Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кандыдатка Ірына Яскевіч атрымала папярэджаньне за пікет з удзелам Анатоля Лябедзькі


Ірына Яскевіч

Ірына Яскевіч

Папярэджаньне вынесла камісія Кастрычніцкай выбарчай акругі № 20 на падставе матэрыялаў праверкі, праведзенай Кастрычніцкім райаддзелам міліцыі Віцебску.

Сярод матэрыялаў, якія даслалі з Кастрычніцкага РАУС у акруговую выбарчую камісію, — раздрукоўкі з сайта АГП, дзе так і напісана: 3 верасьня ў Віцебску праводзіўся пікет для падтрымкі Ірыны Яскевіч. Гэтая фармулёўка і стала «зачэпкай» для міліцыянтаў ды падставай, каб папярэдзіць кандыдатку за парушэньне выбарчага заканадаўства.

Ірына Яскевіч вінаватай сябе ня лічыць:

«Я ведаю, што пікеты, сходы і сустрэчы з выбаршчыкамі павінны праходзіць у месцах, вызначаных раённымі адміністрацыямі. І што пляцоўка каля крамы «Эўраопт» на Маскоўскім праспэкце ў гэты пералік не ўваходзіць. Але ж мы не праводзілі вулічную акцыю, проста распаўсюджвалі ўлёткі. Верагодна, увагу міліцыянтаў прыцягнуў прыезд у Віцебск партыйнага лідэра Анатоля Лябедзькі, і таму мы аказаліся «ўдзельнікамі несанкцыянаванай акцыі».

Рапарт пра «несанкцыянаваную акцыю» на імя начальніка міліцыі Кастрычніцкага раёну Сяргея Стэльмаха падаў супрацоўнік аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі Кастрычніцкага РАУС Сяргей Вяракса. Ён жа вядзе адміністрацыйныя справы супраць трох іншых віцебскіх кандыдатаў — Алены Шабуні, Тацяны Севярынец і Георгія Станкевіча, якіх таксама вінавацяць у несанкцыянаваным пікетаваньні — за сьпевы падчас пікету па зборы подпісаў.

За сьпяваньне гімну «Магутны Божа» міліцыя завяла адміністрацыйныя справы, але акруговых камісіяў не турбавала. Верагодна, у чаканьні суду, які павінен вырашыць, ці парушылі заканадаўства віцебскія актывісты. Што да Ірыны Яскевіч, то яе парушальніцай адміністрацыйнага заканадаўства міліцыянты ня лічаць, затое выбарчая камісія ўжо пакарала кандыдатку. Нельга выключаць, што супраць яе і сябраў ініцыятыўнай групы, якія таксама раздавалі ўлёткі, неўзабаве распачнуць і адміністрацыйную справу: у міліцыянтаў ёсьць відэазапіс падзеяў 3 верасьня, а таксама матэрыялы, зьнятыя відэакамэрамі крамы «Эўраопт».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG