Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна мае выйсьці зь Міжпарлямэнцкай асамблеі СНД — прадстаўнік украінскай ЦВК


Сустрэча міністраў абароны краінаў СНД у Маскве 15 чэрвеня 2016 году
Сустрэча міністраў абароны краінаў СНД у Маскве 15 чэрвеня 2016 году

Намесьнік старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Ўкраіны Андрэй Магэра мяркуе, што Ўкраіна мае завяршыць фармальную працэдуру выхаду з Садружнасьці незалежных дзяржаваў, і ў прыватнасьці — са складу Міжпарлямэнцкай асамблеі СНД.

«Пасьля таго як на частцы тэрыторыі Ўкраіны (Аўтаномнай Рэспублікі Крым і горада Севастопаля) Расея ўтварыла выбарчыя акругі на выбарах у Дзяржаўную думу Фэдэральнага сходу, непазьбежна паўстане пытаньне легітымнасьці новага скліканьня расейскага парлямэнту ў вачах украінскай дзяржавы», — сказаў Андрэй Магэра.

Паводле яго, Украіна мае пакінуць Міжпарлямэнцкую асамблею СНД ня толькі фактычна, але і фармальна. «Напрыклад, зрабіць дзеяньні, прадугледжаныя артыкулам 16 Пагадненьня ад 27 сакавіка 1992 года пра стварэньне Міжпарлямэнцкай асамблеі дзяржаваў-удзельніц Садружнасьці незалежных дзяржаў. А менавіта — на працягу шасьці месяцаў выйсьці з Пагадненьня, папярэдне накіраваўшы адпаведнае апавяшчэньне дэпазытару — парлямэнту Рэспублікі Беларусі. Для гэтага дастаткова, каб Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла пастанову, а не закон. Апавяшчэньне дастаткова будзе падпісаць старшыню Вярхоўнай Рады Ўкраіны», — адзначыў намесьнік старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Ўкраіны.

У сакавіку 2014 году Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны ўхваліла рашэньне пра пачатак працэдуры выхаду з Садружнасьці незалежных дзяржаваў, адмовіўшыся ад чарговага старшынства ў гэтай арганізацыі. Аднак юрыдычна працэс так і ня быў зрэалізаваны. Украіна палічыла мэтазгодным працягваць прадстаўніцтва ў вышэйшых органах СНД на мінімальным узроўні і супрацоўнічаць у тых галінах, якія ўяўляюць для яе цікавасьць. У той жа час на пасяджэньнях вышэйшых органаў Садружнасьці цягам 2014—2015 гадоў Украіна была прадстаўленая на ўзроўні кіраўнікоў дыпляматычных місіяў.

У жніўні афіцыйны Кіеў заклікаў грамадзян Украіны, якія знаходзяцца на тэрыторыі анэксаванага Расеяй Крыму, ня ўдзельнічаць у выбарах дэпутатаў Дзяржаўнай думы Расеі і папярэдзіў, што грамадзяне, уцягнутыя ў выбарчы працэс як прадстаўнікі партыяў, сябры тэрытарыяльных выбарчых камісіяў і назіральнікі, аўтаматычна стануць парушальнікамі нормаў міжнароднага і нацыянальнага права.

Пазьней міністар замежных справаў Украіны Паўло Клімкін заявіў пра нелегітымнасьць выбараў у Дзяржаўную думу Расеі 18 верасьня з прычыны іх правядзеньня ў тым ліку і на тэрыторыі анэксаванага Крыму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG