцыі — барацьба з балотнымі пажарамі Бэйсугаўскіх паплавоў і Ахтар-Грывенскай сыстэмы ліманаў. Большая частка гэтых паплавоў знаходзіцца ў карыстаньні Бэйсугаўскай нерастовай гаспадаркі, якім кіруе Ігар Джэўс. Менавіта там у гэты час з году ў год адбываюцца падпалы травы. Эколягі кажуць, што паездка была ўзгоднена з уладамі Кубані.

Актывісты зьвярнуліся ў паліцыю і зьнялі пабоі, выклікалі хуткую дапамогу. Цяпер у лягеры працуе паліцыя. У мэтах бясьпекі валянтэры пераяжджаюць на іншае месца.

Пра абставіны нападу Радыё Свабода распавёў кіраўнік валянтэрскай праграмы «Грынпіс» Рыгор Куксін:

— Напад адбыўся прыкладна ў 1 гадзіну ночы, у 1:10. На жаль, усе ўдзельнікі лягера, акрамя трох дзяжурных, якія глядзелі за парадкам, ужо спалі. Вярнуліся пасьля цяжкага тушэньня. Учора абаранялі населены пункт, паблізу якога дзейнічаў пажар, тушылі на цяжкадаступных тэрыторыях. Там былі «разборкі» зь нейкімі мясцовымі казакамі, якія спрабавалі чагосьці патрабаваць, былі чымсьці незадаволеныя, але на пажар з намі ехаць адмовіліся. Пасьля гэтага мы адпрацавалі на пажарах, якія разьвіваліся, пакуль нас утрымлівалі гэтыя людзі. Пасьля гэтага, вярнуўшыся на базу, натуральна, леглі спаць, таму што заўтра трэба было ўставаць і ехаць на тушэньне, працягваць змагацца з пажарамі. У 1 гадзіну ночы здарылася напад. Узброеныя людзі ўварваліся праз плот на прыватную тэрыторыю, дзе мы базаваліся, пачалі зьбіваць нашых добраахвотнікаў, нашых супрацоўнікаў бітамі, нажамі парэзалі колы на аўтамабілях, разьбілі шыбы, закінулі нейкія піратэхнічныя шкляныя колбы, якія выбухалі, а ўсярэдзіне быў нейкі зьедлівы хімічны склад. Аблівалі з газавых балёнчыкаў, рэзалі палаткі, у якіх спалі людзі. Можаце сабе ўявіць рэакцыю дзяўчыны-добраахвотніцы, якая ехала праз усю краіну дапамагаць змагацца з пажарамі, дапамагаць навучаць навігацыі, картаграфіі, тэхніцы і тактыцы тушэньня. І ў якасьці падзякі за бясплатнае начное тушэньне, добраахвотнае ў чужым рэгіёне, яна прачынаецца ад таго, што людзі ў масках нажамі разразаюць над ёй палатку, пры ёй зьбіваюць бітамі, ламаюць нос, разьбіваюць твар яе таварышам. Дзіўны прыём, якога мы не чакалі на Кубані...

Цалкам рэпартаж з Кубані чытайце ТУТ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG