Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Атаве адбылася XXXII Сустрэча беларусаў Паўночнай Амэрыкі


Беларусы ЗША і Канады вось ужо шостае дзесяцігодзьдзе штодвагады зьбіраюцца на сустрэчы ў месцах, дзе маюцца найбольш вялікія асяродкі дыяспары.

Сёлета гасьцей прымала сталіца Канады Атава. Паводле традыцыі, кожная сустрэча мае галоўную тэму дыскусіі; сёлета яна гучала наступным чынам: «Дыяспара: нацыянальная сьвядомасьць і разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці і культуры».

Перад удзельнікамі выступілі старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, якая павіншавала з 25-годзьдзем аднаўленьня Незалежнасьці Беларусі, якое беларусы адзначылі 25 жніўня.

«Спадзяюся, што гэтая сустрэча запачаткуе новую эру ў жыцьці дыяспары, бор мы маем ўнікальную магчымасьць прыцягнуць увагу сьвету да ўкладу беларускага народу ў культурную скарбніцу чалавецтва, — сказала спадарыня Сурвіла. — Гэта тым больш важна, што на Бацькаўшчыне беларуская культура ня толькі не зьяўляецца прыярытэтам дзяржавы, але і маргіналізуецца на карысьць расейскай».

Таксама на сустрэчы выступіў старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк.

Прафэсар Паўліна Сурвіла зрабіла даклад пра праблемы захаваньня гістарычнай памяці і фармаваньня нацыянальнай ідэнтычнасьці, а доктар Галіна Туміловіч казала пра спадчыну Беларусі ад ВКЛ да сусьветнай глябалізацыі

Канадыйскі палітык, былы дэпутат парлямэнту і дыплямат Дэвід Кілгор выказаў перакананьне, што Канада і ЗША павінны спрыяць незалежнасьці Беларусі, прыгадаў абавязкі паводле Будапэшцкага пагадненьня.

Свае прывітаньні ўдзельнікам сустрэчы даслалі прэм’ер правінцыі Антарыё Катлін Уінн і міністар фэдэральнага ўраду Канады Мэлані Джолі.

«Дыскусіі ў часе Сустрэчы закранулі і надзённы клопат арнанізацый, і шматлікія зьмены і тэндэнцыі разьвіцьця сёньняшняга сьвету, што маюць ўплыў на жыцьцё і дзейнасьць беларускіх асяродкаў, — паведаміў Радыё Свабода старшыня Згуртаваньня беларусаў Канады Дзьмітры Эльяшэвіч. — Прынятая рэзалюцыя адзначыла незаменную ролю роднай мовы ў захаваньні ды разьвіцьці нацыянальнай самасьвядомасьці і культуры нашых суродзічаў, што жывуць за мяжой. Рэзалюцыя прапанавала шэраг канкрэтных мераў для ўмацаваньня і разьвіцьця беларускіх асяродкаў, што дзеюць у Паўночнай Амэрыцы».

Удзельнікі сустрэчы цёпла віталі госьця зь Беларусі — барда Віктара Шалкевіча.

XS
SM
MD
LG