Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія памежнікі на Валыні прадухілілі незаконны вываз у Беларусь 24 мяшкоў сала


Супрацоўнікі Луцкага памежнага аддзелу сёньня затрымалі грамадзяніна Ўкраіны, які намагаўся незаконна вывезьці ў Беларусь тону сала.

Як паведамілі Свабодзе ў Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны, інфармацыю пра магчымае правапарушэньне памежнікі атрымалі напярэдадні, таму сёньня раніцай гэты кірунак быў узмоцнены дадатковымі сіламі. «Кіроўца, які спрабаваў схавацца, быў спынены памежнікамі за 30 мэтраў ад мяжы. Ён перавозіў 24 мяшкі сала вагой каля адной тоны на аўтамабілі «Аўдзі», — адзначылі ў памежнай службе Ўкраіны.

Тавар сканфіскаваны, а на парушальніка складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні.

Аналягічны выпадак на гэтым жа кірунку мяжы адбыўся 2 верасьня. Тады ўкраінец спрабаваў незаконна вывезьці ў Беларусь 18 мяшкоў сала.

26 жніўня стала вядома, што ў двух раёнах Валынскай вобласьці выявілі афрыканскую чуму сьвіней. У гэтых раёнах забаранілі прадаваць сьвініну на рынках і ў крамах, а таксама ўсталявалі вэтэрынарна-паліцэйскія пасты са шлягбаўмам ды папераджальнымі знакамі.

XS
SM
MD
LG