Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памятаю, як на восьмага верасьня 1992 году адбылося шэсьце з паходнямі Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў. Сотні патрыётаў-вайскоўцаў рушылі па галоўным праспэкце сталіцы. Відовішча было рэзананснае. Пэрформанс удалы. Беларускаму народу яскрава нагадалі пра ягоныя ж перамогі.

Сёлетняя гадавіна Дня вайсковай славы пачалася таксама з пэрформансаў, нават раней за дату.

6 верасьня каля Веткі актывісты «Маладога фронту» перанялі сьцяг БЗВ. Яны зладзілі іншы, але ня менш рэзанансны пэрформанс. Чальцы МФ і клюбу «Ваяр» у лесе каля расейскае мяжы капалі акопы.

«Мы вырашылі правесьці акцыю, якой прадэманструем, што межы Беларусі трэба бараніць найперш з усходу», – зазначыў лідэр МФ Зьміцер Дашкевіч.

Здаецца, найбольш уразіліся такому пэрформансу веткаўскія мясцовыя ўлады, якія таксама рыхтуюцца стаць удзельнікамі агульнадзяржаўнага пэрформансу пад назовам – выбары.

Надоечы заехаў я па справах на сталічны бульвар Шаўчэнкі. Па вуліцы езьдзіць аўтобус-мэгафон і заклікае на выбары. Навязьліва так заклікае, і міжволі сьледам узьнікае тэлевізійная карцінка датэрміновага галасаваньня студэнтаў, дзе пахмурыя студыёзусы шыхтуюцца ў пакорныя чэргі да выбарчых кабінак пад наглядам ахоўнікаў-міліцыянтаў.

Ну чым не пэрформанс?

Наперадзе ўяўляюцца такія ж шэрагі пэнсіянэраў у дзень галасаваньня.

Хоцькі-няхоцькі ўзьнікае асацыяцыя з акупацыйнай уладай часоў Другой сусьветнай.

У супрацьвагу – іншая тэлевізійная карцінка – трансьляцыі футбольнага матчу з Барысаў-Арэны, дзе пад «Белымі Крыламі», зь нядаўняга часу сымбалем беларускай нацыянальнай футбольнай каманды – буйства энэргіі, нацыянальных колераў, «Пагоняў» і духавітых крычалак у часе адборачнага матчу Беларусь – Францыя. Менавіта з таго самага стадыёну, дзе год таму актывіста МФ Зьмітра Хведарука зацягнулі ў пастарунак за шалік з «Пагоняй» «інтэлектуалы» з АМОНу.

Якая фантастычная зьмена дэкарацыяў!

На гэтым верасьнёўскія пэрформансы не спыняюцца.

На адкрыцьці Паралімпійскіх гульняў у Рыё беларуская дэлегацыя разам зь дзяржаўным сьцягам падымае расейкі трыкалёр. Тым самым падводзячы беларускіх паралімпійцаў пад магчымыя санкцыі з боку Міжнароднага алімпійскага камітэту.

Лукашэнка заяўляе, што гэта годны ўчынак.

Далей болей.

Увечары апазыцыяй плянуецца мітынг каля Опэры з нагоды гадавіны Аршанскае перамогі князя Канстанціна Іванавіча Астроскага ў 1514 годзе. Дзея, якая выпала з палітычнага кантэксту краіны гадоў зь пятнаццаць-дваццаць таму.

Усе гэтыя вясёлыя пазлы складаюцца ў такую ж вясёлую карціну й сьведчаць пра адно – наступае новая хваля спаборніцтва ідэяў і формаў іхнага ўвасабленьня.

Але варта зазначыць вельмі красамоўнае, можна сказаць, знакавае візуальнае параўнаньне энэргіі згаданых пэрформансаў.

З аднаго боку зацятае рыцьцё акопаў на расейскай мяжы й неўтаймоўная тарсіда на барысаўскім стадыёне, зь іншага – шэрагі палонных студэнтаў-пэнсіянэраў і расейскі сьцяг інвалідаў-паралімпійцаў.

Карцінка тлумачыць усё.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG