Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паляўнічаму на пакемонаў пагражаюць у СІЗА


Арыштаваны па абвінавачваньні ў абразе пачуцьцяў вернікаў блогер з расейскага Екацярынбургу Руслан Сакалоўскі скардзіцца на пагрозы і ціск з боку супрацоўнікаў сьледчага ізалятара.

Як паведаміў у сваім фэйсбуку сябра грамадзкай назіральнай камісіі Дзьмітрый Калінін, напярэдадні Руслана наведала псыхіятар, якая працуе ў СІЗА. Яна прыстрашыла блогера, што ўжо ўвечары ў сераду яго ў пазасудовым парадку адправяць на псыхіятрычную экспэртызу. У размове яна намякала на адмену мараторыя на сьмяротнае пакараньне ў Расеі, казала, што пратрымае яго да двух месяцаў у псыхіятрычным блёку СІЗА, што яго могуць зьбіць іншыя арыштанты і што адвакаты да яго не патрапяць. Сакалоўскі ўспрыняў гэта як запалохваньне.

Руслана Сакалоўскага затрымалі неўзабаве пасьля таго, як ён апублікаваў у сацыяльных сетках відэа, на якім зафіксаваная ягоная гульня ў лоўлю пакемонаў на смартфоне, у тым ліку ў праваслаўным храме. Яму былі прад’яўленыя абвінавачваньні ў распальваньні нянавісьці і абразе пачуцьцяў вернікаў. Суд у мінулую суботу арыштаваў блогера на два месяцы. У Сьледчым камітэце заяўляюць, што перасьлед Сакалоўскага зьвязаны ня з лоўляй пакемонаў, а з «абразьлівым» зьместам відэароліка.

XS
SM
MD
LG