Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары: дзёгаць з шасьцю лыжкамі цукру ня будзе салодкім


Ці сапраўды сёлетнія выбары ў Палату прадстаўнікоў самыя дэмакратычныя з 2000 году, як цьвердзіць старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына?

Удзельнікі: Ўладзімер Глод, Валер Карбалевіч і Сяргей Навумчык.

Глод: Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына ўчора прагаласавала датэрмінова. Вялікай навіны ў гэтым няма, бо так яна робіць на кожных выбарах. Куды больш цікавай была яе заява журналістам пра сёлетнія выбары ў Палату прадстаўнікоў. Паводле Ярмошынай, «Гэтыя парлямэнцкія выбары — самыя дэмакратычныя з 2000 году... Яны праходзяць на 100% празрыста, дэмакратычна, актыўна. Скаргаў не паступала, парушэньняў няма».


Праваабаронцы, якія сочаць за выбарчай кампаніяй, з гэтым не пагаджаюцца. Бадай адзінае сьвятло тут — рэгістрацыя апазыцыйных кандыдатаў. Са знакавых асобаў адмоўлена фактычна двум — намесьніку старшыні руху «За свабоду» Алесю Лагвінцу і намесьніку старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалаю Казлову. Але сярод тых, за каго могуць галасаваць выбарнікі, Аляксей Янукевіч, Сяргей Калякін, Сяргей Скрабец, Юрась Губарэвіч, Алег Трусаў ды іншыя вядомыя ў апазыцыйным асяродку асобы.

Што тычыцца фармаваньня выбарчых камісіяў усіх роўняў, то тут сытуацыя параўнальна з папярэднімі выбарамі ня толькі не палепшылася, а нават пагоршылася. Гэта пацьвярджаюць лічбы, якія мы ўжо неаднойчы называлі у «Трайным удары». У такой сытуацыі надзвычай важным робіцца датэрміновае галасаваньне. Менавіта яно павінна паказаць: ці сапраўды ўлады хочуць нейкай лібэралізацыі выбарчага працэсу, ці іх заявы пра гэта — толькі пустыя словы, скіраваныя на міжнародных назіральнікаў ды тую частку жыхароў Беларусі, якая яшчэ верыць афіцыйнай прапагандзе.

улады сапраўды хочуць правесьці сёлетнія выбары больш свабодна і празрыста, чым раней. Аднак гэтаму перашкаджаюць арганізатары выбараў у рэгіёнах, якія працуюць па ранейшых схемах

Актуальнасьць праблемы падкрэсьліла і сустрэча Лукашэнкі з Ярмошынай за дзень да пачатку датэрміновага волевыяўленьня. На ёй кіраўнік дзяржавы зьвярнуў увагу тых, хто арганізоўвае выбары, адказвае за іх на месцах, каб не было нічога штучнага, каб ня гналі людзей на выбары. Аднак ужо першы дзень датэрміновага галасаваньня паказаў — словы Лукашэнкі арганізатары выбараў паўсюдна праігнаравалі. Афіцыйныя, падкрэсьліваю, афіцыйныя дадзеныя ЦВК пераконваюць — сёлета датэрміновае галасаваньне праходзіць нават болей інтэнсіўна, чым на папярэдніх аналягічных выбарах чатыры гады таму. Так, у першы дзень да скрыняў прыйшлі амаль 4% выбарнікаў. Гэта на 1% болей, чым у 2012 годзе.

Адкуль бяруцца такія вялікія лічбы? Назіральнікі ў межах кампаніі «Права выбару- 2016» заяўляюць, што выбарчыя камісіі завышаюць лічбы яўкі на датэрміновым галасаваньні. Так, паводле дадзеных назіральнікаў, на ўчастку № 637 Каліноўскай акругі ў Менску ў першы дзень прагаласавалі 500 чалавек, але камісіі сьцьвярджаюць, што прагаласавалі ўжо 928 чалавек. І такіх прыкладаў мноства.

Зь усяго гэтага можна прыйсьці да дзьвюх альтэрнатыўных высноваў. Першая — улады сапраўды хочуць правесьці сёлетнія выбары больш свабодна і празрыста, чым раней. Аднак гэтаму перашкаджаюць арганізатары выбараў у рэгіёнах, якія працуюць па ранейшых схемах. Другі варыянт — улады нічога зьмяняць ня хочуць. А іхныя заявы робяцца толькі для адводу вачэй. На месцах гэта ведаюць, таму і нічога не мяняюць. Скажыце, калегі, які варыянт адказу, на вашую думку, больш рэальны?

Апазыцыю больш не б’юць на вуліцах, не цягнуць у кутузку за вулічныя акцыі

Карбалевіч: Цяжка дакладна сфармуляваць балянс, ці стала кампанія больш ці менш дэмакратычнай. Калі параўноўваць з папярэднімі парлямэнцкімі выбарамі 2012 году, то палітычная атмасфэра зьмянілася ў лепшы бок. Апазыцыю больш не б’юць на вуліцах, не цягнуць у кутузку за вулічныя акцыі. Пікеты, пэрформансы і нават невялікія шэсьці ўлады не разганяюць. Вось і сёньня БНФ плянуе правесьці мітынг у гонар Дня беларускай вайсковай славы. Думаю, ён пройдзе без брутальнага разгону, што было немагчыма чатыры гады таму. Так складаюць пратаколы, штрафуюць праз суд, але гэта пэўны крок наперад.

Упершыню на парлямэнцкіх выбарах не прадугледжана дзяржаўнае фінансаваньне агітацыйнай кампаніі

Можна казаць пра фармальны прагрэс у пэўных працэдурных момантах. Вось фармаваньне выбарчых камісій выканкамы вымушаныя рабіць адкрыта, а не тайна, як раней. Праўда, гэта ніяк не паўплывала на вынік, на склад участковых камісій. Вось Ярмошына абяцае, што назіральнікаў дапусьцяць да аднаго боку стала падчас падліку галасоў. Раней назіральнікі маглі глядзець здалёк толькі на сьпіны чальцоў выбарчых камісій. Зьмянілася да лепшага стаўленьне і рыторыка да заходніх назіральнікаў. Беларускія ўлады ўсяляк дэманструюць гатоўнасьць да канструктыўнага дыялёгу па пытаньню выбараў. Але сутнасны зьмест беларускіх выбараў не зьмяніўся, яны праходзяць па звычайнаму сцэнару.

У некаторым сэнсе ёсьць і пагаршэньне ўмоваў правядзеньня выбараў для апазыцыі. Упершыню на парлямэнцкіх выбарах не прадугледжана дзяржаўнае фінансаваньне агітацыйнай кампаніі. Кандыдаты ў дэпутаты павінны ствараць свае выбарчыя фонды, у якія грамадзяне Беларусі могуць уносіць грошы. Прычым ананімныя ахвяраваньні забараняюцца. Але любы чалавек, які ўнёс у выбарчы фонд апазыцыйнага кандыдата больш-менш вялікую суму, адразу выкліча асаблівую цікавасьць у падатковых і іншых кантрольных органаў. Яго бізнэс зруйнуюць, чалавек падвяргаецца рэпрэсіям. Таму жадаючых рызыкаваць і фінансаваць кампанію апазыцыйнага кандыдата няшмат. А праўладныя кандыдаты нічым не рызыкуюць.

Выбарчая машына працуе па сваіх правілах

Што тычыцца датэрміновага галасаваньня. Хоць Лукашэнка і заклікаў, каб мясцовыя кіраўнікі не гналі людзей на выбары, але, думаю, ніхто зь мясцовай вэртыкалі не ўспрыняў гэтыя словы Лукашэнкі ўсур’ёз. Іх палічылі за звычайную рыторыку, для замежных назіральнікаў. Тым больш, што пляны па яўцы выбаршчыкаў на ўчасткі ніхто ж не здымаў. А як можна іх выканаць без датэрміновага галасаваньня. Зь іншага боку, нават калі выконваць ягонае пажаданьне, то ўзьнікае пытаньне, як гэта зрабіць. Выбарчая машына працуе па сваіх правілах. Яна канструявалася і настройвалася шмат гадоў. І за дзень пераарыентаваць яе немагчыма.

Навумчык: Само паняцьце дэмакратычныя і свабодныя выбары азначае, што вартасьць усіх элемэнтаў выбараў павінна быць абсалютнай. Гэта і фармаваньне выбарчых камісіяў, і роўны доступ да СМІ, доступ назіральнікаў, прадстаўнікоў кандыдатаў у дэпутаты да падліку бюлетэняў і гэтак далей. І калі на нейкім этапе штосьці зусім нязначна парушаецца, ужо нельга казаць пра дэмакратычнасьць і свабоду выбараў. Гэта як бы ў адзін цэбар паклалі тры лыжкі мёду, у другі шэсьць, і сказаць, што там, дзе шэсьць, дзёгаць больш салодкі. Ён у любым разе застаецца гэтым самым дзёгцем.

Гэта як бы ў адзін цэбар паклалі тры лыжкі мёду, у другі шэсьць, і сказаць, што там, дзе шэсьць, дзёгаць больш салодкі. Ён у любым разе застаецца гэтым самым дзёгцем

Прывяду прыклад. На выбарах 1990 году ў Вярхоўны Савет Беларусі па адной з менскіх выбарчых акругаў ішоў кандыдат ад БНФ, і літаральна за дзень да галасаваньня ў газэце «Вячэрні Мінск» быў надрукаваны артыкул з паклёпніцкімі пра яго зьвесткамі. Гэтага хапіла, каб на выбарчых участках у яго акрузе ён не набраў галасоў і ня быў абраны дэпутатам. Потым праз нейкі час ён даказаў, што ўсё гэта няпраўда, здаецца, газэта нават апублікавала абвяржэньне, але — цягнік сышоў. Сустрэчаў з выбаршчыкамі ў гэтага кандыдата былі ня менш, чым у яго канкурэнтаў, якіх падтрымлівала кампартыя, былі назіральнікі на выбарах — усё астатняе было нібыта нармальна. А вось аднаго элемэнту — доступу да смі для абвяржэньня паклёпу — не хапіла. Можна таксама прыгадаць 1995 год і фільм «Дети лжи» пра лідэраў БНФ. Таму ўсе элемэнты, усе этапы выбараў маюць вартасьць абсалютна. Мы такога ў Беларусі ня бачым.

Лукашэнка добры палітычны вучань

Як бы тое ні было, Лукашэнка добры палітычны вучань, і ў яго былі добрыя палітычныя настаўнікі, у тым ліку і тыя, зь якіх ён рабіў сваю палітыку наадварот, бачыў, як ня трэба рабіць, каб ня страціць уладу. Ён цудоўна памятае канец 80-х, калі Гарбачоў даў паслабленьне, калі няшмат спачатку дысыдэнтаў, потым прадстаўнікоў народных рухаў прайшлі ў Вярхоўныя Саветы рэспублік, у Беларусі іх было 8%, і добра памятае, чым гэта скончылася для КПСС, якая была ва ўладзе сем дзесяцігодзьдзяў. Таму вельмі сумнеўна, што ўлады прапусьцяць нейкую колькасьць прадстаўнікоў апазыцыйных партый у Палату Прадстаўнікоў. Ці спраўдзіцца мой прагноз, засталося чакаць няшмат.

XS
SM
MD
LG