Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будаўнічыя нормы Беларусі зьменяць, каб дзеці не выпадалі з вокнаў


У праграме «Буйным плянам» на тэлеканале «Беларусь-1» старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч паабяцаў, што ў будучыні ў Беларусі будуць зьмененыя будаўнічыя нормы і правілы дзеля бясьпекі дзяцей, перадае БЕЛТА.

«Ужо ўносяцца зьмены ў будаўнічыя нормы і правілы, дзе будзе прадугледжана, што кожная ўстанова з масавым наведваньнем дзяцей павінна быць абсталяваная аконнымі блёкамі толькі з дадатковымі сродкамі абароны — няхай гэта будуць фіксатары, няхай гэта будуць замкі на вокны», — сказаў Наскевіч.

Падобна, што гаворка пра звычайныя жылыя дамы не вядзецца.

Падзеньне з вышыні займае трэцяе месца сярод прычынаў дзіцячых сьмерцяў у Беларусі. Раней Наскевіч прапаноўваў зрабіць больш жорсткім пакараньне для бацькоў (і сьцьвярджаў, што 90% падзеньняў адбываюцца празь недагляд бацькоў). А генпракурор Беларусі Аляксандар Канюк фактычна абвінаваціў у гэтым прадаўцоў няякасных маскітных сетак, ня выключыўшы для іх крымінальнай адказнасьці.

Таксама ў эфіры тэлеперадачы Наскевіч ня выключыў, што некалі ў Беларусі будзе зьнятая крымінальная адказнасьць за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць (генпракурор раней выказваўся супраць гэтага).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG