Паводле пагадненьня з Цэнтральным тэлеграфным агенцтвам КНДР, AFP мае магчымасьць накіроўваць у Паўночную Карэю журналістаў, фотакарэспандэнтаў і відэаапэратараў. Таксама ў бюро будуць працаваць паўночнакарэйскія фатограф і апэратар, якія прайшлі навучаньне ў AFP.
У рэйтынгу свабоды прэсы «Рэпартэры бязь межаў» Паўночная Карэя займае перадапошняе, 179-е месца (за ёй толькі Эрытрэя, а Беларусь мае 157-е месца), і ад самага стварэньня рэйтынгу 15 год таму знаходзіцца «ў хвасьце».
«Урад рэдка выдае прэс-візы замежным СМІ, акрамя выпадкаў наведваньняў замежных афіцыйных асобаў і культурна-масавых мерапрыемстваў, — пішуць „Рэпартэры бязь межаў“ пра Паўночную Карэю. — Чыноўнікі ўважліва сочаць за наведваньнямі замежных рэпартэраў і не даюць ім размаўляць з грамадзянамі, якія жывуць у страху быць адпраўленымі ў канцэнтрацыйны лягер за праслухоўваньне замежнага радыё».
Дагэтуль толькі адно міжнароднае інфармагенцтва, Associated Press, мела сталае прадстаўніцтва ў КНДР.