Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ва Ўкраіне падазраюць у карупцыі дэпутата і журналіста, барацьбіта з карупцыяй


Сяргей Лешчанка

Сяргей Лешчанка

Былы журналіст «Дарожнага кантролю» Андрэй Дзындзя заклікае Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро Ўкраіны расьсьледаваць факт набыцьця народным дэпутатам Украіны Сяргеем Лешчанкам кватэры ў цэнтры Кіева за 7,5 млн грыўняў (прыкладна 300 тысяч даляраў).

Паводле абнародаваных дакумэнтаў зь Дзяржаўнага рэестра рэчавых правоў на маёмасьць, Сяргей Лешчанка 31 жніўня, за дзень да ўвядзеньня электроннага дэкляраваньня даходаў чыноўнікаў, набыў кватэру агульнай плошчай 192 квадратныя мэтры на вуліцы Івана Франка. Пры гэтым, згодна з дэклярацыяй аб маёмасьці, даходах, расходах і абавязаньнях фінансавага характару, у 2015 годзе народны дэпутат, былы журналіст-расьсьледавальнік інтэрнэт-выданьня «Ўкраінская праўда» атрымаў крыху больш як 200 тысяч грыўняў даходу.

Пазьней адвакат Аляксей Шаўчук (які ў свой час абараняў інтарэсы лідэра партыі «УКРОП» Генадзя Корбана ў справе па падазрэньні ў выкраданьні людзей) абнародаваў копію дамовы куплі-продажу, згодна зь якой грошы за кватэру пералічваліся з рахунку ў банку «Сбербанк России», у той час як украінскія актывісты ад пачатку агрэсіі Расеі ва Ўкраіну заклікаюць да байкатаваньня расейскага бізнэсу ў краіне.

Што праўда, гэты факт Сяргей Лешчанка адмаўляе. «Грошы за кватэру не выплачваліся праз „Сбербанк“. Ёсьць дадатковае пагадненьне, дзе фігуруе іншы банк. Адзіны плацёж у „Сбербанку“ быў зроблены на рахунак Пэнсійнага фонду Ўкраіны ў Дзяржаўным казначэйстве. Гэта плацёж пры набыцьці нерухомасьці, які трэба было рабіць досыць апэратыўна — да заканчэньня банкаўскага дня. Камісія за гэтую апэрацыю склала 10 грыўняў», — сказаў дэпутат.

Сяргей Лешчанка дадаў, што ў 2013–2014 гадах задэкляраваў больш як 100 тысяч даляраў даходу, таму пры набыцьці кватэры выкарыстаў свае ашчаджэньні і сродкі як былога суўладальніка «Ўкраінскай праўды». Яшчэ палову сумы яму пазычыла на 10 гадоў заснавальніца гэтага Інтэрнэт-выданьня Алена Прытула.

«Астатняе — грошы маёй каханай Анастасіі Тапольскай, якая будзе паказаная ў маёй дэклярацыі па выніках 2016 году. Заробкі Насьці дазваляюць упэўнена казаць аб пагашэньні пазыкі. Насьця ўваходзіць у сьпіс самых высокааплатных дыджэяў ва Ўсходняй Эўропе, выступае 200 разоў у год на чатырох кантынэнтах», — сказаў ён.

Тлумачэньні Сяргея Лешчанкі выклікалі зьдзіўленьне ў Міраславы Гангадзэ — жонкі заснавальніка «Ўкраінскай праўды» Георгія Гангадзэ, забітага ў 2000 годзе.

«Прабач, Сяргей, ты ведаеш, я рада за цябе, але хачу ўсё ж такі адзначыць, што дзеці Георгія Гангадзэ не атрымалі нават адной грыўні ад заснаванага іхнім бацькам праекту. Можа як суўладальнік зробіш пратэкцыю мне перад Аленай, можа хоць на плату за навучаньне мне пазычыць на «10 гадоў», — напісала Міраслава Гангадзэ ў Facebook.

Сяргей Лешчанка перакананы, што ўсе нападкі з нагоды набыцьця ім кватэры — «плата» за ягоную антыкарупцыйную дзейнасьць. Такое меркаваньне падтрымлівае і дэпутат Віктар Чумак:

«Калі я пісаў, што ўвосень будзе масіраваны наступ на новыя антыкарупцыйныя інстытуты з мэтай іх дыскрэдытацыі, я памыляўся. Ён будзе ня толькі ў адносінах да інстытутаў і новых антыкарупцыйных правілаў, а і датычна людзей, якія ўвасабляюць барацьбу з карупцыяй».

Сяргей Лещанка да абраньня народным дэпутатам ад Блёку Пятра Парашэнкі працаваў намесьнікам галоўнага рэдактара інтэрнэт-выдання «Ўкраінская праўда». Асноўнай тэмай яго публікацыяў была карупцыя на вышэйшым дзяржаўным узроўні і сувязь палітыкі з алігархамі. У 2013 годзе ён выдаў кнігу «Амэрыканская сага Паўла Лазарэнкі», а ў 2014 — «Межыгорскі сындром». У той жа час яго самога неаднойчы падазравалі ў сувязях з расейскім алігархам Канстанцінам Грыгарышыным — на пачатку 2000-х гадоў ён фінансаваў Камуністычную партыю Ўкраіны, а ў 2005 годзе разам зь цяперашнім прэзыдэнтам Пятром Парашэнкам спрабаваў выкупіць кантрольны пакет акцыяў тэлеканалу «Інтэр» у першага яго ўладальніка Ігара Плужнікава, які нечакана памёр у чэрвені 2005 году.

Дэпутат фракцыі «Народны фронт» Антон Герашчанка мяркуе, што пасьля інцыдэнту з набыцьцём кватэры Сяргей Лешчанка павінен быў бы скласьці дэпутацкі мандат.

«У 2012 годзе прэзыдэнт Нямеччыны Крысціян Вульф сышоў у адстаўку пасьля таго, як высьветлілася, што ён узяў у жонкі вядомага бізнэсмэна крэдыт 500 тысяч эўра на набыцьцё жыльля. Адсотак, пад які ўзяў прыватную пазыку прэзыдэнт Нямеччыны, склаў 4% гадавых, замест прынятых на той момант на рынку 5%», — нагадаў ён.

Антон Герашчанка таксама заклікаў Сяргея Лешчанку абнародаваць дагавор пазыкі з Аленай Прытулай, на падставе якога яна пазычыла экс-калегу грошы.

«Пад які адсотак узятая пазыка ў Алёны Прытулы, якая, паводле слоў Сяргея Лешчанкі, складае палову ад вартасьці кватэры, і ці зьяўляецца гэты адсотак рынкавым? Якую суму народны дэпутат Лешчанка мае штомесяц выплачваць Алене адпаведна з гэтай дамовай і ці хопіць для гэтага яго дэпутацкага заробку? Або за крэдыт будзе расплачвацца яго жонка? Ці складзе Сяргей Лешчанка дэпутацкі мандат і сыдзе з палітыкі, як гэта зрабіў прэзыдэнт Нямеччыны, калі сказаў няпраўду пра крыніцы набыцьця сваёй новай кватэры?», — пытаецца дэпутат Народнага фронту.

У сваю чаргу, дэпутат фракцыі «Бацькаўшчына» Паўло Пынзенык перакананы, што Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро Ўкраіны павінна правесьці расьсьледаваньне акалічнасьцяў набыцьця кватэры Сяргеем Лешчанкам.

«Непатрэбна ніякіх адмысловых зваротаў. Антыкарупцыйнае бюро павінна аўтаматычна пасьля абнародаваньня такой інфармацыі правесьці праверку. Калі гэтага ня будзе зроблена, то мы будзем зьвяртацца да праваахоўных органаў», — сказаў ён.

«Ёсьць сьвядомы ці несьвядомы факт прадстаўленьня непраўдзівай інфармацыі адносна крыніц паходжаньня грошай. Бо ў дамове дэпутат напісаў, што крыніца сродкаў для набыцьця маёмасьці — яго асабістыя грошы. Пры гэтым у сацыяльных сетках ён паведамляе, што крыніц было некалькі — асабістыя, частка — ягонай каханай, і палова — іншай публічнай асобы, уласьніцы „Ўкраінскай праўды“.

Першае пытаньне, якое ўзьнікае, — неабходнасьць высьветліць прыроду паходжаньня гэтых сродкаў. Другое пытаньне — ці па рынкавым кошце была набытая гэтая кватэра і ці няма тут заніжанай базы падаткабкладаньня, калі рынкавая вартасьць адна, і яе заніжаюць, каб плаціць меншыя падаткі», — падкрэсьліў Паўло Пынзенык.

Кватэру Сяргей Лешчанка купіў у доме на адной з самых ціхіх і статутных вуліц гістарычнай часткі Кіева, у навакольлі — гістарычная забудова XIX–XX стагодзьдзяў. У доме ўсяго 12 кватэр. На сайтах элітнай нерухомасьці гэтыя кватэры прадаваліся ад 2 да 2,5 тысяч даляраў за квадратны мэтар, але цяпер у інтэрнэце ёсьць аб’явы пра продаж гэтых кватэр па 1,6 тысячы даляраў за мэтар. Забудоўшчык дому — фірма «Граніт». Гэтая будаўнічая кампанія належыць Віктару Выдрэнку, які ўваходзіць у «ТОП-100» найбагацейшых украінцаў паводле вэрсіі «Форбс». Грамадзянін Украіны, ураджэнец расейскага Омску Віктар Выдрэнка двойчы балятаваўся ў дэпутаты і двойчы пацярпеў няўдачу. У 2011 годзе ён быў прызначаны віцэ-прэзыдэнтам «Асацыяцыі будаўнікоў Расеі» і дагэтуль займае гэтую пасаду.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG