Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізацыйны камітэт Эўрабачаньня-2017 назваў 9 верасьня горад, які будзе праводзіць сьпеўны конкурс ва Ўкраіне.

Кіеў атрымаў 19 галасоў сябраў нацыянальнага аргкамітэту, Адэса — 2.

Украіна займела права прымаць міжнародны конкурс песьні «Эўрабачаньне-2017» пасьля таго, як украінская сьпявачка Джамала перамагла на гэтым конкурсе ў 2016 годзе ў Стакгольме. Яна выступіла зь песьняй «1944», у якой распавядаецца пра трагедыю крымскататарскага народу.

За права прымаць конкурс змагаліся шэсьць украінскіх гарадоў — Кіеў, Дніпро, Львоў, Адэса, Харкаў і Херсон. Пасьля першага этапу адбору ў фінал выйшлі Дніпро, Адэса і Кіеў.

8 жніўня Кабінэт міністраў Украіны выдзеліў на Эўрабачаньне 450 мільёнаў грыўняў.

«Папраўдзе вельмі важным складовым элемэнтам былі фінансавыя гарантыі. Украіна ўжо зрабіла адпаведны крок перад Эўрабачаньнем, і трэба было засяродзіцца на тым, каб менавіта горад, які будзе прымаць конкурс, дапамог дадаткова прафінансаваць адпаведныя захады коштам мясцовага бюджэту», — патлумачыў міністар культуры Ўкраіны Яўген Нішчук.

Паводле яго, Міжнародны выставачны цэнтар загадзя будзе аснашчаны гукавым абсталяваньнем і падрыхтаваны для прыняцьця ад 12 да 13 тысяч гледачоў.

«Усё будзе падрыхтавана і навокал — ляндшафтны дызайн, арганізаваны пераезд рачнымі трамваямі з правага на левы бераг. Разглядаецца новая пляцоўка для Эўраклюбу — гэта гелікоптэрная пляцоўка на Паркавай алеі», — паведаміў міністар.

Украіна ў 2006 годзе ўжо праводзіла конкурс «Эўрабачаньне» — пасьля перамогі ў 2005 годзе ўкраінскай сьпявачкі Русланы. Конкурс праходзіў у Кіеве ў Палацы спорту.

Сёлета пераможцай конкурсу «Эўрабачаньне» стала ўкраінская сьпявачка крымскататарскага паходжаньня Джамала.

Раней міністар фінансаў Украіны Аляксандр Данілюк дапускаў, што Ўкраіна можа перадаць права на правядзеньне «Эўрабачаньня» іншай краіне праз надта высокі кошт правядзеньня гэтага конкурсу.

XS
SM
MD
LG