Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Актывіст расейскага «Мэмарыялу»: Нас хочуць узяць зморам


Міністэрства юстыцыі Расеі робіць пазаплянавую праверку міжнароднага гісторыка-асьветніцкага, дабрачыннага і праваабарончага таварыства «Мэмарыял».

Пра гэта паведамляецца на сайце арганізацыі. Праверка пачалася 5 верасьня, яе вынікі павінны быць абвешчаныя не пазьней за 30 верасьня, мяркуюць у «Мэмарыяле». Праверка праводзіцца па даручэньні Генэральнай пракуратуры Расеі. Чыноўнікі высьвятляюць, ці не зьяўляецца арганізацыя «замежным агентам». Супрацоўнікі «Мемарыялу» прадставілі Мінюсту дакумэнты за чатыры гады працы — агульным аб’ёмам больш за 30 тысяч старонак. Напярэдадні статус «замежнага агента» атрымала найбуйнейшая сацыялягічная служба Расеі — «Лявада-цэнтар».

Адно са структурных падразьдзяленьняў «Міжнароднага Мэмарыялу» — Праваабарончы цэнтар «Мэмарыял» — быў прызнаны замежным агентам ў красавіку 2013 года. Па выніках праведзенай Мінюстам РФ праверкі Генпракуратура Расеі заявіла, што цэнтар «Мэмарыял» займаецца палітычнай дзейнасьцю. Шматлікія спробы абскардзіць гэта рашэньне выніку ня мелі. У кастрычніку 2014 года Мінюст зьвярнуўся ў Вярхоўны суд Расеі з пазовам аб ліквідацыі грамадзкай арганізацыі «Мэмарыял», але ў студзені 2015 года гэты пазоў быў адхілены.

Пра праверку «Міжнароднага Мэмарыялу» і пра яе магчымыя наступствы Радыё Свабода распавёў сябра праўленьня арганізацыі Аляксандр Чаркасаў:

Чаркасаў: 5 верасьня «Мэмарыял» здаў запатрабаваныя дакумэнты — гэта велізарная колькасьць папераў, дзесяткі тысяч лістоў. Але рэч у тым, што само па сабе правядзеньне такой праверкі выклікае некаторыя сумневы. «Мэмарыял» — гэта міжнародная арганізацыя. Ці можа міжнародная арганізацыя лічыцца замежным агентам, калі яна міжнародная? На гэты конт было рашэньне Канстытуцыйнага суду: не, ня можа. Тым ня менш цяпер Мінюст праводзіць у дачыненьні да «Міжнароднага Мэмарыялу» праверку менавіта па гэтай частцы. Закон аб замежных агентах, як бы ён ні быў дрэнны, не распаўсюджваецца на міжнародныя арганізацыі. Гэта было б сьмешна! Гэта як абвясьціць замежным агентам Міжнародную філятэлістычную арганізацыю проста таму, што яна міжнародная.

РС: А што зьмянілася ў структуры, у працы Праваабарончага цэнтру «Мэмарыял» пасьля таго, як яго прызналі замежным агентам?"

Чаркасаў: Наша жыцьцё і праца зьмянілася ў тым сэнсе, што мы больш часу і сілаў трацім на абсалютную лухту. Напрыклад, на тое, каб чатыры разы ў год даваць справаздачу перад міністэрствам юстыцыі ва ўсіх падрабязнасьцях. Штогод падвяргаемся плянавым праверкам, для чаго таксама трэба здаваць масу дакумэнтаў. А яшчэ ў мінулым годзе нам выпісалі 600 тысяч рублёў штрафу за тое, што мы не маркіравалі лэйблам «замежны агент» некаторыя публікацыі. Сьмешна было тое, што нам выпісалі штраф за чужыя публікацыі. Але ўсё роўна мы гэта заплацілі. Цяпер па даносе на нас падрыхтавана яшчэ адно справа з пэрспэктывай штрафу.

РС: А чаго яны дамагаюцца ў выніку?

Чаркасаў: Яны хочуць узяць нас зморам. Але мы трымаемся і жывем у гэтых умовах ужо чатыры гады. А ў «агентах» ужо два гады. Мы ня ставім лэйбл «замежны агент» на свае публікацыі, і яны нас могуць, у прынцыпе, за гэта зачыніць. Увогуле, жыць стала горш і не весялей. Што самае сур’ёзнае, некаторыя дзяржаўныя структуры адмаўляюцца працаваць з арганізацыяй, названай «замежным агентам». У прыватнасьці, на апошні сэмінар Сьвятланы Ганушкінай «Міграцыя і права», куды зьязджаюцца юрысты з паўсотні расейскіх рэгіёнаў, на які 40 раз ужо прыходзілі прадстаўнікі міграцыйных службаў, вось на 41-ы раз яны не прыйшлі. Таму што мы — «агенты». А калі займаесься міграцыяй, трэба ўвесь час ўзаемадзейнічаць з уладамі. Ну, і гэтак далей. То бок, гэта страшна замінае працы.

«Мэмарыял» — няўрадавая арганізацыя, створаная ў канцы 80-ых гадоў з удзелам былых савецкіх дысыдэнтаў, асноўнай мэтай якой першапачаткова было дасьледаваньне палітычных рэпрэсіяў у СССР. Летам гэтага года «Мэмарыял» даў справаздачу аб стварэньні самай вялікай базы дадзеных пра чэкістаў, якія ўдзельнічалі ў рэпрэсіях 1930-х гадоў.

Згодна з законам Расейскай Фэдэрацыі, які ўступіў у сілу 21 лістапада 2012 года, недзяржаўныя арганізацыі, якія фінансуюцца з-за мяжы, палітычныя некамэрцыйныя арганізацыі Расіі абавязаны рэгістравацца ў якасьці «замежных агентаў». У чэрвені 2015 года ўступіў у сілу закон, які дазваляе прысвойваць замежным і міжнародным няўрадавым арганізацыям статус непажаданых у Расеі і забараняць ім працу ў краіне, калі яны «ўяўляюць пагрозу асновам канстытуцыйнага ладу, абароназдольнасьці і бясьпецы дзяржавы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG