Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Украіна абвінаваціла Польшчу ў «палітызацыі гісторыі»


Парлямэнт Украіны асудзіў у чацьвер ліпеньскае рашэньне Сэйму і Сэнату Польшчы па справе валынскай разьні.

Падзеі на Валыні падчас ІІ сусьветнай вайны польскія парлямэнтарыі назвалі генацыдам. У адказе ўкраінцы назвалі гэтую фармулёўку «палітызацыяй гісторыі» і заявілі, што пастанова польскага парлямэнту перакрэсьлівае дасягненьні шматгадовага гістарычнага дыялёгу, паведамляе Польскае агенства друку.

У прынятай рэзалюцыі Вярхоўная Рада заклікала да прымірэньня паміж двума народамі, а таксама да дакладнага вывучэньня падзей, якія адбыліся на Валыні падчас ІІ сусьветнай вайны.

Гаворка пра сыстэматычныя напады баявога крыла Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў — Украінскай паўстанцкай арміі на населеныя пункты, у якіх жылі, пераважна, этнічныя палякі.

Парлямэнт у Кіеве заявіў, што «са смуткам, расчараваньнем і глыбокім непакоем прыняў рашэньне Сэнату й Сэйму па справе падзей на Валыні».

«Парлямэнт Украіны лічыць, што ўстаноўлены Сэймам і Сэнатам Польшчы Нацыянальны дзень памяці ахвяр генацыду, зьдзейсьненага ўкраінскімі нацыяналістамі супраць грамадзянаў міжваеннай Польшчы (...) зьяўляецца праявай палітызацыі трагічных старонак украінска-польскай гісторыі» — гаворыцца ў заяве Вярхоўнай Рады Ўкраіны.

Паводле розных зьвестак, ахвярамі ўкраінскіх нацыяналістаў у гады ІІ сусьветнай вайны сталі ад 30 да 100 тысяч тысяч чалавек.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG