Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця вырашыў падтрымаць «дзяржсэктар» эканомікі Беларусі


Прэзыдэнт ЭБРР Сума Чакрабарці

Прэзыдэнт ЭБРР Сума Чакрабарці

Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця зацьвердзіў новую чатырохгадовую стратэгію для Беларусі, у якой вызначыў інвэстыцыйныя прыярытэты банка ў краіне.

Як перадае БелаПАН, у дакумэнце адзначаецца, што ў сувязі зь нядаўнімі зьменамі ў рэгіянальнай геапалітычнай абстаноўцы Беларусь стала дэманстраваць вялікую адкрытасьць на міжнародным узроўні і вялікую гатоўнасьць да абмеркаваньня палітычнай сытуацыі ўнутры краіны, у тым ліку пытаньняў, зьвязаных з выкананьнем правоў чалавека.

У ёй таксама гаворыцца, што гэтыя пазытыўныя зьмены, а таксама рэакцыя на іх міжнароднай супольнасьці «стварылі новы палітычны кантэкст для дзейнасьці ЭБРР» у Беларусі і «адкрылі магчымасьці для больш актыўнага ўзаемадзеяньня зь беларускімі ўладамі».

У сувязі з гэтым ЭБРР гатовы падтрымліваць ініцыятывы ўраду ў правядзеньні рэформаў. Дапамога будзе тэхнічнай, а таксама ў выглядзе інвэстыцыяў. Скіраваная яна мусіць быць на разьвіцьцё прыватнага сэктару, садзейнічаньне прыватызацыі, а таксама павышэньне ўстойлівасьці грамадзкай інфраструктуры.

На сайце Эўрапейскага банка рэканструкцыі і разьвіцьця пералічваюцца сфэры, у якіх ЭБРР мае намер узаемадзейнічаць зь Беларусьсю. Па-першае, гэта павышэньне канкурэнтаздольнасьці рэальнага сэктару эканомікі. ЭБРР, у прыватнасьці, будзе старацца прадстаўляць доўгатэрміновае даўгавое і акцыянэрнае фінансаваньне мясцовым і замежным інвэстарам, а таксама падтрымліваць крэдытаваньне малых і сярэдніх прадпрыемстваў. Банк таксама будзе спрыяць прыватызацыі дзяржпрадпрыемстваў стратэгічнымі інвэстарамі, якія змогуць даць капітал і ноў-хаў для павышэньня канкурэнтаздольнасьці і прадукцыйнасьці.

Яшчэ адной стратэгічнай сфэрай будзе павышэньне ўстойлівасьці і якасьці паслуг у сэктары грамадзкай інфраструктуры. ЭБРР будзе садзейнічаць удзелу прыватнага сэктару ў аказаньні грамадзкіх інфраструктурных паслуг. Банк таксама будзе імкнуцца падтрымліваць сваімі інвэстыцыямі і тэхнічнай дапамогай пэўныя ініцыятывы ўраду, накіраваныя на правядзеньне рэформаў у муніцыпальным, транспартным і энэргетычным сэктарах. ЭБРР будзе аказваць падтрымку ў гэтых сфэрах у адпаведнасьці з прынятай ім канцэпцыяй пераходу да зялёнай эканомікі.

Стратэгія ЭБРР на 2013-2015 гады не прадугледжвала фінансаваньня беларускага дзяржсэктару.

XS
SM
MD
LG