Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна закасала рукавы: 1200 ленінскіх статуй і бюстаў пакінулі п’едэсталы.

Выправіліся на звалку гісторыі. Трэба сваім помнікі, вырашылі суседзі. Такія ўкраінскія навіны.

Цікава, што гарадзенскія пісьменьнікі знайшлі нечакана райцэнтар бязь Леніна на Гарадзеншчыне. Заехалі на сустрэчу з чытачамі ў Дзятлава. Былі ўражаныя вялікім бюстам «ворагу народу» Ігнату Дварчаніну, што стаіць на высокім пастамэнце, а Леніна не знайшлі й вырашылі, што яго няма.

Бюст Ігната Дварчаніна ў Дзятлаве

Бюст Ігната Дварчаніна ў Дзятлаве

Плошча 17 верасьня ў Дзятлаве

Плошча 17 верасьня ў Дзятлаве

Сапраўды цэнтральную плошчу — імя 17 верасьня – займае шэраг старых камяніц, аздобленых месцамі крыху празьмерна. І стары касьцёл, перад якім былі постэры, абвесткі на беларускай мове. Зазірнулі ўсярэдзіну: і там мова гучыць.

Дварчанін стаіць на другім баку вуліцы, але на адкрытым месцы, бачны здалёк. Што праўда, праз вуліцу ў кіёску – кніжкі «Цари-полководцы» і «Полководцы Ивана Грозного», што крыху псуе патрыятычныя ўражаньні. Ну, але хоць Ленін ня трапіўся на вочы.

Кніжкі пра царскіх палкаводцаў у дзятлаўскім шапіку

Кніжкі пра царскіх палкаводцаў у дзятлаўскім шапіку

Дзятлава, аднак, ня стала «антыленінскім» месцам. У выканкаме патлумачылі, што бюст у наяўнасьці, толькі крыху ў баку, прыежджыя камуністы заўсёды знаходзяць, прынамсі можна спытаць у мясцовых.

Пісьменьнік з суседняга Слоніма Сяргей Чыгрын, які напісаў краязнаўчую кнігу пра Дзятлава і нібы ведае пра горад усё, Леніна таксама ня бачыў. Прызнаўся па тэлефоне: колькі разоў наведваўся, апошні раз зусім днямі, але правадыра не спатыкаў.

Дзятлава, тым ня менш, ніколі сапраўды не малілася перад ленінскай статуяй. Існаваў там калісьці бюст на вуліцы Першамайскай у сквэры, а ня помнік на плошчы. Цэмэнтны выраб з канвэеру. Пад уплывам атмасфэрных зьяваў бюсьцік стаў выглядаць вельмі сярмяжна, неадпаведна сучаснаму жыцьцю са сьнікерсам, джыпамі і півам тубарг. Небарака зьнік, але начальства замовіла сапраўднаму скульптару новы, каб быў твор мастацтва, хоць і, можна сказаць, посткамуністычнага, малаленінскага часу. Неартадаксальнага.

Адным словам, у Дзятлаве адбылася паўторная soft ленінізацыя. Прычым райцэнтар апынуўся ў малалікім, але наяўным шэрагу сабе падобных. Я закранаю тут толькі Гарадзеншчыну. Першы прыклад прадставіла Сьвіслач. Быў рамонт плошчы, і Леніна, уласна кажучы, пераставілі. У сквэр. Дзе ён выглядае звыродліва, як і выглядаў пры савецкай уладзе.

Ленін у Сьвіслачы

Ленін у Сьвіслачы

Ззаду, як вядома, для падмацаваньня паставілі бюст Сталіна. Як сказаў некалі паэт: мы гаворым Сталін, маем на ўвазе Ленін. У Сьвіслачы наадварот: мы гаворым Ленін, маем на ўвазе Сталін.

Сталін у Сьвіслачы

Сталін у Сьвіслачы

Наступным быў Наваградак, дзе Ленін сьвіслацкага ўзору развальваўся ў цэнтры старажытнай плошчы, чым засмучаў начальства. Што зробіш, цэмэнт будаўнікі напэўна скралі, падмяшаўшы пяску. Выручыў аблвыканкам, Наваградку падаравалі з падвала вялікі ленінскі голаў, які раней стаяў за прэзыдыюмам на сэсіях аблсавету.

Трэцяй стала Ліда. Пачалося таксама з рамонту плошчы. Леніна зьнялі. За гэта паплаціўся пасадай гарадзкі архітэктар. Усё было б нармальна, але, як звычайна, заварушыліся пэнсіянэры, якім да ўсяго ёсьць дзела. Тады старым ленінцам паабяцалі, што Ільліча паставяць збоку плошчы, у елачках. Але «сказана-зроблена» так латва не атрымалася. Калі ўзяліся за статую, яна пачала рассыпацца ў руках. Твор, які ня меў аўтара, ня вытрымаў выпрабаваньня часу і атмасфэрных ападкаў. Цаною гераічных намаганьняў статую змацавалі. А як прыгожа было б, каб Ліда засталася горадам толькі помніка Скарыны, у сквэры каля касьцёлу.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG