Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нянавісьць да цела, альбо навошта галіць паголеныя ногі


Наста Захарэвіч

Наста Захарэвіч

Мала што ў сьвеце рэклямы можа змагацца па ступені абсурднасьці з рэклямай жаночых станкоў для галеньня, дзе жанчыны голяць ужо паголеныя ногі. Валасы на жаночым целе — тэма строга рэглямэнтаваная, і адступаць ад выпрацаваных канонаў катэгарычна нельга. Сучасная масавая культура настойліва робіць выгляд, што гэтыя самыя валасы ў норме існуюць толькі на галаве. У жорсткай вайне паміж здаровым сэнсам і мітам пра прыгажосьць перамагае міт.

Валасы на жаночым целе кардынальна адрозьніваюцца ад тых, што растуць на целе мужчын. Яны кепска выглядаюць і кепска пахнуць. Цікава, але такую асаблівасьць маюць толькі тыя валасы, што растуць па-за дазволенай зонай. Каса да поясу ня пахне ніяк, лічыцца знакам «сапраўднай жаноцкасьці» і дэманструе, што яе ўладарніца — руплівая і цярплівая жанчына (за доўгімі валасамі досыць цяжка даглядаць). Іншая справа непаголены лабок ці, даруй Божа, ногі!

Калі жанчына ня голіць ногі, гэтаму ёсьць толькі два тлумачэньні — альбо яна ненавідзіць сябе, альбо яна ненавідзіць мужчын.

Калі жанчына ня голіць ногі, гэтаму ёсьць толькі два тлумачэньні — альбо яна ненавідзіць сябе, альбо яна ненавідзіць мужчын. Другі варыянт верагоднейшы, бо ўсё, што жанчына робіць са сваім целам, яна робіць для мужчын. Збольшага незнаёмых. Так што калі па вуліцы ідзе жанчына зь непаголенымі нагамі, яна адназначна робіць выклік грамадзтву. Яна прагне камэнтароў ад усіх навакольных і ня можа дачакацца, пакуль чарговы мінак, для якога «ранішні душ» — гэта ці то страшнае заклінаньне, ці то непрыстойная лаянка, гучна паведаміць, што яна не прываблівае яго як жанчына. А так хацелася!

І калі на асобна ўзятых мінакоў можна не зьвяртаць увагі альбо адказваць ім у любой жаданай манеры, то змагацца з усёй сучаснай масавай культурай, для якой ідэальнае жаночае цела павінна функцыянаваць насуперак прыродзе і анатамічным нормам, значна цяжэй.

Шнараў, расьцяжак, асымэтрычнасьцяў, складак, сівых валасоў не існуе ў прынцыпе.

Шнараў, расьцяжак, асымэтрычнасьцяў, складак, сівых валасоў не існуе ў прынцыпе. Тыпы фігуры, акрамя «пясочных гадзіньнікаў», калі не забароненыя, то выцесьненыя ў сьвет фэтышызму. Мадэлі, чыя вага адпавядае агульнапрынятым мэдычным нормам (індэкс масы цела), завуцца «плюс-сайз», і мільёны ананімных і ня вельмі камэнтатарак і камэнтатараў па ўсім сьвеце штодня абмяркоўваць, ці можна жанчынам любіць сваё цела.

Звычайна, дарэчы, прыходзяць да высновы, што нельга. Сваё цела можна толькі правяраць на адпаведнасьць ідэальнаму прыкладу і ў залежнасьці ад ступені адпаведнасьці караць мацней альбо слабей. Дадатковых цяжкасьцяў надае той факт, што агульнапрынятага ідэалу не існуе, і найлепш за ўсё стаўленьне «шырокай грамадзкасьці» да жаночага цела можна ахарактарызаваць як масавую шызафрэнію. Але найбольшай праблемай зьяўляецца, бадай, упэўненасьць грамадзкасьці ў тым, што ёй усе штосьці павінны.

Трэба «працаваць на сабой», не спыняючыся ні на сэкунду.

«Худыя» павінны больш есьці, «поўныя» павінны менш есьці, «нізкія» павінны насіць абутак на абцасах, «высокія» павінны насіць абутак без абцасаў, жанчыны з «надта кароткімі» валасамі павінны іх адрошчваць, жанчыны з «занадта доўгімі» — падразаць. Трэба «працаваць на сабой», не спыняючыся ні на сэкунду, і рэгулярна паведамляць пра вынікі працы і адначасова выбачацца перад усімі навокал, што працэс ідзе неяк надта павольна.

Праца над сабой, як і дагляданьне сябе, — сьвяты жаночы абавязак перад грамадзтвам. У доме кожнай жанчыны павінен быць касмэтычны алтар, 90% якога павінны складаць касмэтычныя сродкі, якія не маюць нічога агульнага з асабістай гігіенай. Скраб для рук і скраб для твару, крэм для ног, крэм для рук (асобны крэм для кутыкулаў), крэм для твару начны, крэм для твару дзённы, крэм для веек, крэм для «праблемных зон», антыцэлюлітны крэм, крэм для цела, крэм для зоны дэкальтэ, маскі для твару, тонік для ўмываньня, аснова пад макіяж, танальны крэм, пудра, туш, цені, падводка, кансілер, аловак для вуснаў, памада, бляск для вуснаў, румяны, спрэй-фіксатар макіяжу, мус, пенка і ляк для валасоў, 50 адценьняў чырвонага ляку для пазногцяў і безьліч, безьліч іншых сродкаў, якія павінны дапрацаваць і палепшыць такое недасканалае жаночае цела.

Дасканалыя жанчыны ў бясконцых рэклямных роліках і мастацкіх фільмах прачынаюцца з поўным макіяжам, мыюць і без таго чыстыя валасы, вышчыпваюць ужо вышчыпаныя бровы і голяць ужо паголеныя ногі.

Дасканалыя жанчыны ў бясконцых рэклямных роліках і мастацкіх фільмах прачынаюцца з поўным макіяжам, мыюць і без таго чыстыя валасы, вышчыпваюць ужо вышчыпаныя бровы і голяць ужо паголеныя ногі. У іх ніколі не мнецца піжама і на шчоках не застаецца сьлядоў ад складак на падушцы. А яшчэ яны не існуюць у рэальным жыцьці. Іх вобраз складаецца зь дзясяткаў дубляў, і ствараецца цэлай групай разнастайных прафэсіяналак і прафэсіяналаў у падмане.
Можна бясконца доўга спрачацца аб ідэалах зьнешнасьці, але варта ўжо нарэшце разбурыць гэты велізарны міт пра прыгажосьць. І няма розьніцы, адкуль на назе зьявіўся шнар — гэта ўкус жывёліны, пасьляапэрацыйны рубец альбо наступства галеньня. Кожны сьлед на целе — гэта частка біяграфіі. А сапраўдны выклік грамадзтву — гэта безумоўная любоў да сябе. Проста таму, што я ёсьць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG